15 февраля — День памяти воинов-интернационалистов

На ўскрайку вёскі Зарэчча стаіць непрыкметная сярод іншых сялянская хата. Яе гаспадыня, Яўгенія Васільеўна Федарака        адзначыла ўжо свой 75-ы дзень нараджэння. Сёння тут ціха. Толькі цераз дарогу, прабітую ў лютаўскім снезе, шапацяць на марозным ветрыку  сваім голлем прысады. Гэтыя дрэўцы беражэ Яўгенія Васільеўна з той пары, калі першае з іх пасадзіў яе чатырохгадовы сын Васілёк, які быў адзіным мужчынам у доме. Потым гэта стала традыцыяй і такім чынам адзначалі найбольш важныя падзеі.
Яны і сёння растуць, гэтыя дрэвы, але ўжо як жывы ўспамін пра яго. За два месяцы да свайго дваццацігоддзя Васілій Федарака загінуў у Афганістане.
Яго біяграфія ўмяшчаецца ў некалькі радкоў: вучыўся ў Смольчыцкай школе, потым закончыў курсы трактарыстаў, вучыўся ў Мінскім ПТВ-34.
У сакавіку 1982 года прызваны на тэрміновую ваенную службу, якую праходзіў у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане.
Навабранец прыняў ваенную прысягу 9 мая 1982 года, у Дзень Перамогі і да канца застаўся верным дадзенай клятве.
Як былы трактарыст, радавы Васіль Федарака дапамагаў афганскім сялянам асвойваць трактар “Беларусь”, працаваць на ім. Праходзіла гэта “мірная ідылія” пад прыкрыццём бронетранспарцёраў. І завяршылася гэтак жа хутка як і пачалася.
У падраздзяленні радавы Федарака быў дысцыплінаваным воінам, неаднойчы выходзіў на баявыя заданні супраць мяцежнікаў, быў заўсёды там, дзе цяжэй.
4 студзеня 1984 года Васілій Федарака быў прызначаны на пасаду старшага механіка-вадзіцеля. Праз дваццаць дзён яго не стала.
На самым бачным месцы ў хаце Яўгеніі Васільеўны стаяць два мужчынскія партрэты: бацькі Васілія Аляксеевіча Пятрыкевіча, які не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны, не даслаў ніводнага ліста і дзе пахаваны невядома, і сына Васілька, пахаванага на мясцовых могілках.
Розныя думкі агортваюць гэту пажылую жанчыну, мрояцца ўспаміны, якія так хочацца вярнуць да жыцця. Але не дадзена гэта і забываецца яна толькі ў паўсядзённай працы, а яшчэ ў спробах творчасці.
Невысокая адукацыя ў Яўгеніі Васільеўны, але думкі шчырыя і іх яна паспрабавала зарыфмаваць у выступленні на Дні інвалідаў у снежні 2012 года.
Снег и ветер в окна мне стучится,
Зимним вечером скучно одной.
Я сажусь и письмо пишу сыну:
— Что ж не слышно тебя, мой родной?
В гости ждать я тебя перестала,
Жду я писем, но ты их не шлешь.
Я б в гостях у тебя побывала,
Только в гости к себе не зовешь.
Оба смотрите вы из портретов:
Дед и внук — два родных, так похожих лица…
Как была б моя старость согрета,
Если б встретила тебя у крыльца!
Каждый день я иду на дорогу,
Чтоб родного сыночка встречать,
А мне ветер зловеще так свищет:
— Ты напрасно не стой, ты его не дождешься,
Ты — несчастная мать.
Але не забываюць маці салдата мясцовая ўлада, супрацоўнікі райваенкамата, школьнікі. Наведваюць, суцяшаюць, дапамагаюць, чым могуць. У такія хвіліны лягчэй на сэрцы жанчыны, хаця боль незваротнай страты застаецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.