Дзень ведаў — светлае свята

“Добры дзень, школа!” — пад такой назвай адбылася ўрачыстая лінейка ў СШ №2
г. п. Карэлічы. Яна была сапраўдным святам, на якое сабраліся вучні, настаўнікі,
бацькі, госці.

ВЫХОЎВАЦЬ
ПАТРЫЁТАЎ
У сваёй прамове старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак, засяродзіўшы ўвагу на ролі настаўніка, адзначыў творчы стыль работы калектыву школы № 2             г. п. Карэлічы. З нагоды праведзенага ў школе рамонту выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву, бацькам, дзецям, а таксама спадзяванне, што ў школе будзе зроблена пляцоўка для заняткаў спортам. Віктар Леанідавіч пажадаў вучням расці здаровымі, разумнымі, прыгожымі і авалодваць ведамі, а настаўнікам — творчых поспехаў.
Прамоўца падкрэсліў вялікую ролю бацькоў у выхаванні дзяцей. “Калі школа накіроўвае і вучыць, то бацькі фарміруюць асобу, а пачуццё патрыятызму з’яўляецца асноўным накірункам у выхаванні”, — зазначыў ён.
В. Л. Шайбак пажадаў вучням, каб Дзень ведаў запомніўся надоўга, каб яны  бераглі школьную дружбу і атрымалі добрую пуцёўку ў жыццё.
ШКОЛА
ПАПРЫГАЖЭЛА
Дырэктар СШ №2 г. п. Карэлічы В. А. Браніцкі адрасоўваў словы віншаванняў вучням, настаўнікам, бацькам. Разам з тым адзначыў, што школа гатова да новага навучальнага года.
— Мы сустракаем вас у чыстых і ўтульных класах, — гаварыў Вікенцій Арсеньевіч. — У гэтым годзе нашымі сумеснымі намаганнямі праведзены рамонт па замене аконных блокаў. Дзякую бацькам за дапамогу і падтрымку.
Таксама хочацца выказаць словы ўдзячнасці за аказаную шэфскую і спонсарскую дапамогу прыватным і дзяржаўным арганізацыям: ПВУП “Ралітэкс”,  ДРБУ-158, ТАА “Аватарабуд”, ВГПУП “Літаўр”,  Слонімскай БПМК-64. Асаблівая падзяка ўсяго калектыву — раённай выканаўчай уладзе.
Хочацца запэўніць, што сотні мільёнаў рублёў, якія ўкладзены ў рамонт скатнага даху, устаноўку шклопакетаў,  санвузлоў, на набыццё мэблі і абсталявання — гэта інвенстыцыі ў наша будучае.
ПЕРШЫ РАЗ
У ПЕРШЫ КЛАС
У гэтым  навучальным годзе парог школы пераступілі 28 першакласнікаў. У Дзень ведаў яны былі самымі жаданымі і самымі прыгожымі. Яно вядома: першы раз у першы клас.
Першакласнікам было дадзена слова. З замілаваннем слухалі іх выступленні прысутныя. А першая настаўніца Г. М. Яўсейчык выказала спадзяванне, што яны хутка стануць упэўненымі і смелымі, і пажадала, каб гэты навучальны год прынёс ім радасць ад пазнанняў.
Трэба было бачыць, як радаваліся іх бацькі! Быць сумленнымі і стараннымі пажадала ў сваім наказе В. П. Пахольчык.
Права даць першы званок і адкрыць новы навучальны год было прадастаўлена першакласніцы Мілане Салівончык і вучню 11 класа Дзмітрыю Агурцову.
ПАДАРУНКІ
ДА СВЯТА
Старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак прыйшоў на ўрачыстую лінейку не з пустымі рукамі — падарыў школе газонакасілку.
Віктар Леанідавіч і дырэктар школы В. А. Браніцкі ўручылі першакласнікам падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі  кнігу “Беларусь — наша Радзіма”.
Адзінаццацікласнікі падарылі кнігі і шары.
І, вядома, самым цудоўным падарункам на ўрачыстай лінейцы былі кветкі. Вялікія і прыгожыя букеты вучні прынеслі сваім настаўнікам з нагоды Дня ведаў і ў знак павагі і ўдзячнасці. Ад іх свята здававалася яшчэ больш урачыстым і светлым.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.