Готова ли сельхозтехника к весенне-полевым работам?

Кожны год у зімовы перыяд кіраўнікі і спецыялісты аграпрамысловых прадпрыемстваў абараняюць перад кампетынтнай камісіяй мерапрыемствы па забеспячэнні прагнозных паказчыкаў у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці. Цалкам абгрунтавана, з лічбамі, разлікамі яны даказваюць сваю здольнасць паляпшаць эфектыўнасць гаспадарання ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, павышаць ура-джайнасць сельскагаспадарчых культур і прадуктыўнасць грамадскай жывёлы, прадукцыйнасць працы, рэнтабельнасць вытворчасці, прыбытковасць гаспадарання.
На карысць гэтага прыводзіцца нямала фактараў. Немалаважнае месца сярод іх займаюць эканомія і беражлівасць. Праўда, гэта больш датычыць энергазберажэння, эканоміі паліва, газу, электраэнергіі. І ў меншай  ступені гаворыцца аб канкрэтных аспектах дзейнасці ў гэтым напрамку. А поле яе тут шырокае.
Агульнавядома, што дзяржава аказвае вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі пастаянную падтрымку. На гэта выдаткоўваюцца мільярды рублёў, дзякуючы чаму абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база сельгаспрадпрыемстваў. Машынна-трактарны парк аснашчаецца сучаснай  высокапрадукцыйнай тэхнікай айчыннай і замежнай вытворчасці.
На яе ўтрыманне і рамонт таксама патрэбны велізарныя сродкі. Але падобна на тое, што матэрыяльная дапамога дзяржавы прывяла некаторых кіраўнікоў і спецыялістаў да самазаспакоенасці. Між іншым, сучасны трактар або камбайн, абсталяваны электронікай, камп’ютарамі, патрабуюць дасканалага ведання будовы і эксплуатацыі такіх агрэгатаў, іх рамонту і захоўвання.
Зіма — найбольш спрыяльны час для  вучобы механізатараў, спецыялістаў, кіраўнікоў гаспадарак, арганізацыі і правядзення рамонтных работ, падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ. Ад кампетэнтнасці ў гэтай справе, умення яе арганізаваць залежыць поспех у правядзенні пасяўной кампаніі, догляду і ўборкі пасеваў, нарыхтоўкі кармоў з найменшымі затратамі на запасныя часткі, вузлы і агрэгаты, эканоміі паліва і змазачных матэрыялаў.
А што робіцца ў гэтым напрамку ў  цэху механізацыі нашага раёна, які мае на ўзбраенні  навейшыя высокаэфектыўныя глебаапрацоўчыя, пасяўныя і ўборачныя агрэгаты. У якіх умовах працуюць рамонтнікі і механізатары ў майстэрнях гаспадарак?
Шмат добрых традыцый па  падрыхтоўцы да веснавых палявых работ у СВК “Маяк-Заполле”. Тэхніка тут рыхтуецца да выхаду ў поле загаддзя і грунтоўна, таму ў  гарачы час не падводзіць хлебаробаў. Не выключэнне і бягучы сезон. У мехмайстэрні Краснае ў  вытворчых  памяшканнях  цёпла, а таму і настрой на добрую працу адпаведны.
Не горшы ён і ў былога студэнта факультэта тэхнічнага сервісу БДТУ Віктара Пятровіча, які замацоўвае тэарэтычныя веды на пасадзе загадчыка майстэрні. Балазе, што ў дзень нашага прыезду Віктар адзначыў свой 23-ці дзень нараджэння на працы. І паводле яго слоў, плугі, культыватары, дыскатар гатовы да выхаду ў поле. На чарзе аднаўленне АКШ і пасяўных агрэгатаў АПП-6. Запасныя часткі для іх закуплены, і ў бліжэйшы час рамонт будзе завершаны.
Паставіць сельгастэхніку на лінейку гатоўнасці дапамагаюць токар Мікалай Мікалаевіч Яфрэмаў, газаэлектразваршчык Віталій Уладзіміравіч Арабей, майстар-наладчык Віктар Міхайлавіч Галавач.
Зараз механізатары рыхтуюцца да тэхнічнага агляду.
