В Кореличском РДК прошел районный слет передовиков народного хозяйства

У раённым Доме культуры адбыўся раённы злёт перадавікоў народнай гаспадаркі. З дакладам аб выніках работы раёна за 2012 год     на ім выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта  В. Л. ШАЙБАК. Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства, Віктар Леанідавіч гаварыў:
— Паважаныя працаўнікі народнагаспадарчага комплексу раёна, паважаныя госці, сябры, суседзі, якія прыехалі да нас, каб разам падвесці ва ўрачыстай абстаноўцы вынікі года працаўнікі Карэліччыны. Мне вельмі прыемна, што нашы суседзі таксама разам з намі.
Асаблівую даніну павагі мы аддаем сёння былым кіраўнікам, якія стварылі надзейную базу, трывалы падмурак для нашага далейшага развіцця. У гэтай зале прысутнічаюць ветэраны аграрнага сектара эканомікі, прамысловасці. Гэта былыя кіраўнікі СВК імя Царука В. В.  Бар’яш, С. В. Лычкоўскі з СВК “Маяк-Заполле”, І. М. Паўловіч з СВК “Цырын-Агра”, П. П. Богуш з КСУП “Племзавод “Карэлічы”, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. А. Багушэвіч, упраўляючы “Белаграпрамбанка” А. І. Макар, старшыня раённага Савета дэпутатаў Л. І. Нагорная, дырэктар Мірскага спіртавога завода І. А. Хоміч, дырэктар ДРБУ-158 У. К. Бабанскі, начальнік раённага вузла электрычнай сувязі М. М. Троска, дырэктар Варанчанскага спіртавога завода В. У. Кітун.
Дзякуй за вашу нястомную працу дзеля развіцця сацыяльна-эканамічнай базы раёна і вобласці, дзеля дабрабыту людзей, будучыні падрастаючага пакалення, дзеля росквіту і прыгажосці нашага Прынёманскага краю.
Паважаныя сябры! Я хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў народнагаспадарчага комплексу раёна за тыя паказчыкі, якіх мы дасягнулі за мінулы год, асабліва кіраўнікам аграпрамысловага комплексу, які з’яўляецца асновай эканомікі раёна.
Летась ураджайнасць зерневых і зернебабовых склала 56,4 цэнтнера з гектара, а валавы збор зерня амаль 119 тысяч тон, што дасягнута ўпершыню ў раёне.
Ад кожнай фуражнай каровы надоена па 5679 кілаграмаў малака, што на 498 кг больш узроўню папярэдняга года. Гэта — дванаццатае месца сярод 118 раёнаў краіны.
Нетрадыцыйная для нашага раёна сельскагаспадарчая культура — цукровыя буракі, якія далі па 562 цэнтнеры з гектара, а валавы збор склаў 192 тысячы тон. А ў выніку — самая высокая выручка з аднаго гектара.
Вытворчасць ільновалакна дасягнула з аднаго гектара 13,2 цэнтнера, а валавы збор —  6 600 тон, чым забяспечана двухзменная работа нашага льнозавода. Радуе выхад доўгага валакна, які складае 49,5 працэнта супраць 24-25 % у былыя гады.
Вядучы гаворку аб развіцці жывёлагадоўлі, варта адзначыць мэтанакіраваную работу старшынь СВК “Свіцязянка-2003” У. А. Галавача, “Лукі-Агра” — М. А. Гавіны, “Маяк-Заполле” — І. М. Шыша, дырэктара ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” — А. М.  Янкоўскага, якія забяспечылі дастойную прыбаўку да вытворчых паказчыкаў папярэдняга года.
Трэба адзначыць і мэтанакіраваную работу кіраўніка СВК “Цырын-Агра” М. М. Кулініча, дзе прыбаўка малака склала 1 тону да ўзроўню 2011 года.
Паважаныя сябры! Сёння важна не толькі атрымаць прадукцыю, але і рэалізаваць яе. Летась рэалізавана сельскагаспадарчай прадукцыі  на 594 мільярды рублёў. Чысты прыбытак склаў амаль 110 мільярдаў. Гэта значыць, што кожны селянін рэалізаваў прадукцыі на 18500 долараў ЗША. Гэта каля 160 мільёнаў рублёў у абсалютным выражэнні. Лічба немалая, хаця, калі параўнаць заработную плату фінансавых і банкаўскіх работнікаў і работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны, назіраецца дысбаланс.
