Турецкой средней школе — 150 лет (фото)

14 снежня 2012 года дзяржаўнай установе адукацыі “Турэцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа” споўнілася 150 гадоў. З гэтай нагоды ў актавай зале навучальнай установы адбылося ўрачыстае мерапрыемства з удзелам настаўнікаў, вучняў, педагогаў-ветэранаў, выпускнікоў розных гадоў, кіраўнікоў распарадчай і выканаўчай улады, сельвыканкама, мясцовага СВК, суседніх школ, бацькоў і запрошаных гасцей.
Права адкрыць урачыстасць было прадастаўлена дырэктару школы-сада Г. У. ШУГАЛА.
— Дарагія сябры! — гаварыла Ганна Уладзіміраўна. — Мы рады вітаць вас у нашай школе. Сёння словы прывітання для кожнага маюць асаблівую цеплыню, сардэчнасць і шчырасць. Таму што ў жыцці кожнага чалавека ёсць моманты, якія ніколі не сатруць з памяці прайшоўшыя гады. На караблі жыцця яны займаюць асаблівае месца. Гэта перыяд школьных гадоў.
У кожнага з прысутных у гэтай зале свая памяць аб роднай школе, але аб’ядноўвае ўсіх нас тое, што ўсе мы родам з дзяцінства, дзе і водар квітнеючага бэзу самы прыемны, дзе самае салодкае бабуліна варэнне і дзядулін пчаліны мёд, дзе журчанне ручая і шэпт лістоты самыя пяшчотныя.
Ад усёй душы мы вітаем сёння нашых дарагіх гасцей, кіраўніцтва раёна, аддзела адукацыі, калег-суседзяў, педагогаў-ветэранаў, прадстаўнікоў соцыума, бацькоўскай грамадскасці, усіх, хто прыйшоў раздзяліць з намі радасць урачыстасці.
Теплей человеку в дорогах суровых,
В далеких краях от того,
Что где-то на свете есть милая школа,
Есть добрая школа его.
Гэтыя словы гучаць як напамін для выпускнікоў  школы, якую многія з вас некалі называлі роднай, якую нехта закончыў нядаўна, некалькі дзясяткаў гадоў назад, многа дзясяткаў гадоў назад… Сёння гэта не так важна. Галоўнае, што вы ўсе вярнуліся сюды, а значыць не забыліся, любіце, верыце і памятаеце. І ва ўрачысты юбілейны дзень мы ўсе разам.
Гэта выпускнік 1957 года М. А. Ламан, загадчык кафедры Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча; выпускнік 1970 года У. У. Бірыч, дацэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта; дацэнт М. І. Кур’янка; палкоўнік П. П. Коржык.
Са сцен гэтай навучальнай установы выйшлі доктар педагагічных навук, прафесар Г. М. Булдык, пісьменнік і мастак М. І. Бусько, дацэнт М. А. Пучко, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь А. А. Кеда і іншыя.
Прайсці шлях у 150 гадоў ад “А” да “Я” дапамог удзельнікам свята чалавек дапытлівага розуму і невычарпальнай энергіі, аўтар кнігі, прысвечанай Турэцкай школе са дня яе заснавання пад назвай “Родники разумного, доброго, вечного», Мікалай Афанасьевіч Ламан.
На сцэну запрашаюцца старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак і старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў.
— Паважаныя настаўнікі, педагогі-ветэраны, госці, дзеці, — гаварыў Віктар Леанідавіч Шайбак. — Мне вельмі прыемна ў чарговы раз вітаць вас у гэтай цудоўнай школе, дзе працуе дружны, зладжаны педагагічны калектыў, дзе створана цёплая, сардэчная атмасфера, дзе навучаюцца адораныя дзеці.
Школа — гэта храм навукі, дзе кожны з нас спазнаў усё ўпершыню: першы званок, першы ўрок, які правяла першая настаўніца, якая зрабіла ўсё, каб у будучыні першакласнікі сталі адукаванымі і цвёрда сталі на ногі.
