Галасавалі за дастойнае жыццё

Пры высокай актыўнасці насельніцтва прайшлі ў раёне выбары дэпутата ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Многія грамадзяне скарысталі права прагаласаваць датэрмінова, астатнія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі ў дзень галасавання 23 верасня.

Ярэмічы

Асаблівы настрой панаваў на ўчастку для галасавання № 64, які размяшчаўся ў памяшканні цэнтральнага сельскага Дома культуры ў аграгарадку Ярэмічы. Гэта радзіма кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Андрэя Мікалаевіча Наумовіча. Тут прайшло яго дзяцінства, тут закончыў Ярэміцкую школу, тут добра ведаюць яго бацькоў, якія зрабілі людзям нямала добрага.
На ўчастку налічваецца 615 выбаршчыкаў, з якіх датэрмінова прагаласавалі 249 чалавек.

У дзень галасавання на 8 гадзін 50 хвілін аддалі свае галасы 14 чалавек.
Першымі прагаласавалі ў нядзелю вадзіцель Сяргей Васільевіч Вашэсцік і малады выбаршчык, механізатар Аляксандр Мікалаевіч Гуцуляк.
Самая старэйшая жыхарка Ярэміч Вольга Мікалаеўна Станкевіч прагаласавала датэрмінова і сказала, што аддала свой голас за дастойнага кандыдата і чалавека.
На ўчастку ўпершыню прымалі ўдзел у выбарах студэнт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Дзмітрый Барычэўскі, слесар СВК імя Царука Юрый Бялоў, практыкант Карэліцкага будаўнічага ліцэя Яўгеній Барысаў, будаўнік мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва Павел Хваль, студэнты Мікалай Кавалеўскі, Арцём Іваноў, а таксама Андрэй Зайцаў і Юлія Шастакоўская.

 

Тыя, хто не меў магчымасці прыбыць на выбарчы ўчастак асабіста, а такіх было зарэгістравана 164 чалавекі, галасавалі на даму. Для гэтага члены камісіі выязджалі па трох маршрутах: Зарэчча – Скорычы, Малая Вобрына – Баўцічы, пасёлак Першамайскі – Даўгінава.

За ходам галасавання сачылі 8 наглядальнікаў ад розных грамадскіх арганізацый.

Культурную праграму забяспечыў у дзень выбараў маладзёжны калектыў мастацкай самадзейнасці “Натхненне”.

Мір

Як толькі адкрыўся ў Мірскім ГДК участак для галасавання № 61 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, выканаць свой грамадзянскі абавязак прыйшлі кіраўнік аўташколы Віктар Анатольевіч Цобкала і індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Барысавіч Нарбутовіч. Яны былі першымі з 1623 зарэгістраваных на ўчастку выбаршчыкаў, якія галасавалі ў дзень выбараў.
Больш як 350 міран прагаласавалі датэрмінова. Сярод іх ветэран Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Іванавіч Слабуха, ветэран працы Кацярына Аляксееўна Валюшкіна.
Інваліды вайны Анатолій Міхайлавіч Гурын, Уладзімір Міхайлавіч Панкрат і многія іншыя галасавалі на даму, для чаго было арганізавана 6 маршрутаў.
Упершыню галасавалі на ўчастку навучэнцы Мірскага мастацкага каледжа і Карэліцкага ліцэя Наталля Непагода, Раман Гацура, Павел Бязмен, работніца кафэ “Мірумград” Вераніка Крэнь і многія іншыя. Усяго 29 маладых выбаршчыкаў.
У дзень выбараў на ўчастку працаваў буфет ад кафэ “Рагнеда” з рознымі прысмакамі, а са сцэны гучалі песні і музыка ў выкананні самадзейных артыстаў ГДК. За ходам падрыхтоўкі і правядзення выбараў назіралі 15 мясцовых наглядальнікаў, а таксама выканкама СНД і замежных прадстаўнікоў.

Вялікая  Мядзвядка

Упершыню і першай галасавала на Вялікамядзвядскім участку для галасавання № 60, які размяшчаўся ў памяшканні базавай школы, афіцыянтка кафэ “Рагнеда” Маргарыта Кісель. У ліку першых быў і механізатар ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Сяргей Мазур.
З 221 выбаршчыка датэрмінова аддалі свае галасы за кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 88 чалавек. На даму галасавалі 60 выбаршчыкаў. У асноўным гэта былі жыхары вёсак Малая Мядзвядка і Хлюпічы.
Канцэртную праграму на дзень выбараў падрыхтавалі самадзейныя артысты Аюцавіцкага СДК.