Мне прыемна гутарыць на тэму развіцця народнагаспадарчага комплексу, таму што кожны год у яго паступае дастаткова інвестыцый. Не выключэнне і мінулы год. Летась у нашу эканоміку было інвесціравана больш 360 мільярдаў рублёў.
Аб’ём будаўніча-мантажных работ склаў летась 127 мільярдаў рублёў. А калі мы будуем, значыць развіваемся.
Аб’ём прамысловай прадукцыі склаў 344 мільярды рублёў пры сярэдняй рэнтабельнасці па раёне 16,1 працэнта. Больш 12 працэнтаў склала рэнтабельнасць прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. Гэта прыемная лічба. Рэнтабельнасць продажу 21,5 працэнта. Гэта вельмі здорава!
Рэнтабельнасць вытворчасці малака ў асобных гаспадарках дасягала 90 %, а рэнтабельнасць цукровых буракоў у СВК “Маяк-Заполле” і “Свіцязянка-2003” склала пад 100 працэнтаў.
Таму вельмі прыемна бачыць ваша жаданне, працаўнікі раёна, плённа працаваць і дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў. А гэта жаданне грунтуецца на тэхналогіі, уласцівай нашаму раёну.
Паважаныя таварышы! Разам са звычайнай сялянскай працай, ворывам, сяўбою, доглядам і ўборкай ураджаю, выпускам прамысловай прадукцыі, аказваем паслугі ў розных сферах вытворчасці і людзям, развіваем і сацыяльную сферу, прамысловасць. У прыватнасці, хацеў бы спыніцца на дзейнасці філіялаў “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод “Неманофф” Варанчанскага і Мірскага  спіртавых заводаў, дзе выпускаюць спірт вышэйшай ачысткі ў нашай краіне, філіяла Навагрудскага масларобчага камбіната, які з’яўляецца філіялам ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”, нашага льнозавода, ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”, а таксама банкаў, якія дапамагаюць нашым сельгаспрадпрыемствам і выказаць удзячнасць усім, хто актыўна ўдзельнічае ў развіцці раёна. Вялікі дзякуй за плённае супрацоўніцтва дырэктарам ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” В. У. Марушку, дачыннага прадпрыемства АТП № 8               А. А. Каморніку, РУП ЖКГ А. І. Рудаку, начальніку ДРБУ-158 Г. Я. Драздову, якія ў няпростых умовах дабіваюцца плённых вынікаў у працы.
Умацоўваецца эканоміка, развіваецца сельская гаспадарка. Дзякуючы гэтаму ўсе вучні нашых школ маюць добрую сацыяльную абарону, а разам з тым і педкалектыў раёна, які мае моцны творчы патэнцыял і душой перажывае за будучае нашага раёна, будучыню дзяржавы. Вялікі вам дзякуй!
Нашы дзеці дабіваюцца добрых вынікаў на раённых і абласных алімпіядах, а зараз рыхтуюцца да рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.
Словы ўдзячнасці выказваю работнікам сферы аховы здароўя, якія занялі па выніках мінулага года першае месца ў вобласці, а таксама работнікам культуры, ветэранам, якія заўсёды знаходзяцца наперадзе ва ўсіх добрых справах і дзякуюць за добрыя словы і падтрымку. Я ўдзячны людзям працы, якія вераць, спадзяюцца, жывуць і перажываюць, якія ганарацца нашымі поспехамі і дасягненнямі, якія з разуменнем успрымаюць існуючыя цяжкасці.
Я ганаруся нашым Карэліцкім краем, ганаруся вамі ўсімі, хто знаходзіцца ў гэтай зале, ветэранамі, маладымі перадавікамі вытворчасці, якія пачынаюць з цвёрдага, упэўненага кроку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Гэта будучыня нашага раёна, нашай краіны. Сёння можна многа гаварыць пра дасягнутыя поспехі, але прызнаюся шчыра, што некалі мы марылі надаіць ад кожнай каровы па 5 тысяч кілаграмаў малака, а сёння фактычна маем 6 тысяч. Некалі марылі намалаціць 100 тысяч тон зерня, а сёння думаем як атрымаць 150 тысяч, разлічвалі, як сабраць 50 тысяч тон цукровых буракоў, а сёлета павінны мець 200 тысяч тон.
