Военно-патриотический клуб «Витязь» устроил показательные выступления (фото)

23 лютага ў нашай краіне адзначылі Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Абавязак кожнага сапраўднага мужчыны — абарона Радзімы, яе межаў. Воіны-абаронцы — гэта людзі-патрыёты, якія, ахвяруючы сваім жыццём і здароўем, і ў ваенны, і ў мірны час стаяць на варце сваёй роднай зямлі. Абарона Радзімы заўсёды была і ёсць высакароднай справай, абавязкам сапраўдных мужчын.
Гісторыя з’яўлення гэтага свята сваімі каранямі адыходзіць у далёкае мінулае. Гэтаму святу ўжо 95 гадоў! Спачатку яно называлася Днём Чырвонай Арміі, затым — Днём Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту, а з 1992 года носіць сваю цяперашнюю назву. Але сэнс свята заўсёды заставаўся нязменным — гэта дзень воінскай славы, дзень Арміі, якая стаіць на абароне сваёй Радзімы. У шырокім сэнсе 23 лютага — дзень сапраўдных мужчын, абаронцаў ва ўсіх значэннях гэтага слова. Уся моцная палавіна чалавецтва: хлопчыкі, юнакі, мужчыны, дзядулі — атрымліваюць віншаванні ў гэты дзень. Дарэчы, трэба адзначыць, што ў сучасны час і жаночая палавіна чалавецтва імкнецца абараняць рубяжы сваёй краіны.
Праяўляюцца патрыятычныя настроі і пачуцці не толькі на ратным полі, але і ў мірны час: “Жыць — Радзіме служыць”, “Не той патрыёт, хто ў грудзі сябе б’е, а той, хто працу і жыццё Радзіме аддае”, “Той Бацькаўшчыну любіць, хто ёй сумленна служыць”.
Грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў у нашай установе адукацыі надаецца вялікая ўвага. Праводзяцца розныя мерапрыемствы, звязаныя з дадзеным накірункам дзейнасці. Аднак трэба адзначыць, што менавіта ў лютым-маі акрэслена асноўная работа, прымеркаваная да значных свят і падзей. Так, 8 лютага вучні прымалі ўдзел ў літаратурна-публіцыстычнай кампазіцыі “Быць першым, значыць — першым бой прыняць” (да Дня юнага героя-антыфашыста), 15 лютага праведзена літаратурная гасцёўня “Вершы з-пад далёкіх гор”, акцыя “Мы помнім” (да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў).
Вялікую ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення адыгрывае ў нашай установе адукацыі работа ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”, які быў створаны ў 2001 годзе па ініцыятыве У. У. Матусевіча. У ім ахвотна займаюцца юнакі і дзяўчаты, рыхтуючыся стаць сапраўднымі грамадзянамі, патрыётамі і абаронцамі сваёй Айчыны. Рабяты вывучаюць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, узнаўляюць эпізоды баявых дзеянняў таго часу, сустракаюцца з ветэранамі вайны і працы, знакамітымі землякамі. Члены клуба неаднаразова дэманстравалі рэканструкцыю падзей ваенных гадоў ля мемарыяльнага комплексу “Зорка” ў час святкавання юбілейных гістарычных дат; удзельнічаюць у патрыятычных акцыях; авалодваюць пачаткамі ваеннай справы; падтрымліваюць цесныя сувязі з воінскімі часцямі г. Навагрудка, Слоніма, Мінска.
Традыцыяй установы адукацыі стаў невялікі плац-парад паказальных выступленняў ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” у гонар свята — Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Дня Перамогі. Юнакі і дзяўчаты дэманструюць свае здольнасці перад сябрамі і настаўнікамі, перад бацькамі і гасцямі.
