Жительнице Кореличского района Н. В. Балабанович исполнилось 100 лет!

Лічба трынаццаць насцярожвае многіх людзей, якія лічаць яе нешчаслівай і імкнуцца пазбягаць, дзе толькі можна. А што рабіць чалавеку, калі гэта лічба наканавана яму лёсам.  Адчайвацца? Наракаць на ўсё? Або, адкінуўшы ў бок забабоны і прымхі, самому каваць сваё шчасце?
Апошняе ўласціва асобам моцным духам, рашучым, ініцыятыўным і таленавітым. З гэтай кагорты Ніна Васільеўна Балабановіч, якая сёлета адзначыла 100-ы дзень нараджэння. 1 студзеня 1913 года ў мнагадзетнай сям’і з мястэчка Турэц нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Нінай. Выхоўвалася яна сярод сямі сясцёр і двух братоў, дзе кожны дапамагаў адзін аднаму, а ўсе разам — бацькам.
Хутка праляцела дзяцінства і ў дваццацігадовым узросце Ніна пайшла замуж за Аляксея Балабановіча ў Сіняўскую Слабаду. Жылося няблага: мелі ўласную гаспадарку, надзел зямлі, лесу, сенажаці. Ды і месца для жыцця было прывабнае. Працалюбівую Ніну мясцовыя сяляне называлі “турчанкай”.
Бацька рана стаў займацца палітыкай, за што і быў арыштаваны белапольскімі ўладамі і адбываў зняволенне ў  сумна вядомай Картуз-Бярозе. На волю выйшаў у верасні 1939 года. Жыццё пакрысе наладжвалася, але вайна перакрэсліла ўсё.
Нямецкія акупанты спалілі партызанскую вёску і давялося вярнуцца ў Турэц. А тут зноў выпрабаванні. У красавіку 1944 года мужа Аляксея Васільевіча Балабановіча мабілізуюць на фронт.
Не маючы свайго жылля, Ніна Васільеўна старалася як магла, дзяцей гадавала, у полі арала, касіла, але аптымізму не губляла. А яшчэ была майстрыхай на ўсе рукі: спяваць, танцаваць, ткаць, вышываць. А якія караваі пякла!
Не дачакалася Ніна мужа з поля бою. Дайшоў яе Алёша да Берліна, дзе і склаў галаву.
А ў Турцы жыццё прадаўжалася. У 1949 годзе стварылі калектыўную гаспадарку, у якой Ніна Васільеўна працавала свінаркай. Больш 20 гадоў аддала ферме, потым працавала на розных работах у паляводстве.
За добрасумленную працу ўдастоена ганаровага звання “Заслужаная калгасніца”, выбіралася членам праўлення гаспадаркі, дэпутатам сельсавета.
Салдацкая ўдава ў цяжкіх умовах выгадавала дастойных дачку і сына, мае пяць унукаў і сем праўнукаў, дзве праўнучкі і прапраўнучку.
Простая сялянка здзейсніла подзвіг. Стала добрай, кахаючай жонкай, маці, клапатлівай бабуляй і прабабуляй, дажыла да     100 гадоў.
Яна часта ўдзельнічала ў розных выставах, дзе паказвала сваё майстэрства пячы караваі, ахвотна спявала ў калгасным хоры. Пашчасціла ёй і асабіста сустракаць на карэліцкай зямлі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнку.
І вось на календары 2013. Месца дзеяння — Турэцкі ЦСДК. У гэтай культустанове адбылося ўшанаванне юбіляркі. Павіншаваць доўгажыхарку прыехалі кіраўнікі раённай распарадчай і выканаўчай улады, мясцовага сельвыканкама і СВК імя Чарняхоўскага, дзеці, унукі, родныя Ніны Васільеўны.
Адкрыў урачыстасць з нагоды 100-гадовага юбілею гэтай сціплай вясковай жанчыны старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак.
Віктар Леанідавіч цёпла гаварыў пра жыццёвую мудрасць і таленты Ніны Васільеўны, пра той вялікі ўклад, які ўнесла гэтая працалюбівая сялянка ў развіццё роднай гаспадаркі, пра цудоўна выхаваных дзяцей і тую багатую спадчыну, перададзеную ўнукам і праўнукам.
