Золотой фонд аграриев

Пад такой назвай у раённым Доме культуры адбылося свята, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. У ім прымалі ўдзел перадавікі вытворчасці, спецыялісты, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, прамысловасці, ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці, госці.
На пачатку ўрачыстасці каравай з новага ўраджаю ўручаецца старшыні раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбаку. Прымаючы каштоўны дар, Віктар Леанідавіч гаварыў:
— Паважаныя сябры! Паважаныя госці! Шаноўныя ветэраны! Мне прыемна ў чарговы раз сустрэцца з вамі, напомніць пра нашы дасягненні, вытворчыя паказчыкі, назваць працавітых людзей, якіх нямала ў нашым аграпрамысловым комплексе, падсумаваць не толькі тое што мы маем, а і падзяліцца планамі, куды мы ідзём, да чаго імкнёмся.
Прыемна бачыць прысутных у гэтай зале маладых спецыялістаў, якія, упэўнены, стануць дастойнай зменай працаўнікам старэйшага пакалення.
Некалі з гэтай сцэны я абяцаў, што мы будзем мець 100 тысяч тон зерня, ураджайнасць 50 цэнтнераў з гектара  і 5000 кілаграмаў малака ад каровы. Як бачыце, я сваё слова стрымаў. Сёлета мы ўпершыню маем 118,8 тыс. тон зерня пры ўраджайнасці 56,5 цэнтнераў з гектара, а па выніках года надой малака ад каровы складзе 5700 кілаграмаў.
Наступны год павінен стаць вызначальным, і мы маем намер увайсці ў дзясятку лепшых раёнаў Рэспублікі Беларусь. Сёння раён займае ў краіне трынаццатае месца па вытворчасці малака. Гэта не мяжа. У наступным годзе — увайсці ў дзясятку лепшых, а ў далейшым — выйсці па вытворчасці мяса і малака на пятае месца ў рэспубліцы.
Грунтуюцца нашы разлікі на высокай культуры земляробства і працавітасці людзей. Практыка пацвярджае гэта. У самым пачатку, калі толькі пачалі вырошчваць цукровыя буракі, мы марылі мець хаця б 100 тысяч тон караняплодаў. Сёлета мы будзем мець іх 190 тысяч тон.
Наш невялікі сельскагаспадарчы раён у структуры вытворчасці валавай прадукцыі вобласці з сямнаццаці раёнаў займае 10 працэнтаў, 5 тысяч 700 кілаграмаў малака, 118,8 тыс. тон хлеба, 190 тыс. тон цукровых буракоў, 6 800 тон ільнотрасты, ёсць каля 200 тысяч тон кукурузнага сіласу і 122 тысячы тон сенажу. Вось што мы маем, і насуперак усяму ніякіх збояў не дапусцім.
Гарантам гэтага з’яўляецца моцны кадравы патэнцыял. У аграпрамысловым комплексе раёна здольныя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, высокакваліфікаваныя спецыялісты, працавітыя, самаадданыя механізатары, жывёлаводы, працаўнікі іншых галін вытворчасці.
В. Л. Шайбак многа добрых слоў гаварыў у адрас шматлікай арміі механізатараў, сярод якіх нямала сямейных дынастый. Сярод іх механізатары Вячаслаў, Аляксей і Сяргей Напоркі з СВК “Маяк-Заполле”, Анатолій Васільеў з СВК імя Чарняхоўскага, Віталій Мазюк з СВК імя Царука, Мікалай Мароз з гэтай жа гаспадаркі, Васілій Шыш з СВК “Малюшычы”, Віктар Чубрык з СВК “Свіцязянка-2003”, Аляксандр Троска з СВК “Цырын-Агра”, Ігар Мардзіловіч з СВК “Лукі-Агра”, Уладзімір Карэцкі з КСУП “Племзавод “Карэлічы”, Міхаіл Харута з ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”.