I сапраўды, у нашага клуба шмат прыхільнікаў. Галоўнае, што існуе — гэта разуменне таго, што клуб адыгрывае вялікую ролю ў станаўленні грамадска-патрыятычнай свядомасці дзяцей, выхоўвае ў іх любоў да роднага краю, цікавасць да гераічнага мінулага народа, накіроўвае дзейнасць на добры плён. Форменнае вайсковае абмундзіраванне насілі першыя “віцязі” з гонарам і годнасцю на працягу 11 гадоў. А сёння юнакі і дзяўчаты з задавальненнем дэманструюць сваю новую форму ўсім. Рабяты і педагагічны калектыў школы выказваюць словы падзякі старшыні СВК “Лукі-Агра” М. А. Гавіне, які ўжо шмат гадоў аказвае дапамогу нашай установе адукацыі, падтрымлівае маральна ва ўсіх значных справах і з’яўляецца самым надзейным спонсарам і добрым дарадцам. Вось і новая форма для выхаванцаў клуба “Віцязь” набыта дзякуючы дапамозе гэтага таленавітага і шчырага кіраўніка.
Напярэдадні свята 23 лютага сярод навучэнцаў 1-11 класаў праводзіўся конкурс мадэліравання ваеннай тэхнікі “Mobel — X”, у якім пераможцамі сталі вучні 3 класа. 22 лютага прайшоў адкрыты ўрок «Родилась ты под Знаменем Красным в восемнадцатом грозном году», прысвечаны 95-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, конкурсная праграма “Тата & сын” для вучняў пачатковых класаў і іх бацькоў, а астатнія ўдзельнікі свята былі сведкамі жывой газеты “Аты-баты”. Завяршаючым святочным мерапрыемствам стаў вечар “Вучымся быць салдатамі”, дзе 23 лютага сваё ўмельства і талент у армейскіх конкурсах прадэманстравалі дзве каманды — юнакоў і дзяўчат. Такія вечары — гэта традыцыя школы, на іх запрашаюцца выпускнікі, якія нядаўна вярнуліся з радоў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама таты нашых выхаванцаў. Прысутныя расказвалі пра армейскія святы і будні, дзяліліся некаторымі салдацкімі сакрэтамі.
Дзякуючы прафарыентацыйнай рабоце і дзейнасці клуба “Віцязь” многія выпускнікі сталі ахвотна набываць прафесію ваеннага. Так, Ваенную акадэмію закончылі выпускнікі школы Алег Гавіна, Аляксандр Стадольнік; каледж МНС — Яўгеній Галушка, Дзяніс Стадольнік; ваенны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — Аляксей Грэмяка. У Вышэйшым авіяцыйным каледжы вучыцца Дзмітрый Бараноўскі; воінам-кантрактнікам з’яўляецца Яцкевіч Яўген  (г. Брэст, сілы спецыяльных аперацый). У 2010 годзе папоўнілі спіс Юлія Матусевіч (Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь), Анастасія Дзякола (камандна-інжынерны інстытут МНС), Яўгеній Расюкевіч (Ваенная акадэмія вайскавой СПА г. Смаленска), Павел Капіца (Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь). У 2011 годзе студэнтам ваеннага факультэта БНТУ стаў выпускнік Валько Яўген, Грэмяка Арцём — студэнт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. 2012 год: Ваўчок Яўгеній — курсант Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Грышкевіч Дзмітрый атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.
Ганарыцца Лукская школа сваімі “віцязямі” і спадзяецца, што і ў будучым клуб будзе заахвочваць вучняў сваёй дзейнасцю і праслаўляць родны край.
Чаканяць крок юнакі і дзяўчаты ў ваеннай форме. Шчыміць сэрца… У кожнага на вачах з’яўляюцца слёзы… Але гэта слёзы радасці і гонару за сваіх дзяцей, якія вырастуць сапраўднымі абаронцамі і патрыётамі сваёй Радзімы, будуць клапаціцца пра інтарэсы і гістарычны лёс краіны і праяўляць гатоўнасць да служэння ёй, да самаахвяравання ў яе імя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.