Отслужу, как надо, и вернусь! (фото)

У глядзельнай зале дзіцячай школы мастацтваў адбыліся ўрачыстыя провады прызыўнікоў раёна ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.
Арганізатары мерапрыемства — РК ГА “БРСМ” і ваенны камісарыят раёна сумесна з аддзелам культуры райвыканкама.
Слова для прывітання прадастаўляецца члену раённага выканаўчага камітэта, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І. Л. Пянькоўскай.
— Провады ў армію — урачыстая і святочная падзея, — гаворыць Ірына Леанідаўна. — Прыміце ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў словы-наказ на выкананне грамадзянскага абавязку — армейскую службу. Армія — сапраўдная школа мужнасці, сур’ёзная праверка на права называцца сапраўдным мужчынам.
Яшчэ ўчора вы сядзелі за школьнай партай ці былі студэнтамі, а хутка зменіце грамадзянскае адзенне на ваенную форму. Варотамі ў звычайны свет, звычайны лад жыцця, дзе застануцца бацькі, сябры, любімая дзяўчына, стане кантрольна-прапускны пункт. І непрыкметна ўвойдуць у жыццё такія паняцці як устаў, марш-кідок, нарад, узвод.
Прамоўца выказала спадзяванне, што нялёгкія месяцы службы не акажуцца руціннымі, а стануць сапраўднай школай мужнасці. Наперадзе чакаюць ратныя справы, новыя сябры, разам з якімі трэба ахоўваць мір і спакой нашай дзяржавы. Цяжкасці ваеннай службы патрабуюць мужнасці і немалых сіл, але не трэба шукаць лёгкага шляху ў жыцці. Будзьце цвёрдымі і настойлівымі ў авалодванні ваеннай навукай. У арміі набудзеце жыццёвы вопыт, які ў далейшым спатрэбіцца.
Напрыканцы выступлення І. Л. Пянькоўская зазначыла, што, выконваючы воінскі абавязак, трэба памятаць аб тых, хто чакае дома.
— Пішыце ім: салдацкія пісьмы заўсёды дарагія адрасатам, — зазначыла Ірына Леанідаўна. — Цярпення, вытрымкі і дастойна прайсці гэты шлях.
Са знамянальнай вехай у жыцці — прызывам ва Узброеныя Сілы — павіншавала юнакоў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Н. С. Гоцка і адзначыла, што служба ў арміі — справа для выбраных. Даказана: чым больш цяжкасцей пераадольваем, тым больш моцнымі становімся і тым большую задаволенасць прыносіць нам жыццё.
Лідар моладзі раёна зычыла юнакам пераадольваць цяжкасці, перамогі над сваімі слабасцямі і шчасця. А быць шчаслівым, па яе меркаванню, проста: трэба вызваліць сваё сэрца ад нянавісці, хваляванняў, цаніць тое, што маеш, аддаваць больш, а чакаць менш.
Па-мацярынску цёпла і пранікнёна гаварыла старшыня раённага савета ветэранаў Н. С.             Яфрэмава. Яна адрасоўвала прызыўнікам пажаданні не толькі ад сябе, а і ад ветэранаў раёна (цяпер іх налічваецца 73 і 7 тылавікоў), якія па стану здароўя і па ўзросту не могуць прыйсці на ўрачыстасць. Ніна Сяргееўна пажадала добрага здароўя, быць мужнымі і добрымі, пісаць пісьмы дамоў.
Адзін з самых урачыстых момантаў — уручэнне павестак. Гэтую ганаровую місію выконвалі намеснік ваеннага камісара раёна па тэрытарыяльнай абароне С. П. Бурак і галоўны спецыяліст райваенкамата К. Л. Зарубайка. Прызыўнікі, маладыя, упэўненыя, прыгожыя, з гонарам узнімаліся на сцэну за атрыманнем важнага ў іх цяперашнім жыцці дакумента, у вачах свяціліся іскрынкі, а светлыя твары — радасцю. Што ж, гэта сапраўды ганаровы абавязак — быць салдатам! Прайсці нялёгкую армейскую службу, каб потым у паўсядзённым жыцці заставацца надзейным абаронцам і сапраўдным мужчынам.
С. П. Бурак у сваёй прамове гаварыў аб адданасці Радзіме і воінскаму абавязку — яны здаўна цаніліся ў продкаў. Жадаў прызыўнікам дастойнай службы — хаця армейскія будні і нялёгкія, але найлепшым памочнікам няхай будзе прысяга, а ў складанай сітуацыі раіў звяртацца да свайго сумлення.
А якая ўрачыстасць без музычных падарункаў — нумароў мастацкай самадзейнасці! Добрая канцэртная праграма была прадастаўлена ўвазе прысутных. Цудоўныя песні і мелодыі падарылі Алеся Швабовіч, Агнія Бурновіч, Яна Жалцякова, Аляксандр Каляда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.