Зыходзячы з гэтага, пастаўлена задача атрымаць у бягучым годзе 200 тысяч тон цукровых буракоў, 135-140 тысяч т зерня, 6000 кг малака ад каровы. Гэта нашы, карэліцкія паказчыкі. Дванаццатыя мы сёння ў рэспубліцы, трэція ў вобласці, а павінны быць  10-ыя сёлета і пятыя ў 2014 годзе. Гэта нашы рубяжы на перспектыву. І інвестыцыі павінны быць накіраваны на будаўніцтва аб’ектаў жывёлагадоўлі, сацыяльнай сферы. Хачу зазначыць, што мы завяршаем першы этап рэканструкцыі аб’ектаў аховы здароўя, адукацыі, культуры. А гэта значыць, што паляпшаем умовы жыцця ў нашым Карэліцкім раёне.
Паважаныя сябры! Я хачу выказаць словы ўдзячнасці за добрасумленную працу, якую вы разам са мною ўкладваеце ў развіццё эканомікі раёна. Я хачу падзякаваць за цярпенне, прынцыповасць, за неабыякавасць, творчасць, за вялікае пачуццё гонару за свой раён, за велізарную працу, за тую спрыяльную энергетыку, якая ёсць у нас, культуру вашай душы і сэрца, за шчырасць і цёплыя, добрыя словы, якія мы гаворым сёння адзін аднаму. Дзякуй вам. І прабачце, калі нешта не атрымалася. Прабачце, калі каго не ўспомніў. Вы самыя працавітыя, самыя прыгожыя, самыя добрыя. Вы, нашы ветэраны, вы, наша моладзь. Я жадаю і хачу, каб вы былі здаровыя, а цяпло вашай душы перадавалася нашаму грамадству, нашым людзям.
Затым старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак і старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў ўручылі ўзнагароды пераможцам раённага спаборніцтва сярод гаспадарак, прадпрыемстваў і пассельвыканкамаў за дасягненне высокіх паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2012 годзе.
Перадавікам народнай гаспадаркі, партрэты якіх занесены на раённую Дошку Пашаны, былі ўручаны адпаведныя пасведчанні.
Кіраўнікі выканаўчай і распарадчай улады ўручылі лепшым працаўнікам раёна Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзячныя пісьмы старшыні раённага выканаўчага камітэта.
Пераходныя кубкі імя Герояў Сацыялістычнай Працы, Дыпломы райвыканкама перадавікам сельскай гаспадаркі ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С. В. Барычэўскі.
Хлебам-соллю віталі карэліччане гасцей — дэлегацыі Навагрудскага і Нясвіжскага раёнаў. Ад імя працаўнікоў Навагрудскага раёна ўдзельнікаў злёту віншаваў намеснік старшыні  райвыканкама Ю. А. Калановіч, які зачытаў прывітальны адрас райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў і ўручыў каштоўны падарунак.
Шмат добрых слоў выказаў карэліччанам кіраўнік дэлегацыі Нясвіжскага раёна, кіраўнік спраў райвыканкама В. С. Севярэнь, а словы ўдзячнасці і віншаванні — дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “17 Верасня” С. Г. Коктыш.
Са словамі ў адказ выступіў кіраўнік раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбак, які выказаў упэўненасць, што цеснае супрацоўніцтва раёнаў-суседзяў прадоўжыцца і далей.
— Мы — карэліччане, — гаварыў ён, — і задачы, пастаўленыя перад намі, будуць выкананы паспяхова.
Удзельнікаў злёту віншавалі благачынны Карэліцкай акругі, протаіерэй Максім Цыгель і пробашч Карэліч і Варончы, айцец-магістр Юрый Саковіч. За цеснае супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквою граматамі Карэліцкага благачыння ўзнагароджаны дырэктары ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” В. У. Марушка, РУП ЖКГ — А. І. Рудак, начальнік раёна электрычных сетак М. А. Пыцель.
Словы ўдзячнасці карэліччанам выказаў і айцец Юрый Саковіч.
Святочная канцэртная праграма для перадавікоў народнай гаспадаркі была падрыхтавана самадзейнымі артыстамі раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.