Хочацца дарыць радасць

Пасля заканчэння Райцаўскай СШ Святлана паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум, але не паехала вучыцца — зразумела, што не яе. Пайшла працаваць у Карэліцкую насенную лабараторыю. Жывучы ў Карэлічах, пачала сябе спрабаваць у мастацкай самадзейнасці — наведвала раённы Дом культуры.
Бацькі хацелі, каб яна стала ўрачом. Дачка не магла адмовіць і на другі год павезла дакументы ў Мінскае медыцынскае вучылішча. Дакументы падала і на наступны дзень забрала. З Мінска паехала ў Гродна, дзе падала іх у  культасветвучылішча.
— Хацела быць артысткай, — прызнаецца яна. — І хаця мяне ўгаворвалі, каб ішла на харавое аддзяленне, выбрала тэатральнае. Здала экзамен па спецыяльнасці  на “выдатна” і паступіла без экзаменаў.

У мяне гэта з дзяцінства. У суседняй вёсцы Скрышава (сама родам з Забердава) была “рэжысёрам” розных святаў і канцэртаў з песнямі, сцэнкамі і гумарам.
Святлана закончыла культасветвучылішча і прыехала на працу ў Райцаўскі СДК мастацкім кіраўніком. Папрацавала два гады, і ў калгасе імя Гастэлы яе выбралі   сакратаром камсамольскай арганізацыі.
Наш  гонар —
“Цырынскія  музыкі”
Праца работніка культуры Святлану Канстанцінаўну заўсёды прываблівала. Таму пасля водпуску па догляду за дзецьмі зноў вырашыла сюды вярнуцца — пайшла працаваць у Цырынскі СДК. У 1994 годзе была прызначана яго дырэктарам.
— Наш гонар — народны гурт народнай музыкі і песні “Цырынскія музыкі”, —  гаворыць С. К. Русак. — У 1997 годзе атрымаў званне “народны”, і кожныя тры гады пацвярджаем яго. Былі ў Мінску, а таксама  ў Мастах і Лідзе на “Дажынках”, фестывалі ў Паставах. Адным словам, скалясілі ўсю Беларусь і трапілі  нават у Польшчу. Калектыў згуртаваны, заўсёды пануе ўзаемаразуменне, на кожнага можна спадзявацца ў складанай жыццёвай сітуацыі.
Працуем у цеснай сувязі з СВК “Цырын-Агра” і Цырынскім сельсаветам. Старшыня  гаспадаркі М. М. Кулініч ніколі не адмаўляе і аказвае матэрыяльную дапамогу, а старшыня сельвыканкама Л. Ф. Атрашкевіч маральна падтрымае пры падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў.
Добрыя творчыя сувязі наладжаны з мясцовымі школамі — музычнай (дырэктар В. В. Навумовіч) і сярэдняй (намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Н. М. Адамушка).  Наш калектыў імкнецца ўкласці ў кожнае мерапрыемства душу, і  мы рады, калі поўная зала гледачоў.
Культура настолькі авалодвае чалавекам, што прыйшоўшы на працу аднойчы, застанешся назаўсёды і ніколі не захочацца з ёю развітацца. Стаіш на сцэне, на цябе глядзяць удзячныя гледачы, таму так  хочацца дарыць ім радасць.
Бацькі і дзеці
Праца ў сферы культуры для Святланы Канстанцінаўны ў нейкай ступені справа сямейная. Мама Лідзія Сцяпанаўна Сак працавала ў гэтай сферы шмат гадоў: у вёсцы Сёгда ў бібліятэцы, затым  — у Забердаўскім і Міратыцкім сельскіх клубах. Бацька Канстанцін           Дзям’янавіч прысвяціў сябе працы ў Свіцязьскім лясніцтве, аднак у маладосці таксама, як гаворыцца, “прайшоў праз культуру”  — працаваў у мясцовым клубе.
— Я — з вялікай сям’і, — прадаўжае субяседніца. — Нас гадавалася чацвёра: брат і тры сястры. Усе розныя, усе знайшлі свае дарогі ў жыцці. Праўда, меншая сястра Алена працуе бібліятэкарам Райцаўскай бібліятэкі.
Мне хочацца, каб яшчэ доўга жылі бацькі. Калі яны з намі, то мы адчуваем сябе дзецьмі і ёсць да каго наведацца. Мы павінны помніць пра іх і шанаваць.
У Святланы Канстанцінаўны і свая добрая сям’я. Яе муж Віктар Антонавіч Русак  закончыў Мінскую акадэмію фізкультуры і працуе настаўнікам фізкультуры ў ДУА “Цырынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Дочкі атрымалі вышэйшую адукацыю, закончылі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Кацярына атрымала прафесію лагапеда-псіхолага і працуе ў Мінскім Доме дзіцяці, а Даша — па спецыяльнасці менеджар па спорце і турызме і настаўнік фізкультуры, а выкладае фізкультуру ў адной з гімназій сталіцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.