Утренник в социально-педагогическом центре Кореличского района

Па добрай традыцыі напярэдадні Новага года ў раёне праводзіцца акцыя “Нашы дзеці”. Сёлета яна стартавала ва ўстанове адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна”, які размяшчаецца ў Палужжы.
На свята да дзяцей, акрамя Дзеда Мароза, Снягуркі, казачных персанажаў, завіталі намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Асташэвіч, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Н. У. Швец, спецыялісты раённых службаў. Яны прыехалі не з пустымі рукамі, а з навагоднімі падарункамі, якіх так чакаюць хлопчыкі і дзяўчынкі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнулася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Асташэвіч. Ірына Валер’еўна нагадала, што ўсе мы верым, што ў навагоднюю ноч збываюцца ўсе запаветныя жаданні, і пажадала, каб кожны хлопчык і дзяўчынка загадалі яго і тады яно абавязкова споўніцца. Звяртаючыся да дарослых, яна напомніла, што самае вялікае шчасце — гэта дзеці, якія павінны быць шчаслівыя не толькі ў навагоднюю ноч, а ўсё жыццё.
Ірына Валер’еўна расказала, што госці прыехалі з падарункамі ад раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі, і кожны з дзяцей атрымае не толькі салодкі падарунак, а і мяккую цацку, а яшчэ і цацкі для агульнага карыстання.
Затым слова трымаў намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык.
—    Новы год — гэта свята, якое абавязкова прыходзіць да нас са святочнай ёлкай, песнямі, гульнямі, карагодамі, — гаварыў Руслан Юр’евіч. — Я хачу пажадаць вам, дзеці, каб наступны Новы год вы сустрэлі ў сваіх сем’ях, са сваімі мамамі, татамі, таму што няправільна гэта, калі дзеці сустракаюць свята ў сацыяльнай установе.
Дарагія дзеткі! Я жадаю, каб з Дзедам Марозам і Снягуркай вам было весела, радасна, цёпла, а падарункі радавалі. Будзьце заўсёды здаровыя і прыгожыя, няхай у вас усё атрымаецца.
З Новым годам!
Да віншаванняў і пажаданняў папярэдніх прамоўцаў далучылася і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Н. У. Швец, якая прывезла падарункі ад маладзёжнай арганізацыі.
Навагодняя акцыя выхаванцам прытулку запомніцца надоўга.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.