Асаблівых слоў удзячнасці быў удастоены за падтрымку маладых вадзіцеляў, якія пераселі за руль трактара і плённа працуюць, старшыня СВК “Жухавічы” Д. Д. Янкоўскі.
Дзякуючы механізатарам грамадская жывёлагадоўля пад тэхналагічную патрэбу забяспечана высокаякаснымі кармамі, што спрыяе нарошчванню прадукцыі ферм. Некалі прыкладам у вытворчасці малака служыў племзавод “Карэлічы”, а на працягу апошніх гадоў лідарства ў гэтай галіне ўтрымлівае СВК “Свіцязянка-2003”, дзе зараз надойваюць за дзень ад кожнай каровы па 18,5 кг малака. Каля 17 кг атрымліваюць у СВК “Лукі-Агра”, “Жухавічы”. Сёння ў лідарах тыя гаспадаркі, у якіх пабудаваны сучасныя малочнатаварныя комплексы. І шчыры дзякуй за нястомную працу кіраўнікам гэтых вытворчых калектываў і радавым жывёлаводам.
Старшыня райвыканкама падзякаваў усім, хто прымаў актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю зерневых, садавіны і іншых культур, у тым ліку і школьнікам.
Добрыя словы за дзелавое супрацоўніцтва былі сказаны кіраўнікам банкаў Н. Б. Альшэўскай і В. В. Чартко, супрацоўнікам і спецыялістам райсельгасхарчу і іншых службаў.
На наступны год пастаўлена задача мець ураджайнасць зерневых і зернебабовых на ўзроўні 60 цэнтнераў з гектара, а валавы збор зерня давесці да 120 тысяч тон. Мы ўшчыльную наблізіліся да гэтага рубяжа і маем усе магчымасці ўзяць яго.
Нялёгка і няпроста зараз працаваць у сельскай гаспадарцы, але мы дастойна справіліся са сваімі абавязкамі і выканалі пастаўленыя задачы.
З прафесійным святам вас! Здароўя, дабра, міру ўсім вам і вашым сем’ям.
Дзякуй за плённую працу!
В. Л. Шайбак уручыў пераможцам раённага спаборніцтва пераходныя прызы імя Герояў Сацыялістычнай Працы, грашовыя прэміі, Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама.
Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў уручыў перадавікам яго старшыня А. В. Шкадаў.
У цырымоніі ўзнагароджання прымаў удзел першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама                  С. В. Барычэўскі. Узнагароды галіновага  прафсаюза ўручыла лепшым працаўнікам старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК І. Л. Пянькоўская.
У час святочнай урачыстасці ў дар Карэліцкаму храму Пятра і Паўла быў уручаны Абраз Прасвятой Багародзіцы, “Спарыцельніцы хлябоў”, напісаны па заказу кіраўнікоў СВК і іншых арганізацый раёна іканапісцамі Жыровіцкай абіцелі.
Прымаючы яго, настаяцель храма протаіерэй Максім Цыгель выказаў шчырую ўдзячнасць за бясцэнны дар і расказаў гісторыю яго стварэння, а таксама павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства з прафесійным святам і пажадаў новых поспехаў у іх высакароднай працы. Айцец Максім уручыў Ганаровыя граматы Карэліцкага благачыння старшыні СВК “Лукі-Агра” М. А. Гавіне, І. М. Паўловічу з НВП “Ніка”, старшыні СВК “Маяк-Заполле” І. М. Шышу.
У гэты дзень былі ўшанаваны пераможцы спаборніцтва сярод спецыялістаў раёна з прысваеннем звання “лепшы спецыяліст раёна” і ўручэннем грашовых прэмій у памеры 11 базавых велічынь, а таксама дадзены наказ маладым спецыялістам, са словам на дарогу да якіх звярнуўся кіраўнік раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбак.
У фае РДК была арганізавана выстава сельскагаспадарчай прадукцыі, прадукцыі ААТ “Навагрудскі масларобчы камбінат”.
Святочную праграму прадставілі самадзейныя артысты раёна і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.