18 ноября — День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности

С. В. БАРЫЧЭЎСКІ — першы намеснік старшыні
райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі
і харчавання райвыканкама:
— Па традыцыі ў лістападзе шматлікая армія хлебаробаў, жывёлаводаў, тых людзей, якія забяспечваюць жыхароў краіны прадуктамі харчавання, а прамысловыя прадпрыемствы — якаснай сыравінаю, адзначае сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
Гэта свята ўлюбёных у сваю справу аратых і сейбітаў, трактарыстаў і вадзіцеляў, камбайнераў і корманарыхтоўшчыкаў, аператараў машыннага даення, даглядчыкаў жывёлы і ўсіх работнікаў жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў.
Спрадвечная мудрасць земляробаў грунтуецца сёння на якасна новым узроўні. Узброеныя навейшай высокапрадукцыйнай тэхнікай, сучаснымі прагрэсіўнымі тэхналогіямі, працаўнікі вёскі паказваюць узоры працавітасці і высокімі вытворчымі паказчыкамі мацуюць эканоміку раёна, развіваюць сацыяльную сферу, паляпшаюць дабрабыт насельніцтва.
Карэліцкі раён славіцца высокімі працоўнымі здабыткамі, і сённяшняе пакаленне пастаянна прымнажае іх. Не выключэнне і бягучы год. Упершыню ў гісторыі раёна намалочана 118,8 тысяч тон зерня ў першапачаткова апрыходаванай вазе. Акрамя гэтага, намалочана 10,3 тыс. тон зерня кукурузы.
Адпаведна павысілася і ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур, якіх сабрана з кожнага гектара па 56,5 цэнтнера, кукурузы — па 81 ц з гектара.
Традыцыйна высокія ўраджаі атрымліваюць у СВК “Жухавічы” (73,7 ц/га), “Маяк-Заполле” (68,5 ц/га), КСУП “Племзавод “Карэлічы” (67,4 ц/га).
Больш як па 65 цэнтнераў зерня з гектара намалацілі ў СВК імя Царука і “Цырын-Агра”.
Пастараліся сёлета льнаводы, якія сабралі ў цэлым па раёне з кожнага гектара па 13,5 цэнтнера льновалакна сярэднім нумарам 1,14.
Поспех спрыяў у бягучым годзе калектыву ААТ “Карэлічы-Лён”, дзе з кожнага з 1050 га сабралі па 14,3 цэнтнера валакна.
У чарговы раз даказалі сваё майстэрства льнаводы СВК “Маяк-Заполле”, дзе даўгунец даў на плошчы 130 гектараў па 16,1 цэнтнера льновалакна.
Бульбяныя плантацыі раёна займалі 477 гектараў. Па 205 га “другога хлеба” было ў СВК “Цырын-Агра” і імя Царука. У цэлым па раёне накапана 14,7 тыс. тон клубняў пры ўраджайнасці 309 цэнтнераў з гектара (у 2011 годзе мелі 247 ц/га). У агульным паказчыку доля СВК “Цырын-Агра” складае 6,5 тыс. тон, імя Царука — 5,8 тыс. тон.
Да свайго прафесійнага свята справіліся з вытворчым заданнем буракаводы раёна. З плошчы 3370 гектараў накапана 180 тысяч тон салодкага кораня. У цэлым па раёне ўраджайнасць склала больш як 530 цэнтнераў караняплодаў, а ў СВК “Маяк-Заполле” перавысіла 700 цэнтнераў з гектара.
Як вядома, важнае значэнне ў павелічэнні вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі мае трывалая кармавая база. І корманарыхтоўшчыкі пастараліся сёлета стварыць яе. Так, для грамадскай жывёлагадоўлі назапашана ў бягучым годзе 82,8 тыс. тон травяністых кармоў, што складае на адну ўмоўную галаву 32 цэнтнеры кармавых адзінак (у 2011 годзе было 30,6 ц карм. адз.).
Лідарамі ў галіне корманарыхтоўкі з’яўляюцца КСУП “Племзавод Карэлічы” — 39,8 ц карм. адз., і СВК “Лукі-Агра” — 41,5 ц карм. адз.
Варта падкрэсліць, што ў раёне створана стабільная кармавая база пад поўную тэхналагічную патрэбу, пры гэтым якасць травяністых кармоў намнога лепшая. Гэта дазволіла давесці валавы надой за 10 месяцаў 2012 года да 52529 тон, што складае 111,7 %, а сярэдні надой ад каровы за гэты перыяд склаў 4813 кілаграмаў.
Вялікі ўклад у агульную справу ўнеслі калектывы малочнатаварных комплексаў “Вялікія Жухавічы” СВК “Жухавічы” і “Райца-2” СВК “Свіцязянка-2003”, на якіх утрымліваецца 1,5 тыс. кароў (13,5 % ад агульнай колькасці дойнага статка раёна). Яны даюць 17,5 % малака ад агульнага надою за дзень ва ўсім раёне. Пры гэтым 100 працэнтаў малака адпраўляецца на перапрацоўку гатункам “Экстра”.
Плённа працуе калектыў малочнага блока малочнатаварнай фермы “Аюцавічы-2” КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, дзе ў цэлым па гаспадарцы вытворчасць малака ў параўнанні з 2011 годам павялічылася на 22,3 працэнта, у СВК “Цырын-Агра” — на 31,4 працэнта і іншыя.
Ладзяцца справы ў мясным цэху раёна, дзе за 10 месяцаў 2012 года атрымана 4930 тон (104 %) ялавічыны, свініны — 4466 тон, або  112,9 % да адпаведнага перыяду мінулага года.
Палепшыліся якасныя паказчыкі як ялавічыны, так і свініны. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ склалі 704 грамы (+20 г), свініны — 585 г (+ 27 г).
Стабільна працуюць па нарошчванню прываг буйной рагатай жывёлы СВК “Жухавічы”, “Свіцязянка-2003”, “Лукі-Агра”. Апошнім часам актывізаваў работу ў гэтым свінагадоўчы комплекс “Вялетава” СВК імя Чарняхоўскага, дзе за апошнія тры месяцы кормнікі прыбываюць у вазе больш як на 600 грамаў у суткі.
Пры плане 600 галоў дойны статак раёна з пачатку года павялічыўся на 489 і складае 11149 кароў.
Развіццё ў галіне жывёлагадоўлі працягваецца. Узводзіцца сучасная малочнатаварная ферма “Далматаўшчына” на 720 кароў у СВК “Лукі-Агра”, працягваецца рэканструкцыя наяўных жывёлагадоўчых аб’ектаў, укараняюцца новыя, прагрэсіўныя тэхналогіі ўтрымання, кармлення, даення і догляду жывёлы.
Мэтанакіраваная работа ў аграпрамысловым комплексе раёна прыносіць добры плён. Так, па выніках работы за 9 месяцаў г. г. ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі атрымана 387,5 млрд руб. выручкі, што на 31,7 % больш узроўню мінулага года. Ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі атрымана 84 млрд руб. прыбытку. Рэнтабельнасць продажу склала 21,7 % пры заданні 4 — 4,5 %. Стратных гаспадарак няма. Агульная рэнтабельнасць складае за гэты перыяд  37,4 %.
Паважаныя работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу! З прафесійным святам вас, жадаю новых працоўных здабыткаў, моцнага здароўя, выдатнага настрою, дабрабыту, шчасця і радасці ў кожным доме, кожнай сям’і!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.