В гимназии № 1 г. п. Кореличи прошла неделя белорусского языка

Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная наша мова. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёраў і лясоў. Але зараз беларуская мова пакрыху забываецца, “губляюцца” асабістыя словы, усё радзей чуеш яе  дома, у грамадскіх месцах.
“З любоўю да роднага слова” – менавіта пад такім дэвізам у лютым гэтага года праводзіўся ў гімназіі № 1 г. п. Карэлічы прадметны тыдзень беларускай мовы.
Кожны дзень для хлопчыкаў і дзяўчынак быў па-сапраўднаму насычаным і пазнавальным. Разнастайныя конкурсы, віктарыны, святы, моўныя спаборніцтвы  дазволілі дзецям больш даведацца пра нашу багатую беларускую спадчыну. Радасная, добразычлівая атмасфера беларускасці ахапіла дзяцей, педагогаў, работнікаў гімназіі з першага дня.
Урачыстае адкрыццё тыдня адбылося ў фае гімназіі: гучалі песні на беларускай мове, вучні 11 класа ў нацыянальных касцюмах уручалі школьнікам і настаўнікам праграму тыдня, частавалі баранкамі.
На працягу першага і другога ўрокаў валанцёрская група вучняў разам з настаўнікам спеваў А. В. Бабанскай завіталі ў кожны клас з прыпеўкамі на беларускай мове.
Туры-туры, растатуры
Беларускай мы натуры.
Ой, дай Божа, у добры час,
Як у людзей так і у нас
Мова родная гучала
Кожны дзень і кожны час.
Пасля ўрокаў адбылася прэзентацыя “Новыя беларускія кнігі” для вучняў 9 і 11 класаў, якую правялі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Таксама прайшла віртуальная прэзентацыя “Хатні вясковы посуд”, дзе вучні 8-9 класаў даведаліся пра посуд, якім карысталіся нашы землякі ў ХХ ст. Пазнаёміліся з ганчарнымі вырабамі  (гарлачамі, глякамі, збанамі, міскамі), з бандарнымі вырабамі (бойка, дзяжа, кадушка), выдзеўбаным посудам (апалонік, коўш, лыжкі, начоўкі), плеценым посудам (вярэнька, кораб, рэшата, кош). Не меншую цікавасць выклікала ў вучняў і выстава з плеценых кашолак, цукерніц, якую арганізавала  дырэктар раённага Дома рамёстваў Н. А. Манкевіч. Акрамя таго, Наталля Анатольеўна правяла з вучнямі майстар-клас па пляценню цукерніц з  лазы. У вучняў была магчымасць і самім паспрабаваць сябе ў гэтым рамястве.
Самыя малодшыя вучні нашай гімназіі ў гэты дзень глядзелі мультфільмы на беларускай мове “Усё мілагучна для слыху майго”.
У  наступны дзень праводзілася гульня “КВіЗ юных філолагаў”, якая спрыяла выяўленню ўзроўню засваення ведаў вучняў, якія былі набыты на факультатыўных занятках “Вывучаем беларускі правапіс”, а таксама абуджалася цікавасць да вывучэння беларускай мовы. У гэтай гульні перамогу атрымалі вучні 9 ”Б” класа.
Прырода Беларусі разнастайная. Многія расліны радуюць сваёй прыгажосцю жыхароў краіны і яе гасцей. На мерапрыемстве “Кветкі – сонцавы дзеткі” з кветкамі Беларусі пазнаёміліся вучні 5-8 класаў, пачулі пра іх карысць. Дзейнічала выстава з прыгожых штучных кветак, зробленых            Н. М. Маліко, якая ў канцы мерапрыемства правяла майстар-клас па іх вырабу. Трэба адзначыць, што ніхто з прысутных не застаўся абыякавым да гэтай справы.
21 лютага адзначалася значная падзея ў культурным жыцці нашай краіны – Міжнародны дзень роднай мовы. Асабліва прайшоў гэты дзень і ў нас. Усе размаўлялі выключна на роднай мове, нават супрацоўнікі сталовай і тэхперсанал прынялі такія ўмовы. На працягу дня праходзіла акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”. Урокі, акрамя рускай і англійскай мовы, праводзіліся на беларускай мове. Запамінальна прайшла ў гэты дзень літаратурна-этнаграфічная гасцёўня “Ой, лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!”. Вучні пазнаёміліся з прыладамі для апрацоўкі льну і паэтычнымі творамі, прысвечанымі цяжкай жаночай працы.
Аб тым, што нашы дзеці цікавяцца роднай мовай, сведчыць і той факт, што 58 вучняў гімназіі прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Буслік”.
Найбольш  яскрава  цудоўная атмасфера беларускага тыдня выявілася ў яго заключным мерапрыемстве  “Кірмаш — выстава беларускай нацыянальнай кухні”, на які былі запрошаны вучні, настаўнікі, бацькі, адміністрацыя гімназіі. Свята прайшло на высокай эмацыянальнай ноце. “Беларускі кірмаш” выклікаў моцны душэўны пад’ём і радасць ад сваёй культуры, традыцый, звычаяў. Гучалі песні, загадкі, вершы. Усе, хто пажадаў прыняць удзел у кірмашы, прадстаўлялі свае стравы,  дзяліліся рэцэптамі, частавалі. Чаго тут не было! Дранікі, аладкі, каўбасы, клёцкі, кісель, хлеб, спечаны ў хатніх умовах, і шмат чаго  іншага. Вядома, не абышлася такая падрыхтоўка без дапамогі бацькоў. Выказваю словы вялікай удзячнасці ўсім за дапамогу.
У апошні дзень былі падведзены вынікі конкурсу-эсэ “Я нарадзіўся тут”, пераможцай якога стала вучаніца 11 класа Дар’я Манкевіч.
Тыдзень прайшоў на добрым узроўні. Вучні гімназіі засведчылі, што беларуская мова – сярод нас. Беларуская мова – гэта модна.
Хочацца выказаць словы падзякі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры: Н. І. Гурын, Т. І. Карп, М. Ф. Мароз, Т. А. Навумчык за арганізацыю тыдня,  супрацоўніцтва, зладжаную работу, а таксама дырэктару раённага Дома рамёстваў Н. А. Манкевіч, супрацоўнікам ЦРБ: Д. С. Лазарчык, М. В. Лагута.
А мне застаецца толькі спадзявацца на тое, што праца нашага калектыву не была марнай і беларуская мова зноў стане па-сапраўднаму роднай усім беларусам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.