— Мне прыемна гаварыць вам добрыя словы, — зазначыў В. Л. Шайбак, — па-першае, як юбілярцы, а па другое, — як маці. Бо ў кожнага з нас ёсць мамы і мы павінны, мы абавязаны клапаціцца аб іх, забяспечыць іх дастойную старасць, захаваць і прадоўжыць даўгалецце дарагіх нам людзей. Іх мудрасць, развага, вопыт спрыяюць самаму вялікаму — шчаслівай будучыні.
Старшыня райвыканкама ўручыў доўгажыхарцы новы пашпарт і каштоўны падарунак.
Да слоў кіраўніка раённай “вертыкалі” далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў, які падкрэсліў, што лічба 100 вельмі ўнушальная і да такога ўзросту ў раёне дажылі толькі 9 чалавек.
— Вы, Ніна Васільеўна, — дзясятая з кагорты доўгажыхароў. Па-рознаму сустракаюць людзі такую дату і таму прыемна, што вы сустракаеце  юбілей у добрым здароўі, прыгожая і добрая, якую ўсе мы віншуем з днём нараджэння і жадаем пражыць многа-многа шчаслівых гадоў.
Потым слова трымала былы старшыня раённага Савета дэпутатаў і былы кіраўнік раённага савета жанчын Л. І. Нагорная.
— Я ўдзячна лёсу, — гаварыла Лідзія Іосіфаўна, — што ведаю Ніну Васільеўну больш дваццаці гадоў. Ведаю як чалавека невычарпальнай энергіі, жыццёвай мудрасці і працавітасці.
Я не ўяўляю ніводнай сустрэчы з салдацкімі ўдовамі без удзелу Ніны Васільеўны, без спечанага яе клапатлівымі рукамі духмянага караваю. І што ні год, то новы, незвычайна аздоблены, у якія былі ўкладзены душа, дабрыня, цеплыня, шчодрасць душы.
Менавіта з гэтым чалавекам мы сустракалі каля вёскі Рап’ёва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнку ў час яго рабочай паездкі ў Карэліцкі раён. І калі наша знакамітая льнаводка Н. С. Свірыд уручыла кіраўніку дзяржавы каравай, а Ніна Васільеўна заспявала “Многія лета”, Прэзідэнт быў прыемна ўражаны. Гэта было вельмі цудоўна.
Дзякую вам за ваша жыццялюбства, дабрыню, цеплыню, шчодрасць душы і сэрца, за вашу невычарпальную энергію і найвышэйшую жыццёвую мудрасць. Жыць вам яшчэ шмат гадоў і радаваць дзетак многія лета.
— Прыемна бачыць, — гаварыла старшыня Турэцкага сельвыканкама В. В. Ходар, — вас, Ніна Васільеўна, бадзёрай, энергічнай, жыццярадаснай жанчынай.
Вы з тых нямногіх людзей, якія вельмі добра памятаюць гісторыю мінулага стагоддзя і ахвотна дзеліцеся гэтымі ўспамінамі з чытачамі “Советской Белоруссии”, “Звязды” і нашай роднай раённай газеты “Полымя”.
Што вы жыццярадасная — ведаюць усе, што працавітая — пацвярджае ўдзел у ВДНГ у Маскве. А яшчэ практычна ніводнае вяселле ў Турцы і за яго межамі не праходзіла без вашых караваяў.
На ўсё ў вас хапала часу. І на дзяцей, і на працу. Шмат гадоў вы спявалі ў нашым царкоўным хоры. Вы выканалі пастаўленую перад сабою задачу — дажылі да 100-гадовага ўзросту. Гэта вельмі добра, але мы жадаем перажыць усіх доўгажыхароў аграгарадка Турэц і паставіць новы рэкорд працягласці жыцця.
З юбілеем вас!
Потым былі віншаванні і падарункі сваякоў, родных, блізкіх і святочны стол.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.