Работники культуры дарят людям хорошее настроение

Падведзены вынікі работы ўстаноў аддзела культуры райвыканкама за 2012 год і вызначаны задачы на 2013 год. Аб асноўных накірунках дзейнасці  журналіст гутарыць з начальнікам Н. А. МАІСЕЕНКА.
— Нэлі Аляксандраўна, як склаўся для ўстаноў культуры мінулы год?
— У раёне 44 установы культуры. Летась у сувязі з  аптымізацыяй закрыты Пагорскі і Любнянскі Дамы сацыяльна-культурных паслуг, Дорагаўская, Трашчыцкая і Далматаўшчынская бібліятэкі-клубы, Мядзвядская сельская бібліятэка.
Мы паспяхова справіліся са сваімі задачамі. Паступіла за мінулы год 451,7 млн рублёў (143 %) пазабюжэтных сродкаў. На бягучы рамонт будынкаў і збудаванняў затрачана 316,5 млн рублёў бюджэтных сродкаў, на капітальны — 636,5 млн. Летась аказвалі 11 платных паслуг. На фінансаванне ўстаноў культуры ў 2013 годзе выдзелены  14 млрд 473 млн рублёў, з іх на бягучы рамонт будынкаў — 390 млн, набыццё — 604 млн рублёў.
— Пачаць размову пра работу калектываў аддзела культуры хацелася б з клубных устаноў. Чым для іх адметны мінулы год?
— У клубных установах культуры — 140 фарміраванняў, 81 — для дзяцей і падлеткаў, 39 аматарскіх аб’яднанняў. 7 фарміраванняў працуе на платнай аснове. 14 калектываў носяць званне “народны”.
На працягу года творчыя калектывы клубных устаноў прынялі ўдзел у рэспубліканскіх, абласных фестывалях, конкурсах.
Летась праведзена 2869 культурна-масавых мерапрыемстваў. Сярод значных: злёт перадавікоў народнай гаспадаркі “Пашана і гонар па працы”, раённае свята “Масленіца”, акцыя “Тваё слова супраць п’янства і алкагалізму”, мітынг, прысвечаны Дню памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, тэатралізаванае прадстаўленне “Табе, Беларусь, прысвячаю!..”, мітынг-рэквіем “Мы памятаем, каб жыць…”, святочны вечар “Вам, работнікі культуры!”  На платнай аснове правялі 1557 мерапрыемстваў.
Актыўна вядзецца канцэртна-гастрольная дзейнасць творчых калектываў. Летась адбылося 505 канцэртаў (197 — на платнай аснове), 210 тэатралізаваных свят, абрадаў, прадстаўленняў, 272 выставы народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (42 — на платнай аснове).
Работнікі раённага Дома рамёстваў сумесна з майстрамі раёна арганізавалі 34 выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народнай творчасці (29 — на платнай аснове).
— Мінулы год быў аб’яўлены Годам кнігі. Якія цікавыя мерапрыемствы правялі бібліятэкары?
— Летась у бібліятэках налічвалася 19206 чытачоў, кнігавыдача склала 388853 найменні, а наведванні — 150334. У сувязі з аптымізацыяй закрыты Дорагаўская, Трашчыцкая, Далматаўшчынская бібліятэкі-клубы. Рэарганізавана Мядзвядская сельская бібліятэка.
З раённага бюджэту набыта 2443 экзэмпляры на суму 137 мільёнаў, сацыяльна-значнай літаратуры — 1084 экзэмпляры на суму 44,2 мільёны. Выпісана 151 найменне перыядычных выданняў, у тым ліку — 113 часопісаў і 38 газет.
Найбольш значнымі мерапрыемствамі, якія правялі бібліятэкі ў мінулым годзе, з’яўляюцца прэзентацыя кнігі А. І. Бутэвіча “Таямніцы Мірскага замка”, літаратурныя сустрэчы з пісьменнікамі Е. Г. Лецкам “Творчая сталасць”,  А. У. Смалянкам  “Жыць паводле свайго прызначэння” (Карэліцкая раённая бібліятэка), сустрэча з пісьменніцай з г. Гродна І. Шатыронак  “Радзіме — радок і жыццё” (Карэліцкая дзіцячая бібліятэка), літаратурная гадзіна “Майстры беларускага слова” да юбілею Я. Купалы і Я. Коласа (Лукская, Малюшыцкая, Райцаўская, Турэцкая, Цырынская сельскія бібліятэкі),  “Прайсці праз вернасць” да 100-годдзя Максіма Танка (Мірская гарпасялковая, Красненская, Баранавіцкая, Варанчанская сельскія бібліятэкі, Жухавіцкая бібліятэка-інфармацыйна-культурны цэнтр), краязнаўчая гадзіна “Карэліччына на гістарычных этапах” (Турэцкая СБ).
