Счастье — быть многодетной мамой

Людміла Анатольеўна Мурашка з г. п. Мір — маці траіх дзяцей.  Па яе меркаванні, выхоўваць іх не ў цяжар, ды і дзяржава праяўляе клопат:  у апошні час узраслі дапамогі на дзяцей. Галоўнае — у сям’і пануюць любоў і ўзаемаразуменне.
РОДНЫ  КУТОЧАК
Турэц — найлепшы куточак на свеце. Тут яна нарадзілася і вырасла, адкрыла таямніцы жыцця і спазнала асалоду сялянскай працы. Бацькі трымалі асабістую гаспадарку, і дзеці былі першымі памочнікамі. Поруч з дарослымі капалі бульбу, даглядалі памідоры ў цяпліцы, палолі градкі…
І зараз Людміла Анатольеўна не цураецца ніякай працы. Ды і хіба можна параўнаць тыя вясковыя клопаты з сённяшнімі?  Жыве ў кватэры з усімі выгодамі. Яно і зразумела, але і тут трэба прыкласці рукі, каб у хаце былі чысціня і парадак. Але ж не так, як у вёсцы, дзе з ранку да вечара круцішся, як вавёрка ў коле.
Вось толькі не астыла душа  — так і прагне сустрэчы з родным домам. І дачка не мінае магчымасці, каб кожны тыдзень наведацца да бацькоў. Яна прывыкла да Міра, але родны куточак — найдаражэй. Хаця чаго тут грашыць, недалёка і ад’ехалася — прыжылася на Карэліччыне.
ДЗЕЦІ — НАДЗЕЯ
— Сям’я — гэта ўсё, — гаворыць Людміла Анатольеўна. — Гэта родныя людзі, якім хочацца дарыць любоў. Гэта і аддушына. Менавіта тут адчуваеш  сябе шчаслівым, і табе камфортна, бо патрэбна блізкім людзям.
Найлепшым дарадцам і памочнікам ва ўсіх справах з’яўляецца муж Дзмітрый Мікалаевіч, які працуе ў Карэліцкім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь на пасадзе міліцыянера ўзвода міліцыі. А дзеці — наша надзея. Хочацца верыць, што вырастуць добрымі людзьмі і знойдуць сябе ў жыцці.
Насця вучыцца ў дзявятым класе. Закончыла музычную школу па класу цымбалы. За актыўны ўдзел у справах БРСМ узнагароджана пуцёўкай у лагер “Зубраня”. Любіць спорт — прымала ўдзел у спаборніцтвах па валейболе і не супраць стаць на лыжы. Адным словам, імкнецца ўсюды паспяваць.
Паліна — трэцякласніца. Старанная ў вучобе, яе любімы прадмет — матэматыка. Наведвае гурток па саломапляценні ў Мірскім Доме культуры. Займаецца ў секцыі па гандболе.
Абедзве дачкі займаюцца ў  праваслаўнай нядзельнай школе.
Меншай Дзіне — адзін год і дзевяць месяцаў. Яна  любіміца ў сям’і. Патрабуе да сябе  пастаяннай увагі, і ўсе імкнуцца яе забаўляць і чытаюць кніжкі.
— Дзяцей прывучаю да парадку, — прадаўжае маці. — Посуд і падлогу мыюць,             пад’езд прыбіраюць, снег зімой расчышчаюць. У сям’і заведзена, што кожная рэч павінна ляжаць на сваім месцы. Вырастуць дзеці —  і як знойдуць, і мне за іх  не трэба будзе чырванець. Акуратны чалавек, як і працавіты, заўсёды быў у пашане.
Старэйшая Насця можа прыгатаваць страву: зварыць суп, пасмажыць катлеты, зрабіць бутэрброды. І  не менш важна  — прыгледзець за меншай сястрычкай Дзінай, калі ў мяне з’явяцца неадкладныя справы.
ПРАФЕСІЯ НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ
Па спецыяльнасці Людміла Анатольеўна  медсястра. Закончыла Жалудоцкае медыцынскае вучылішча. Сямнаццаты год працуе ў Мірскай гарпасялковай бальніцы.
— Я аб сваёй прафесіі марыла з трэцяга класа, — адзначае субяседніца. — Нават пісала аб гэтым у школьных сачыненнях. Яна мне падабаецца, бо аказваю людзям дапамогу, аддаю ім часцінку сваёй душы. Мне таксама хочацца падтрымліваць іх словам, распытваць аб самаадчуванні і абавязкова дапамагчы. З асаблівай увагай стаўлюся да састарэлых людзей і адзінокіх. Яны здаюцца такімі безабароннымі,  і хто, як не мы, можам працягнуць ім руку дапамогі.
А ўвогуле, прафесію медыцынскага работніка Людміла Анатольеўна лічыць запатрабаванай. І хаця не назаве яе лёгкай, але ідзе на працу з задавальненнем. Яна выбрала сабе справу па душы, аднойчы і на ўсё жыццё, і імкнецца з дня ў дзень служыць людзям.
На працу Людміла Анатольеўна выйшла, калі Дзіне споўнілася адзінаццаць месяцаў. Як лічыць маці, у яе ёсць надзейны тыл — сям’я. Муж і дочкі заўсёды прыгледзяць за дзяўчынкай. Хаця працуе жанчына толькі на 0,5 стаўкі, але ёсць магчымасць прысвяціць сябе любімай справе, ды і як-ніяк прыбаўка ў сямейны бюджэт.
*   *   *
Напрыканцы сустрэчы Людміла Анатольеўна прызналася, што любіць гатаваць розныя стравы, асабліва торт “Графскія разваліны”. А ў летнія месяцы займаецца нарыхтоўкамі садавіны і агародніны на зіму, каб сям’я круглы год мела ўсе неабходныя прадукты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.