Масленица — щедрый праздник

Масленіца (Масленка, Сырніца), старажытнае свята славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды — адраджэннем плодных сілаў зямлі. Галоўная накіраванасць абраду — праводзіны зімы, набліжэнне вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю і дабрабыту гаспадарцы. Старажытнае народнае свята святкавалася за 7 дзён да перадвелікоднага сямітыднёвага посту. У гэтым годзе масленічны тыдзень пройдзе з 11 па 17 сакавіка. Пачынаючы ад Масленіцы і да самага Вялікадня нельга было ўступаць у шлюбы.
Святкавалi на працягу тыдня шумна, разгульна, весела. Ушаноўвалi маладых, якiя пажанiлiся ў гэтым годзе, памiналi памёрлых, абыходзiлi двары з масленiчнымi песнямi, у якiх жадалi гаспадарам шчодрага ўраджаю. Увесь тыдзень дзеліцца на два перыяды: Вузкая Масленіца і Шырокая.
Вузкая Масленіца — першыя тры дні: панядзелак, аўторак і серада, Шырокая — гэта апошнія чатыры дні: чацвер, пятніца, субота і нядзеля. У першыя тры днi можна было займацца гаспадарчымі справамі, а з чацвярга праца спынялася і пачыналася Шырокая Масленіца.
На Масленiцу кожны дзень меў пэўнае значэнне, у назвах дзён гэтага тыдня адлюстравалася дынаміка разгортвання свята.
Першы дзень Масленiцы — сустрэча. Сталы народ пачынаў свята з наведвання родных. У гэты ж дзень наладжвалiся балаганы для скамарохаў, катанне на арэлях, на сталы ставiлiся салодкiя стравы.
Другi дзень — заляцанне. Хлопцы з ранiцы запрашалi дзяўчат пакатацца на горках, паесцi блiноў. У некаторых мясцiнах свята адзначалi на агульнагарадскiх кiрмашах. У цэнтры кiрмашу ўстанаўлiвалi слiзкi слуп, на якi спрабавалi залезці смельчакi, каб дастаць з самай вярхушкi клетку з жывым пеўнем. Усё гэта суправаджалася дасцiпнымi жартамi i смехам.
Трэцi дзень — ласункавы. Цешчы запрашалi зяцёў паласавацца блiнамi, а каб зяцю было весялей i цiкавей, склiкалi ўсiх родных.
Чацвёрты дзень — самы разгульны, калi наладжвалiся застоллi, дзе было шмат рознай ежы, асаблiва блiноў, разнастайнай выпечкi. Таксама ў чацвер аб’язджалі маладых коней, быкоў, валоў, гушкаліся на арэлях, якія прымацоўваліся на варотах, у гумне, каб “на гэты год лён рос моцны і доўгі”.
Пяты дзень — цешчыны вячоркi. Зяцi частавалi цешчаў блiнамi. Запрашэннi бывалi ганаровыя, з усёй раднёй, цi проста так, на адну вячэру.
Шосты дзень — залоўкіны пасядзелкі. Маладая нявестка запрашала сваiх родных да сябе ў госцi.
Сёмы дзень Масленiцы — Даравальная нядзеля. Ехалi адорваць кума з кумой. Сваякi, родзiчы просяць адзiн у аднаго дараваць якую-небудзь крыўду. Прасiць прабачэння прыходзiлi да старэйшага ў родзе. Развiтваючыся, звычайна гаварылi адзiн аднаму: «Даруй мне, калi ў нечым вiнаваты перад табой». Дараванне памiж дамашнiмi было пасля вячэры перад сном. Вечарам на стол ставіліся толькі малочныя стравы, галоўнае месца займалі сыр, масла і тварог з малаком. Людзі развітываліся з вяселымі святамі, настройвалі сябе на новы працяглы (сямітыднёвы) пост.
У апошнi дзень свята адбывалася развiтанне з зiмой, калi спальвалi чучала-ляльку Масленiцы, якое вывозілі на поле, на самы высокі пагорак, дзе былі пасеяны азімыя, і спальвалі. Спальванне чучала сімвалізавала сабой развітанне з зімой і сустрэчу доўгачаканай вясны.
