Гимназистка из Корелич стала второй на международной олимпиаде

   Дуэт “Настаўнік-Вучань” спрадвеку з’яўляецца вызначальным у нотным раскладзе складанейшай мелодыі пад назвай “Адукацыя” і лічыцца шчаслівым, яркім, непаўторным, запамінальным толькі тады, калі Талент аднаго супадае з Талентам другога ў крыштальных гранях, аздобленых апантанасцю, дасціпнасцю, зацікаўленасцю і любоўю да прадмета, пастаянным спазнаннем яго нераскрытых сакрэтаў.
Дуэт настаўніка рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. п. Карэлічы Наталлі Вячаславаўны Шут і вучаніцы 11 класа Балабановіч Ірыны адносіцца да ліку такіх вось шчаслівых, таму і прыносіць зайздросныя вынікі, якімі ганарацца не толькі гімназія, раён, але і вобласць, рэспубліка.
Вось і нядаўна, у кастрычніку, ластавачкай радасці прыляцела навіна аб тым, што Ірына заваявала Дыплом II ступені на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць”, якая праходзіла ў г. Масква. Каб папасці на саюзную алімпіяду, трэба было прайсці складаны адборачны тур, напісаць водгук-сачыненне па пэўнай тэме. У гэтым годзе яна была вельмі цяжкай, але Ірына са сваім гісторыка-літаратурным каментарыем аказалася ў ліку лепшых. І няхай сёлетні вынік трошкі ніжэй мінулагодняга (у 2011 годзе яна прыехала з такой жа алімпіяды з Дыпломам I cтупені, а яе адборачнае і алімпіяднае сачыненні апублікаваны ў спецыяльным двухтомным зборніку, выдадзеным пастаяннай камісіяй Саюзнай дзяржавы, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі), але дзяўчынку з Карэліч заўважылі карыфеі філалогіі! Самае ж галоўнае, чаму радуюцца настаўніца і вучаніца, — тое, што Ірына ўжо сёння — студэнтка, яна мае права выбару філалагічнага факультэта ў любой вышэйшай навучальнай установе Беларусі!
Наталля Вячаславаўна называе Ірыну фенаменам, самародкам, Богам пацалаваным чалавекам. “Надзіва адказная, эрудыраваная, надзеленая рэдкай працаздольнасцю, творчым талентам, пяшчотная, сціплая, яе сачыненні можна прыраўняць да навуковых даследаванняў, бо ў іх — здзіўляючая глыбіня думкі, лагічнасць, дасканалае пранікненне ў тэму, уменне раскрыць яе”, — гаворыць Н. В. Шут. Ірына, яе бацькі, у сваю чаргу, удзячны любімай настаўніцы за яе адданасць сваёй прафесіі, за яе чалавечыя якасці, якія спрыяюць зайздроснаму ўзаемадзеянню і адпаведнаму поспеху. І гэта сапраўды так, таму што, каб агеньчык таленту вучня не згас, яго можна падтрымліваць толькі самаахвярнасцю настаўніка, як гэта робіць Наталля Вячаславаўна. Прыняўшы эстафету ад першай настаўніцы Ірыны Санюк Л. Я., якая змагла раскрыць здольнасці дзяўчынкі да рускай мовы ў пачатковай школе, пачаўшы займацца з ёй у алімпіяднай групе, яна шліфавала талент вучаніцы з году ў год, што і прывяло да радасных вынікаў на раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіядах.
Папка з матэрыяламі дасягненняў Ірыны Балабановіч, з любоўю аформленая Н. В. Шут, уражвае. У ёй дзясяткі Грамат, Дыпломаў, Падзяк, Пасведчанняў розных узроўняў за перамогі ў алімпіядах, конкурсах. Тут сабраны шматлікія, неардынарныя па зместу публікацыі дзяўчыны на старонках газеты “Полымя”, якія хочацца чытаць і перачытваць.
У шчаслівым дуэце Н. В. Шут і Ірыны Балабановіч няма галоўнага і падначаленага, таму што ў іх роднасныя трапяткія душы, зайздроснае ўзаемаразуменне; таму што настаўніца для вучаніцы — як другая мама, а вучаніца для настаўніцы — як дачка.
Вось бы такіх дуэтаў пабольш у школах!
Упэўнена: новыя перамогі і ў Наталлі Вячаславаўны, і ў Ірыны наперадзе. Давайце пажадаем ім Плёну і Поспеху, Радасці і Шчасця, Здароўя і зайздросных Адкрыццяў. Давайце скажам ім сваё “дзякуй” за карпатлівую, нялёгкую працу, якая прыносіць радасць і нам з вамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.