Мы вучымся ўсё жыццё, спазнаём разумнае, добрае, вечнае і хочам, каб усё на нашым жыццёвым шляху ладзілася. Здараецца, што не ўсё атрымліваецца так, як задумана. Але самы лепшы перыяд — гэта школьныя гады, і ўсім лепшым у сабе мы абавязаны школе, нават у студэнцтве, працоўнай дзейнасці, незалежна якую прафесію выбралі і якую пасаду займаем.
Сёння радуюць поспехі гэтай навучальнай установы, тая культура, якая тут прысутнічае.
Я радуюся поспехам нашых школьнікаў на прадметных алімпіядах, ганаруся нашымі выпускнікамі, якія паспяхова паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Усё гэта характарызуе і высокі прафесійны ўзровень настаўнікаў, пераемнасць пакаленняў педагогаў-наватараў.
Мікалай Афанасьевіч Ламан у сваім выступленні зрабіў экскурс у гісторыю школы і яскрава паказаў крыніцы нашай адукацыі, нашай культуры, якая ўласціва школе і педагогам, а разам з тым і вучням.
Настаўнік, урач і святар закладваюць падмурак нашай свядомасці, асновы нашай адукацыі, усведамлення сваёй чалавечай годнасці. Без гэтага не будзе добрага прафесіянала ў любой сферы матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці. І прыярытэт тут належыць школе.
Самае дарагое ў нас — дзеці. І мы, улада, педагогі, бацькі, грамадскасць, павінны зрабіць усё, каб яны жылі шчаслівымі, здаровымі, паспяхова авалодвалі ведамі, а ў будучыні маглі забяспечыць нам дастойную старасць.
Прыемна сёння за добразычлівы мікраклімат у школе-юбілярцы, за сістэмнасць у арганізацыі вучэбна-выхаваўчай працы, за прафесіяналізм і майстэрства педагагічнага калектыву.
Віншую ўсіх са святам, жадаю ўсяго самага добрага, творчых вам настаўнікаў і здольных, таленавітых вучняў, добразычлівых і мудрых бацькоў, новых творчых дасягненняў!
Затым слова трымала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Асташэвіч.
— Паважаныя ўдзельнікі ўрачыстасці, — гаварыла Ірына Валер’еўна, — паважаныя калегі-настаўнікі, шаноўныя ветэраны-педагогі, госці, дарагія рабяты. Мне прыемна сёння  прысутнічаць на слаўным юбілеі Турэцкай сярэдняй школы. Мне давялося за гады сваёй працы пабываць на некаторых юбілеях школ. Але гэта былі маленькія юбілейныя даты: 20, 25, 30 гадоў, а тут 150. Вялікі прамежак часу, вялікая веха ў жыцці і развіцці ўстановы адукацыі.
Гісторыя пачалася з Турэцкага народнага пачатковага вучылішча. Ішлі гады, жыццё не стаяла на месцы, многае мянялася, але нязменным застаецца адно — 1 верасня мы сустракаем маленькіх першакласнікаў, а ў канцы мая праводзім у самастойнае жыццё чарговы выпуск. Не мяняецца ў прафесійнай дзейнасці таксама адно — адданасць выбранай прафесіі. І сёння вельмі прыемна бачыць на гэтым свяце ветэранаў педагагічнай працы, якія шмат сіл і энергіі аддалі гэтай нялёгкай прафесіі. Менавіта настаўнік знаходзіць шлях да кожнага вучня, аддае яму часцінку свайго сэрца.
Сёння Турэцкая сярэдняя школа займае дастойнае месца ў сістэме адукацыі нашага раёна. Я ўдзячна за гэта ўсяму педагагічнаму калектыву і нашай новай маладой адміністрацыі.
