Вытворчасць малака — па сучасных тэхналогіях

Адбылося ўрачыстае адкрыццё новага малочнатаварнага комплексу “Райца” ў СВК “Свіцязянка-2003”.
На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, будаўнікі, духавенства.
Гледзячы на светлыя і прасторныя гмахі, якія ўражвалі да глыбіні душы, сэрца перапаўняла радасць, што пабудаваны прыгожы сучасны комплекс, пра які дзесяць-дваццаць гадоў таму вяскоўцы маглі толькі марыць.

Адкрываючы ўрачыстасць, старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак выказаў задаволенасць будаўніцтвам новых аб’ектаў у раёне.
Па словах кіраўніка раённай “вертыкалі”, адкрыццё МТК “Райца” ў СВК “Свіцязянка-2003” — вялікая падзея. Пабудавалі яго ў сціслыя тэрміны: пачалі работы ў канцы 2010 года, а вясной гэтага года на комплексе ўжо камплектавалі жывёлу — у гэтай гаспадарцы было з чаго выбіраць. У гэтым плане прамоўца адзначыў мэтанакіраваную працу кіраўніка, спецыялістаў і работнікаў ферм СВК, якія дабіваюцца добрых вынікаў.
Віктар Леанідавіч звярнуў  увагу на задачы, якія ставіць Прэзідэнт краіны  А. Р. Лукашэнка, і нагадаў пра тое, што даярка  на ферме сёння павінна абслугоўваць 250-300 кароў, і гэту задачу на Карэліччыне будуць старацца выконваць.
Напрыканцы прамовы В. Л. Шайбак выказаў словы ўдзячнасці намесніку старшыні райвыканкама А. А. Былічу, галоўнаму інжынеру “Гроднааблсельбуду” П. П. Гроссу, старшыні СВК “Свіцязянка-2003” У. А. Галавачу.
(Працяг на 2-й стар.).
Слова трымаў галоўны інжынер “Гроднааблсельбуду” П. П. Гросс. Ён пажадаў, каб калектыву малочнатаварнага комплексу спадарожнічаў поспех, і ўручыў сімвалічны ключ старшыні  мясцовай гаспадаркі У. А. Галавачу.
У. А. Галавач падзякаваў будаўнікам і запэўніў прысутных, што працаўнікі сельгаскааператыву будуць трымаць новабудоўлю ў добрым стане, і перадаў ключ упраўляючаму комплексу М. К. Шастаку.
Адзін з самых хвалюючых і ўрачыстых момантаў цырымоніі — пераразанне чырвонай стужкі старшынёй райвыканкама В. Л. Шайбаком, галоўным інжынерам “Гроднааблсельбуду” П. П. Гроссам, старшынёй СВК “Свіцязянка-2003” У. А. Галавачом. У добры шлях, МТК “Райца”!
Настаяцель прыхода царквы Праабражэння Гасподня вёскі Райца, протаіерэй Уладзімір Вайтовіч адслужыў малебен на пачатак работы комплексу і асвяціў усе вытворчыя памяшканні.
У час сустрэчы галоўны заатэхнік гаспадаркі В. К. Саўко адзначыў, што новы малочнатаварны комплекс мае пяць вытворчых памяшканняў і адзін малочны блок з даільнай залай. За апошнія дваццаць гадоў гэта першая новабудоўля, на якой можна выявіць генетычны патэнцыял жывёлы ў поўнай меры. Жывёла размяшчаецца ў залежнасці ад фізіялагічнага стану і ўзроставых груп, што дазваляе правільна арганізаваць яе кармленне і ўтрыманне.
Няхай поспех спрыяе калектыву малочнатаварнага комплексу, напоўніць кожны працоўны дзень новымі здабыткамі, і ўсё ладзіцца ў яго работнікаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.