У 2013 годзе дзейнасць бібліятэк накіравана на павышэнне якасці абслугоўвання і задавальненне інфармацыйных запытаў чытачоў. Трэба прадоўжыць работу па паляпшэнні камплектавання фондаў бібліятэк, удзяляць увагу набыццю літаратуры на электронных носьбітах. Вядзецца пастаянная работа па ўкараненні новых відаў платных паслуг.
— А як ідуць справы ў дзіцячых школах мастацтваў?
— Функцыянуюць 4 установы дадатковай адукацыі (дзіцячыя школы мастацтваў: Карэліцкая, Жухавіцкая, Мірская, Цырынская). Навучанне вядзецца на інструментальным, харавым,  эстрадным, харэаграфічным, дэкаратыўна-прыкладным і мастацкіх аддзяленнях.
Працэнт ахопу музычна-эстэтычнай адукацыяй навучэнцаў 1-9 класаў агульнаадукацыйных школ раёна ў 2011-2012 навучальным годзе склаў 24,4. Вучылася 437 вучняў і 41чалавек наведваў курсы. У першы клас было набрана 116 вучняў, выпускнікоў — 53.
Летась навучэнцы ДШМ прымалі ўдзел у абласных, раённых фестывалях і конкурсах. Аднак, шкада, што ўжо 6 гадоў мы не ўдзельнічаем у рэспубліканскіх і міжнародных.
На жаль, на базе Жухавіцкай і Мірскай ДШМ не ствараюцца творчыя калектывы, якія могуць прадставіць установу хаця б на раённай сцэне і ўмацаваць імідж школ.
На мяжы распаду знаходзіцца “жамчужына” дзіцячай творчасці раёна — узорны духавы аркестр Цырынскай ДШМ.
Творчыя калектывы Карэліцкай ДШМ свой узровень павышаюць, хочацца адзначыць работу народнага аркестра народных інструментаў.
— Раскажыце пра дзейнасць раённага краязнаўчага музея.
— Яна была накіравана на фарміраванне музейнага фонду і экспанаванне музейных прадметаў. Летась усімі формамі навукова-асветніцкай работы было абслужана 7240 чалавек, з іх —1290 індывідуальных наведвальнікаў, 4367 — экскурсійным абслугоўваннем, 1583 чалавекі наведалі культурна-адукацыйныя мерапрыемствы. Праведзена 130 экскурсій і 60 музейных заняткаў, прачытана 10 лекцый.
Адным з асноўных накірункаў з’яўляецца выставачная дзейнасць, летась арганізавана 8 выстаў.
Прымалі ўдзел у Першым Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” і  ў Х  Карэліцкіх краязнаўчых чытаннях.
На прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна рэгулярна праводзяцца Дні музея для знаёмства насельніцтва з новымі перасовачнымі выставамі, якія апавядаюць аб гісторыі краю.
Інфармаванне аб гісторыка-культурнай спадчыне раёна ажыццяўляецца праз газету “Полымя” і раённае радыё.
На працягу апошніх гадоў неаднаразова выходзілі ў свет дакументальныя кнігі Святланы Андрэеўны Кошур — старшага навуковага супрацоўніка музея, у якіх выкарыстоўваліся матэрыялы і інфармацыя фондаў музея.
— За ўсімі гэтымі лічбамі і дасягненнямі — супрацоўнікі калектываў. Што можаце сказаць пра кадры?
— У нас працуе 240 чалавек, з іх —  47 кіраўнікоў і 132 спецыялісты. Вышэйшую адукацыю маюць 59 чалавек, сярэднюю спецыяльную — 106.
Вышэйшую адукацыю атрымліваюць 8 спецыялістаў. Ва ўстановы культуры  прыбылі 4 маладыя спецыялісты.
— Нэлі Аляксандраўна, якія задачы стаяць у бягучым годзе?
— Ужо вядзём пошук і ўкараненне новых форм работы, аказваем насельніцтву новыя віды платных паслуг Мы мэтанакіравана будзем працаваць па захаванні і аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны, павышэнні якасці абслугоўвання, задавальненні інфармацыйных запытаў чытачоў, камплектаванні фондаў бібліятэк, мадэрнізацыі камп’ютарнай базы ўстаноў культуры.
— Няхай вам удасца ажыццявіць задуманае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.