У пульхную зямлю кладуцца зярняты

Важкі ўклад у раённы каравай унеслі сёлета хлебаробы СВК “Маяк-Заполле”, якія першымі завяршылі жніво і справілі дажынкі. А земляробы ўжо дбаюць пра будучы ўраджай. Не паспелі камбайны пакінуць палеткі, як на іх выйшлі аратыя. У другім вытворчым участку гэта былі Анатолій Лапата, Анатолій Блашко, Мікалай Капура, якія рыхтавалі глебу да сяўбы азімых, частку яе апрацаваў дыскатарам механізатар Анатолій Шаўцоў.
— Пад ураджай 2013 года, — расказвае ўпраўляючы ўчастка Вячаслаў Трафімчык, — нам трэба пасеяць 500 гектараў азімай пшаніцы і каля 400 га азімага трыцікале. Гэту работу пачалі 30 жніўня і мяркуем справіцца ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны: трыцікале пасеем да 15 верасня, пшаніцу — да 20.

Сеем азімую пшаніцу “Фінезія”, “Багатка” і трыцікале “Грэнада” і “Вальтарыо”. Насенне першай рэпрадукцыі падрыхтавана, пратручана. Завезена і элітнае. Глеба падсілкавана каліем з разліку 2 ц на адзін гектар і фосфарам у залежнасці ад канкрэтнага ўчастка на 1-1,5 ц на гектар.
Выдатна працуюць на асеннім полі вопытныя сейбіты Анатолій Лапата, які трактарам МТЗ-3022 у агрэгаце з АПП-6 пасеяў па стану на раніцу 10 верасня 377 га азімай пшаніцы, і Анатолій Блашко на трактары “Атлес” з пасяўным агрэгатам “Амазоне” пасеяў 224 гектары.
Загрузку пасяўных агрэгатаў насеннем забяспечваюць вадзіцелі Юрый Ярашук і Віктар Барыла.
Адначасова ва ўчастку вядзецца ўборка цукровых буракоў, плантацыі якіх займаюць 180 гектараў. Ураджай выдатны, з кожнага гектара збіраюць па 550 ц караняплодаў. Уборку іх у дзве змены вядуць буракаўборачным камбайнам “Кляйне” механізатары Міхаіл Сялецкі і Віктар Галавач. З паступленнем у гаспадарку новага агрэгата, а яго чакаюць у бліжэйшы час, тэмпы ўборкі “салодкага кораня” значна ўзрастуць.
Шчыруюць і корманарыхтоўшчыкі. З 470 гектараў кукурузы трэцяя частка ўжо ўбрана. А зрабілі гэта машыніст самаходнага кормаздабываючага комплексу “Ягуар 850” Аляксандр Шэўка і трактарысты на адвозцы здробненай масы Мікалай Сялецкі, Сяргей Бязмен, Мікалай Жук, а таксама Вячаслаў Севасцяновіч і Сяргей Варановіч, якія трактарамі “Кіравец” трамбуюць сіласную масу.
Плённа папрацавалі льнаводы ўчастка. З 80 гектараў яны адправілі на перапрацоўку 451 т ільнотрасты сярэднім нумарам 1.
Работа на палетках працягваецца.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.