Турэцкая школа мае слаўныя традыцыі, якімі па праву ганарыцца. Яна мае асаблівую методыку выхаваўчай работы, трывалую сувязь з установамі соцыума. Славілася і славіцца школа сваімі спартыўнымі дасягненнямі, мае выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу, і гэта работа будзе прадоўжана, асабліва па праграме дашкольнай адукацыі.
Звярніце ўвагу, на лозунгу напісана — не Турэцкай, а “Роднай школе — 150”. І ёй можна ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія сталі вядомымі людзьмі ў нашай краіне і за яе межамі. Школа трымае высокую планку пры паступленні ў ВНУ.
Паважаныя педагогі, сёння важна падрыхтаваць не толькі добрага будучага студэнта, а і добрага чалавека. Не важна, якую адукацыю потым выпускнік атрымае, якую пасаду будзе займаць, галоўнае, каб яго цанілі і паважалі людзі. Я веру, што такіх выпускнікоў вы будзеце рыхтаваць і ў далейшым.
Школа жыве, пакуль яе памятаюць выпускнікі. Менавіта такіх выпускнікоў я жадаю вам, а педагогам і школьнікам моцнага здароўя і новых творчых здабыткаў.
З 1965 года лёс М. І. Кергета звязаны з Турэцкай школай. На працягу шаснаццаці гадоў ён быў кіраўніком гэтай навучальнай установы і толькі два гады назад пакінуў пост дырэктара.
Далучаючыся да віншаванняў і пажаданняў юбілярам, Мікалай Іванавіч падкрэсліў: “Азнаёміўшыся з класамі і кабінетамі, я асабіста пераканаўся, што школа ў надзейных руках, і калі яна развіваецца, то і былому кіраўніку гэта вельмі прыемна”.
Бурнымі апладысментамі віталі ўдзельнікі ўрачыстасці ветэранаў-настаўнікаў, а слова ад іх імя трымала Л. М. Брылевіч, якая выказала нямала пранікнёных слоў аб цудоўнай прафесіі педагога, аб важнасці той справы навучання дзяцей, якой шмат сіл і энергіі, цеплыні сваёй душы аддалі настаўнікі-ветэраны, а зараз на ніве адукацыі яе прадаўжаюць маладыя.
Адзначаючы юбілей школы, удзельнікі ўрачыстасці не забыліся пра тых, хто аддаў ёй лепшыя гады свайго жыцця, тых, хто быў заснавальнікам традыцый, заснавальнікам   будучых поспехаў, і ўшанавалі памяць настаўнікаў, якіх ужо няма з намі, хвілі-най маўчання.
Пасля гэтага слова трымаў настаяцель Пакроўскай царквы айцец Аляксандр, які расказаў аб супрацоўніцтве школы з праваслаўнай царквою і пажадаў добрага здароўя, веры і новых творчых поспехаў педагагічнаму і вучнёўскаму калектывам.
Нялёгка падлічыць, колькі выпускнікоў за 150 гадоў праводзіла ў дарогу школа, але ўсімі па праву яна ганарыцца. Ад іх імя сваімі ўспамінамі падзяліліся дацэнты М. І. Кур’янка, У. У. Бірыч, палкоўнік П. П. Коржык.
Потым на сцэну са сваімі віншаваннямі падняліся вучні пачатковай школы, а таксама старшыня СВК імя Чарняхоўскага М. М. Шуляк, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце А. А. Чамярыс, дырэктар ДУА “Ярэміцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа імя Уладзіміра Калесніка” М. К. Уласевіч.
Ад імя бацькоўскага камітэта педагогаў, вучняў, выпускнікоў і тэхнічны персанал віншавала яго старшыня Т. М. Бабарыка,  актыўны ўдзельнік стварэння школьнага музея П. А. Абадзінскі.
Прывітальны адрас школе-юбілярцы ад імя прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь зачытаў акадэмік М. А. Ламан.
На ўрачыстасці былі падарункі, торт і свечкі, нумары мастацкай самадзейнасці і многа шчырых, цёплых слоў і пажаданняў.
Завяршылася свята агульным выкананнем гімна Турэцкай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.