Гэтага нельга сказаць пра мехмайстэрню ў вёсцы Паланая. Большасць  механізатараў знаходзіцца ў водпуску, і толькі лічаныя трактары заняты на фермах. У майстэрні амаль пуста і вельмі холадна, гуляюць скразнякі. Цеплагенератар ТГА-800 гэтай зімою яшчэ не ўключалі, а механізатары грэюцца каля самаробнага абагравальніка ў адным з памяшканняў агромністага аб’екта.
Цішыню на машынным двары ў аграгарадку Турэц СВК імя Чарняхоўскага галоўны інжынер гаспадаркі Ю. А. Дрык  патлумачыў тым, што механізатары знаходзяцца ў водпусках і хутка выйдуць на працу. Тады, маўляў, і возьмемся ўшчыльную за падрыхтоўку тэхнікі. А пакуль гатовы да выхаду ў поле плугі, дыскатар і два пасяўныя агрэгаты АПП-6.
Чакаюць рамонту АКШ, два культыватары, пасяўны агрэгат “Амазоне”, да тэхагляду належыць падрыхтаваць трактарны парк. Стрымлівае ўсё             адсутнасць фінансавых сродкаў.
Па гэтай прычыне праблематычным стала аднаўленне двух кормаздабываючых комплексаў “Ягуар”, на што  трэба не менш 300 мільёнаў рублёў, не забіраюць са Слонімскага маторарамонтнага завода 7 рухавікоў. Чакаюць, што паслугі патаннеюць. А між іншым, тут не валодаюць інфармацыяй аб тым, што  для зніжэння кошту рамонту пасяўной і кормаздабываючай тэхнікі айчыннай вытворчасці дзяржава выдзеліла раёну больш як паўмільярда рублёў.
Не ўсё складваецца з-за адсутнасці грошай з набыццём запчастак да трактароў і аўтамабіляў. І хаця ўмовы работы рамонтнай службе і механізатарам створаны, майстэрня абаграецца цеплагенератарам ВЭП-300, а цэхі — печкамі, на рабочых месцах пануе зацішша.
Тая ж самая  фінансавая праблема існуе і ў суседняй гаспадарцы СВК імя Царука. Але тут  не чакаюць манны нябеснай, а з восенні адрамантавалі глебаапрацоўчую тэхніку, а зараз рыхтуюць усё, што не патрабуе вялікіх грашовых выдаткаў.
Як паведамілі галоўны інжынер М. М. Кузьміч і малады спецыяліст, загадчык майстэрні А. А. Шульга, культыватары, плугі, АКШ пастаўлены на лінейку гатоўнасці. У гэтыя дні самы вопытны механізатар В. Е. Мазюк рыхтуе да вясны пасяўны агрэгат “Гаспарда”, а  М. А. Мароз — кормаздабываючы комплекс “Ягуар”. Некаторыя запчасткі для іх ёсць, з іншымі праблем не бачаць.
Цяпер у майстэрні цесна ад сельгасмашын і агрэгатаў, вурчыць цеплагенератар, капітальны рамонт вядзецца і ў Доме механізатара. Тэхніку трактарыстам дапамагаюць аднаўляць токар А. П. Дручык, газаэлектразваршчыкі У. У. Кураш і А. А. Ваўчок, слесары Ю. Р. Бялоў, Я. І. Шудзейка, Я. А. Барысаў.
Нягледзячы на тое, што працоўны дзень набліжаўся да завяршэння, у  мехмайстэрні СВК “Лукі-Агра”  было шматлюдна. У цёплым прасторным памяшканні было цесна ад пастаўленай тэхнікі, ля якой завіхаліся людзі.
Ля трактара “Джон-Дзір” мы заўважылі механізатара Алега Мікалаевіча Леановіча, які разам з інжынерам-механікам фірмы “БелАграБалтык” Вячаславам Харошкам рабіў дэфектоўку вузлоў пярэдняга маста для наступнага рамонту. Як ніяк, а за сем гадоў  эксплуатацыі іншаземец выпрацаваў 16000 мотагадзін.
