Праграма кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Навагрудскай выбарчай акрузе № 57 ВАЎЧОК Наталлі Сяргееўны

Абарона нацыянальных інтарэсаў — гарантыя парадку і дабрабыту на нашай беларускай зямлі
Партыя БНФ паслядоўна абараняе беларускія нацыянальныя інтарэсы. Мы хочам, каб беларусы жылі годна і заможна на сваёй зямлі. Каб кожны меў упэўненасць у заўтрашнім дні. Каб нацыя мела будучыню.
Што маем сёння: краіна і нацыя ў небяспецы
Эканамічны крызіс, які ахапіў Беларусь, уяўляе сабой істотную пагрозу краіне. Існуючы рэжым не прадпрымае неабходных крокаў па рэфармаванні сістэмы, бо гэта небяспечна для яго з палітычнага пункту гледжання. Узровень карупцыі ў Беларусі за апошнія паўтара гады вырас да маштабаў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы краіны. Пранікненне ў Беларусь расійскага паўкрымінальнага алігархічнага капіталу нясе пагрозу ўсяму беларускаму грамадству, наносіць шкоду беларускім нацыянальным інтарэсам і ўяўляе рэальную небяспеку самому існаванню суверэннай беларускай дзяржавы. Краіна рухаецца ў тупік: кошт расійскай падтрымкі зрабіўся занадта высокім і пагражае стратай эканамічнай і палітычнай незалежнасці, але пры гэтым здабытыя такім высокім коштам рэсурсы накіроўваюцца не на неабходныя для забеспячэння канкурэнтаздольнасці краіны рэформы, а на кансервацыю існуючай бесперспектыўнай мадэлі.
Выхад з тупіку: свабода, рэформы, адкрытасць вольнаму свету.
Лёс Беларусі павінен вырашацца ў Мінску, а не ў Маскве, Варшаве, Бруселі ці Пекіне.
Партыя БНФ выступае за:
— Вяртанне індывідуальным прадпрымальнікам магчымасці выкарыстання наёмнай працы.
— Змяншэнне колькасці падаткаў, спрашчэнне сістэмы іх уплаты.
— Гарантыі недатыкальнасці прыватнай уласнасці.
— Асаблівую дзяржаўную падтрымку малому і сярэдняму бізнесу.
— Амністыю капіталаў для фізічных і юрыдычных асобаў.
— Скасаванне мытных пошлін на сацыяльна важныя для нашых грамадзян тавары, у тым ліку на аўтамабілі.
— Адрасную сацыяльную палітыку, скіраваную на падтрымку неабароненых катэгорый насельніцтва.
— Стварэнне “фонду будучых пакаленняў”, праз які дзяржава павінна забяспечыць падтрымку маладых  сем’яў з дзецьмі.
— Вяртанне беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай разам з аднаўленнем беларускамоўнай сістэмы адукацыі і выхавання, — ад ясляў да ўніверсітэта.
— Вяртанне гістарычнай сімволікі: бела-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня”.
— Узмацненне сувязяў з найбліжэйшымі суседзямі Беларусі — Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. Увасабленне салідарнасці краін нашага рэгіёну ў фармаце Балтыйска-Чарнаморскага супрацоўніцтва (БЧС).
— Выхад Беларусі з Еўра-Азіяцкіх інтэграцыйных утварэнняў, якія ў доўгатэрміновай перспектыве пагражаюць тэхналагічным адставаннем і эканамічнай стагнацыяй.
Сацыяльная палітыка
Асноўнай стратэгіяй Народная праграмма аб’яднае прынцып “Беларуская сям’я — мінімум двое дзяцей”. Таму:
Сям’я павінна атрымліваць да пяцідзесяці працэнтаў кошту, патрэбных для дзіцяці тавараў ці прадуктаў ў першыя гады жыцця;
Ільготнае крэдытаванне, пазыкі на жыллё для сем’яў, што маюць двух і болей дзяцей;
Фінансаванне праграм сацыяльнай падтрымкі дзяцей і моладзі, выплат маладым сем’ям, дапамогі пры нараджэнні дзяцей праз Фонд будучых пакаленняў. Стварэнне ў Беларусі сістэмы дзіцячага капіталу.
Партыя БНФ — партыя абароны народных інтарэсаў
Мы, у партыі БНФ, верым у тое, што нацыянальная салідарнасць — адна з найважнейшых асноў развіцця ўсёй краіны і ўпэўненасці кожнага грамадзяніна, бо менавіта яна жывіць дух супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі паміж суайчыннікамі. Партыя БНФ выступае за законнасць і парадак на беларускай зямлі, але парадак і спакой у краіне павінны быць забяспечаны справядлівымі законамі. Мы верым у традыцыйную сям’ю, як аснову здаровага грамадства. Мы верым у неабходнасць гарантаваць недатыкальнасць прыватнай уласнасці, як адной з неабходных умоваў самарэалізацыі чалавека. Іншымі такімі ўмовамі павінна з’яўляцца свабода і роўнасць перад законам, таму партыя БНФ імкнецца да пабудовы ў краіне дэмакратычнага ладу, які грунтуецца на павазе правоў і годнасці чалавека і грамадзяніна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.