“Дзеці — золата, радасць і суцяшэнне ў смутку”

У сям’і іерэя Міхаіла Генадзьевіча і Аксаны Барысаўны Назарэвічаў
з вёскі Ярэмічы выхоўваецца пяцёра дзяцей.
— Дзеці — золата, радасць і суцяшэнне ў смутку, — гаворыць маці. — Разам дружна клапоцімся адзін аб адным, стараемся для сям’і нарыхтоўваць запасы на зіму. Прыемна назіраць, як старэйшыя спяшаюцца накарміць меншых найперш, а цукерку падзяліць з братамі і сёстрамі.
Разам дружна наведваем царкву, верым у Бога. Мы з мужам думаем, што менавіта Бог даў нам гэтых дзяцей для таго, каб мы навучыліся клапаціцца самі аб кімсьці (жывеш не толькі для сябе) і, каб навучыліся самі ад гэтых меншых. Дзеці таксама вучаць дарослых па сутнасці запаведзям Божым.
Яны розныя, у кожнага свой характар. Гасподзь сказаў: “Будьте как дети, ибо таковых есть Царство Божие”.  Крыўдзіцца — грэх . А дзіця вучыць: яно не крыўдзіцца за пакаранне, даруе і адразу ідзе на рукі. Гэта самае малое, што на відавоку ў маці. А калі паназіраць добра за дзецьмі, то многаму можна навучыцца. І ўвогуле, у сям’і меншыя вучаць старэйшых, а старэйшыя — меншых, і адзін аднаму з’яўляюцца, падтрымкай.

Аксана Барысаўна з любоўю і пяшчотай расказвае пра кожнае дзіця. На старэйшую Ксюшу легла адказнасць па выхаванні меншых. Спакойная, дапытлівая, любіць даследаваць, клапаціцца і назіраць гэты клопат, патрабаваць яго ад іншых.
Надзюша — вельмі рухомая і жывая. Стараецца ўсюды падставіць свае ручкі і засмучаецца, калі не паспела штосьці зрабіць.
Міколка адразу відаць, што хлопчык. Ён любіць машынкі, сапраўдныя інструменты, “падробку” (дзіцячыя) не ўспрымае. Спрытна забівае ў свае чатыры гады цвікі ў дошку і дастае іх.
Міхаіл любіць кухню. І на агародзе не адыходзіць ад старэйшых, калі апрацоўваем яго ці сабіраем ураджай.
Алёшка ўсё паўтарае за сёстрамі і братамі ў двайной сіле, каб не адстаць. Працуе як Коля, а есць страву як Міша.
Аб сваёй маленькай радзіме Аксана Барысаўна паведала наступнае: мама з Украіны, а бацька — беларус, сустрэліся на Поўначы і пажаніліся, там яна і нарадзілася.
— У нашай сям’і было чацвёра дзяцей, — прадаўжае яна. — Раслі дружна, самае галоўнае было правіла — адзін аднаму балюча не рабіць.
Зараз жывуць на адлегласці прыкладна 120 кіламетраў —  у Валожыне, у Мінскай вобласці, у Жыровічах. У старэйшай сястры Сняжаны — пяцёра дзяцей, у Таццяны адно, брат Ілья вучыцца на святара.
Калі была дзяўчынкай, то марыла пра дзяцей і што іх будзе шмат. У мяне атрымлівалася з імі ладзіць, знаёмыя давяралі прыгледзець за малышамі.
Зараз у сям’і Назарэвічаў садзяць агарод і  з дзецьмі любуюцца, як расце, напрыклад,  капуста. Любяць прыроду і разам назіраюць, як усходзіць і заходзіць сонейка, як самалёт праразае блакіт неба і за іншымі з’явамі.
— Мы шчаслівыя тут, — зазначае маці. — Дзеці на свае вочы сустрэліся з цудоўнай прыродай.  Хаця яны і маленькія, але адчуваюць прыгажосць — радуюцца першаму снегу зімой,  вясной — ледзяшам, як разліваецца Нёман… У горадзе цяжэй усё гэта ўбачыць, таму нам у вёсцы падабаецца.
Сем гадоў жывём у Ярэмічах. З Боскай дапамогай наладжваецца жыццё. Ёсць свае цяжкасці. Але ж як без іх у жыцці?
Міхаіл Генадзьевіч любіць бываць з дзецьмі, вучыць іх мужчынскім работам. Клапоціцца пра маму і дзяўчынак. Меншыя гэта бачаць і пераймаюць усё добрае.
Сэнс сямейнага жыцця ў сям’і Назарэвічаў — падтрымліваць адзін аднаго. На гэты конт Аксана Барысаўна нагадала чатырохрадкоўе:
Не зли других и сам не злись,
Будь поумнее, примирись,
Ведь в жизни все закономерно:
Зло, излученное тобой,
К тебе вернется непременно.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.