— На нашым абслугоўванні, — расказаў Вячаслаў Антонавіч, — знаходзяцца ўсе гаспадаркі раёна, якія маюць сельскагаспадарчую тэхніку маркі “Джон-Дзір”. Дык вось у Луках ніколі няма праблем з трактарамі, камбайнамі, прэсамі, пагрузчыкамі гэтай фірмы, бо тут дбаюць пра тэхніку, умела працуюць, своечасова праводзяць рэгламентныя работы, тэхагляд і г. д.
Тое ж самае назіраецца і ў адносінах да сельгасмашын і агрэгатаў айчыннай вытворчасці, а таксама да людзей. Я бываю ў Доме механізатара, у яго ўтульных рабочых кабінетах. Меў магчымасць нават папарыцца ў механізатарскай  лазні. Уражанне цудоўнае. Ці не таму поспех спадарожнічае лукскім хлебаробам.
На мехдвары СВК “Свіцязянка-2003” нас сустрэў інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка В. М. Рытус, які і расказаў, што ў гаспадарцы вядзецца рамонт глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі, падрыхтоўка трактароў да штогадовага тэхагляду. Праблем з запаснымі часткамі да глебаапрацоўчай, пасяўной, кормаздабываючай тэхнікі няма.
Падрыхтоўкай тэхнікі да вясны займаецца рамонтная служба ў складзе токара, двух газаэлектразваршчыкаў і чатырох слесараў. Найбольш складаную тэхніку рыхтуюць самі механізатары.
Цяплом майстэрню забяспечвае цеплагенератар ТГА-800 на мясцовых відах паліва. Будуецца Дом механізатара.
У СВК “Малюшычы” аб становішчы спраў расказаў старшы інжынер гаспадаркі С. М. Гавіна. Паводле яго слоў, больш-менш адрамантаваны плугі і культыватары, барана для безадвальнай апрацоўкі глебы,  адзін дзевяціметровы і два культыватары КСМ-6 падрыхтаваны. У стадыі завяршэння рамонт АКШ-6, АКШ-4, двух сямікорпусных і двух чатырохкорпусных абаротных плугоў. Пачынаецца рамонт машын для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў.
Набылі запчасткі для рамонту трактараў МТЗ-1221, але пакуль яго не пачыналі, няма людзей, у водпусках. Дарэчы, у водпуск людзей адправілі ў снежні-студзені і адбыць яго механізатары павінны да сярэдзіны лютага. Вось тады і мяркуюць у кааператыве “ўзмоцнены” рамонт. Пры ўмове, праўда, што будуць сродкі, бо на практыцы крэдыты паступаюць у красавіку.
А пакуль за апошні месяц замянілі каробку перамены перадач у МТЗ-3022 і рухавік у МТЗ-2022. Замены пярэдніх мастоў патрабуюць два МТЗ-1221, праблема з пагрузчыкам “Амкадор-332 С”, якому патрэбен капітальны рамонт пярэдняй паўрамы. Дамоўленасць аб гэтым ёсць.
З трох пасяўных агрэгатаў АПП-6 адзін спраўны, у двух трэба замяніць рабочыя органы. Але пакуль няма грошай.
І колькі б ні хваліў за працавітасць і добрасумленнасць спецыяліст майстра-наладчыка С. А. Чубрыка, токара І. І. Гурына, механізатараў А. Г. Саладуху, А. А. Гіза, А. М. Зуська, напрыканцы ён прызнаў, што людзям трэба надаваць больш увагі, паляпшаць ім умовы працы, у суровую зіму гэтага года, у тым ліку, бо майстэрні не абаграваюцца, не хапае магутнасці катла, а на новы цеплагенератар трэба 9 мільёнаў рублёў. Праблема.
Тым не менш, гаспадарцы, і не толькі ёй, дзяржава пастаянна аказвае дапамогу. У выніку машынна-трактарны парк СВК “Малюшычы” абнавіўся настолькі, што ў 2011 годзе кааператыў справіўся з уборкай ураджаю ўласнымі сіламі. Упершыню ў гісторыі гаспадаркі. А гэта значыць, што СВК вырас з кароткіх штаноў і здольны сам рашаць свае праблемы, а не спадзявацца на добрага дзядзьку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.