Масленiца свята з вясёлымi песнямi, жартамi, шчодрымi застоллямi, дзе асаблiва многа блiноў.
Блiны — адзiн з самых старажытных кулiнарных вырабаў, вядомых яшчэ з язычнiцкiх часоў. Нашы далёкiя продкi лiчылi, што гладкi, румяны, круглы блiн увасабляе сонца. Калi блiны на стале — значыць, само свяцiла благаслаўляе любую справу. Называлася тады гэта страва «млiн» — ад слова малоць, гэта значыць выраб з намолатага зерня. Блiны — адна з эканомных страў: крыху мукi, многа малака цi вады ды дрожджы.
Праўда, гэта толькi на першы погляд здаецца, што ўсё проста. Выпяканне блiноў — гэта цэлае майстэрства. Каб яны былi мяккiя, рыхлыя, лёгкiя, наздраватыя, быццам з карункаў — усе ў дзiрачках i нiбы губка ўбiралi ў сябе масла цi смятану, якiя звычайна падаюцца да блiноў, трэба пастарацца як след. Вось некалькi рэцэптаў прыгатавання блiноў.
Масленiчныя на апары
У глыбокую керамiчную цi эмалiраваную каструлю ўлiваем                 2 шклянкi цёплай вады, разводзiм у ёй дрожджы, сыплем 0,5 кг мукi, добра вымешваем, ставiм на гадзiну ў цёплае месца. Калi падыдзе апара, дабаўляем соль, цукар, яечныя жаўткi, растопленае масла альбо маргарын цi алей. Зноў добра размешваем цеста i паступова высыпаем астатнюю муку, добра вымешваем. Затым густое цеста разводзiм цёплым малаком, улiваючы яго паволi па адной шклянцы, кожны раз добра вымешваючы цеста. Накрываем сурвэткай цi ручнiком, ставiм у цёплае месца. Паднялося? Зноў размешваем, каб асела, зноў ставiм у цяпло, даём яшчэ раз падняцца i яшчэ раз «апускаем», дабавiўшы ўзбiтыя ў пену яечныя бялкi. Пачынаем пячы адразу, як толькi цеста падымецца. Блiны павiнны атрымацца пышныя, «ажурныя».
На кiлаграм пшанiчнай мукi: 4-5 шклянак малака, 3 сталовыя лыжкi масла, 2 яйкi, 2 сталовыя лыжкi цукру, паўтары чайнай лыжкi солi, 40 г дражджэй.
Скараспелыя
Яйкi расцiраем з трыма шклянкамi цёплай вады, дабаўляем соль, цукар i соду, сыплем муку i размешваем, каб у цесце не было камякоў. Разводзiм асобна ў шклянцы вады лiмонную кiслату, улiваем у падрыхтаванае цеста i адразу ж пачынаем пячы блiны. Калi лiмоннай кiслаты няма пад рукой, то можна зрабiць так: муку, яйкi, цукар, соль размяшаць не з вадой, а з кiслым малаком, соду развесцi ў шклянцы вады, улiць цеста перад самай выпечкай i добра размяшаць.
На 0,5 кг мукi — 3 шклянкi вады, 2-3 яйкi, поўная сталовая лыжка цукру, па палавiне чайнай лыжкi солi, соды, лiмоннай кiслаты.
Сыр з тварагу i масла
400 г свежага сухога тварагу старанна змяшаць з 200 г масла, пасалiць па смаку, скачаць у тоўстыя каўбаскi i падаць на стол.
Сыходзіць Масленіца, а разам з ёй і зіма. Сыходзіць пад гукі капяжу. Вясна ўступае ў свае правы.
Жадаем усім здароўя
і багацця,
Хай дабрабыт і згода
будуць у кожнай хаце,
Хай аб’яднае ўсіх
у адным імкненні
Любоў да спадчыны –
Да свята адраджэння!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.