НАВАГОДНІ ЗВАРОТ старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктара ШАЙБАКА

Шаноўныя жыхары Карэліччыны!
Яшчэ адну старонку летапісу перагортвае гісторыя. Кожны яе радок — добрыя справы нашых людзей, натхнёных імкненнем зрабіць сінявокую Беларусь моцнай і квітнеючай.
Па даўняй і добрай традыцыі напярэдадні Новага года падводзяцца вынікі года адыходзячага. Сёння можна смела назваць тыя лічбы, тыя паказчыкі, якіх мы дасягнулі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і іншых галінах народнай гаспадаркі.
Пяты раз у гісторыі раёна намалочана больш за 100 тысяч тон збожжа, а ў 2012 годзе ўпершыню пераадолена мяжа ў 118 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 56,6 ц/га. А ў СВК “Жухавічы” ураджайнасць склала 73,7 ц/га, у  5 гаспадарках перавысіла 60ц/га.
Эканоміка вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі працуе ўсё больш эфектыўна. Да 2012 года ўведзена ў эксплуатацыю 9 зернесушыльных комплексаў. Машынна-трактарны парк абнавіўся ў значнай ступені за кошт сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі. Вядзецца мадэрнізацыя ферм і жывёлагадоўчых памяшканняў. Ферма “Жухавічы” з даільнай залай на 800 галоў, малочнатаварны комплекс “Райца” на 777 галоў — гэта новыя аб’екты вытворчасці малака па сучасных тэхналогіях. Падобныя МТК плануецца пабудаваць або рэканструяваць у бліжэйшыя гады ва ўсіх гаспадарках раёна гаспадарчым спосабам за кошт уласных сродкаў.
Валавая вытворчасць малака складае 63 тыс. тон, надой на адну карову набліжаецца да 6-тысячнага рубяжа. Па гэтым паказчыку наш раён знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях у рэспубліцы.
68,3 % выручкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў атрымана ад рэалізацыі малака і мяса. Прыбытак ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі дасягне больш як 104 млрд рублёў. Рэнтабельнасць продажу — 21%. Чысты прыбытак складзе 121 млрд рублёў, што ў 2,5 раза больш, чым у 2011 годзе.
На ААТ “Карэлічы-Лён” пачата рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па мадэрнізацыі прадпрыемства з размяшчэннем высокапрадукцыйнай лініі доўгага і кароткага валакна. Уведзены ў эксплуатацыю цэх рэктыфікацыі спірту на Мірскім лікёра-гарэлачным заводзе дазволіў выпускаць спірт высокай якасці “Люкс”, а рэканструкцыя цэха масларобчага камбіната — вырабляць перапрацоўку малака па сучасных тэхналогіях і наладзіць выпуск высакаякаснай прадукцыі. Унітарнае камунальнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва з’яўляецца лідэрам не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы па аб’ёме аказаных паслуг на аднаго жыхара.
ДП “МПМК-152” і ААТ  “РБП-12” выконваюць асноўны аб’ём работ па ажыццяўленню плана па будаўніцтве, рэканструкцыі, тэхнічным пераўзбраенні, мадэрнізацыі аб’ектаў, будаўніцтве жылля.
Знаходзяць сваю нішу на вытворчым рынку прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу. На ТАА “Вівака”, якое спецыялізуецца на вытворчасці паветраводаў і фасонных частак дэталяў сістэм вентыляцыі і кандыцыянавання, створана больш за 60 працоўных месцаў, гадавы аб’ём вытворчасці складае больш за 10 млрд рублёў. Насельніцтва і арганізацыі раёна шырока карыстаюцца паслугамі будаўнічых прыватных прадпрыемстваў “Ралітэкс”, “Літаўр”, “Карэлічыбуд”.
Развіццё вытворчага патэнцыялу дазваляе развіваць сацыяльную сферу. Павышаецца якасць адукацыі. За апошнія 4 гады ў скарбонку дасягненняў алімпіяднага руху навучэнцаў адукацыйных школ дадалося 29 дыпломаў абласнога этапу, 8 дыпломаў і 2 падзячных лісты заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Раён з’яўляецца адным з лідэраў у рэспубліцы і рэгіёне па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па большасці прадметаў.
Па выніках 2011 года аддзел адукацыі райвыканкама і УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” занялі другія месцы ў вобласці.
Асаблівую надзею кіраўніцтва раёна і насельніцтва ўскладае на прафесіянальны калектыў медыкаў пад кіраўніцтвам новага і вельмі энергічнага галоўнага ўрача.
З асаблівай шчырасцю хачу павіншаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, тых, хто заваяваў для нас Перамогу над фашызмам. Мы, маладое пакаленне, памятаем і ганарымся вашым подзвігам. Вы адстаялі свабоду і незалежнасць, сталі прыкладам мужнасці, стойкасці і гераізму.
Шчыра жадаю маладому пакаленню творчасці і энергіі, ініцыятывы, натхнення. Упэўнены, што вы знойдзеце сваё пачэснае месца ў жыцці і грамадстве. Менавіта вам, дарагія юнакі і дзяўчаты, будаваць будучае краіны. Вашы слаўныя справы наперадзе, і мы будзем вамі ганарыцца.
Мірнай службы нашым землякам, якія надзейна ахоўваюць рубяжы нашай Радзімы!
Шаноўныя землякі!
Цёпла і сардэчна віншую вас з Новым 2013 годам!
Прыміце шчырыя пажаданні моцнага здароўя, светлага шчасця, надзеі, аптымізму, упэўненасці ў заўтрашнім дні, радасці ад дзяцей і ўнукаў, дабрабыту ў кожную сям’ю, удачы і кахання.
З Новым 2013 годам і Нараджэннем Хрыстовым, шаноўныя жыхары гераічнага, слаўнага Карэліцкага краю!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.