Вялікія Жухавічы

Пры высокай актыўнасці электарату праходзілі выбары на ўчастку для галасавання № 66, які размяшчаўся ў цэнтральным сельскім Доме культуры аграгарадка. З 1039 выбаршчыкаў 287 прагаласавалі датэрмінова, а каля 300 жыхароў вёсак Вялікія і Малыя Жухавічы, Бурдзевічы, Юравічы, Негнічы і забяспечваемыя Дома-інтэрната галасавалі на даму.
Упершыню галасавалі 5 маладых выбаршчыкаў.
У дзень выбараў першымі галасавалі санітарка Дома-інтэрната Валянціна Віктараўна Худзякова і забяспечваемы гэтай установы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Сафронавіч Доўбік.
Добры настрой выбаршчыкам стварыў ансамбль ЦСДК “Вечарынка”.
* * *
З членамі камісіі (сустрэлі іх за выкананнем абавязкаў) накіроўваемся ў дом № 123 у вёсцы Малыя Жухавічы да А. І. Драко. Яму 84 гады. Працаваў у калгасе імя Жалезняковіча (цяпер СВК “Жухавічы) кладаўшчыком, брыгадзірам, экспедытарам. Разам з жонкай Верай Фёдараўнай (яе ўжо няма сярод нас) выхавалі чацвёра дзяцей. Цяпер жыве з дачкой Ганнай і зяцем Яўгенам. У час сустрэчы пажадаў усім здароўя, а будучаму дэпутату — поспехаў у яго дзейнасці на карысць людзей.

Турэц

Аграгарадок Турэц. Участак для галасавання № 71. Сустракаемся са старшынёй камісіі М. І. Кергетам, які паведаміў, што 23 верасня першым прагаласаваў А. М. Дубкоў, электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак Мірскага ўчастка Карэліцкага РЭС. У сям’і Дубкова чакаюць трэцяе дзіця, таму свой голас Андрэй Міхайлавіч аддаў за шчаслівы заўтрашні дзень дзяцей.
У датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 320 чалавек (47,5 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў). Была высокая актыўнасць — у дзень прыходзіла ад 73 да 105 чалавек.
На ўчастку для галасавання гутарым з выбаршчыкамі. А. А. Дзяшкевіч — былы старшыня калгасаў імя Дзімітрава і імя Чарняхоўскага, чатырнаццаць гадоў працаваў старшынёй Турэцкага сельсавета.
— Галасую за лепшае жыццё, дабрабыт людзей і мір на планеце, — гаворыць ветэран працы. — Я ўсё жыццё аддаў служэнню людзям. Сельскія жыхары працавалі шмат і шчыра. Стараўся ім дапамагчы чым мог — і справай, і словам. Будучых абраннікаў хачу бачыць маладымі, адукаванымі, адданымі справе і гатовымі служыць свайму народу.
Другі субяседнік — А. В. Ламан. Працуе зваршчыкам у СВК імя Чарняхоўскага. Закончыў Карэліцкі будаўнічы ліцэй па прафесіі мантажнік сантэхсістэм і абсталявання; газазваршчык; электразваршчык ручной зваркі. Юнаку — васемнаццаць гадоў, галасуе ўпершыню.
Бацька Віталій Аляксандравіч працуе вадзіцелем аўтобуса, а мама Алена Георгіеўна — прадаўцом у магазіне вёскі Лыкавічы. У сям’і Ламан — чацвёра дзяцей. Андрэй сярод іх малодшы, збіраецца ісці служыць у армію. Хочацца пажадаць, каб свой воінскі абавязак ён спаўна выканаў, бо юнак галасаваў за мір на планеце. І няхай усе яго жаданні збудуцца.

Аюцавiчы

Выбарчы ўчастак № 63. Старшыня камісіі Г. М. Бухавец ахвотна расказвае:
— Без дзесяці хвілін восем члены камісіі ў прысутнасці назіральнікаў апламбіравалі ўрны: стацыянарную і для галасавання на даму. У восем гадзін адкрыўся выбарчы ўчастак.
Актыўна праходзіла і датэрміновае галасаванне. Першымі на яго прыйшлі загадчык склада ГЗМ ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” В. М. Раманейка, пенсіянеры Л. М. Бунчук і А. А. Нячай.
Упершыню галасавалі маладыя выбаршчыкі Яўген Аляшкевіч, Вікторыя Цярэшка і Андрэй Пятровіч. Ім былі ўручаны сувеніры.
Не засталіся ў баку і ветэраны. Сам на датэрміновае галасаванне прыйшоў ветэран вайны М. М. Харута, а астатнія ветэраны папрасілі прагаласаваць на даму. Усе, хто звярнуўся з дадзенай просьбай, будуць задаволены.
— Для мяне гэта ўжо не першыя выбары, — удакладніла Галіна Мікалаеўна. — Але кожны раз я пераконваюся, што вяскоўцы заўсёды з’яўляюцца актыўнымі выбаршчыкамі, асабліва пажылыя людзі, якія разумеюць, што ад кожнага з іх залежыць, хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы. Яны неабыякавы да лёсу дзяржавы, бо ўсё сваё свядомае жыццё сумленна жылі і шчыра працавалі на карысць Радзімы.

Кожава

Участак для галасавання № 67. Вось тут адчуваецца сапраўднае свята — гучаць цудоўныя песні. Іх дораць удзельнікі народнага ансамбля песні “Вечарынка” Жухавіцкага ЦСДК. “Няхай гэта сустрэча добрай будзе”, — гавораць яны. Многія песні гучаць на роднай мове, і яны суправаджаюцца апладысментамі вяскоўцаў, якія прыйшлі галасаваць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.