Женщина в мужской профессии

Знаёмцеся: Юлія Іванаўна Раудкатс — старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, старшы лейтэнант міліцыі.
Напярэдадні Дня жанчын журналіст сустрэлася і папрасіла адказаць на некалькі пытанняў.
— Юлія Іванаўна, праца ў органах унутраных спраў была марай?
— Не, з дзяцінства марыла стаць настаўнікам. А добрым прыкладам з’яўлялася  першая настаўніца Турэцкай СШ               Тамара Рыгораўна Манько. Таму і паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Пасля  заканчэння прыйшла працаваць у Мірскую сярэднюю школу сацыяльным педагогам. Адпрацавала год, і мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі інспектара па справах непаўналетніх  РАУС. Дала згоду.
— І кім на першым часе давялося быць?
— Хутчэй за ўсё, у ролі вучня. Даводзілася знаёміцца са спецыфікай работы, заканадаўствам, новым калектывам, школамі раёна.
Не было страшна, хацелася апраўдаць давер, не падвесці. Праявіць сябе і даказаць, што жанчына ў міліцыі можа працаваць поруч з мужчынамі.
— Праца ў інспекцыі —  гэта праца з дзецьмі. Ці спатрэбіліся педагагічныя навыкі?
— Вядома. Ва ўніверсітэце вывучалі псіхалогію, у тым ліку “ўзроставую  псіхалогію”. Іншы раз трэба было проста разабрацца ў сітуацыі, уважліва выслухаць і паказаць да дзіцяці даверлівыя адносіны.
Дзеці — заўсёды дзеці. Тым больш, прыходзілася мець справу з тымі, каму ад 10 да 18 гадоў. Разбірацца індывідуальна, дэталёва, бо па-рознаму можа негатыўны вопыт адбіцца на далейшым жыцці дзяўчыны ці юнака. Іншы раз своечасова падтрымаеш дзіця — і ўсё ўладкуецца ў яго жыцці, і ён  пойдзе па правільным шляху. Не пакараць, а паказаць, што добра і што дрэнна.
— А якое было кола абавязкаў?
— Наведвала неблаганадзейныя сем’і, праводзіла прафілактычную работу сярод дзяцей, якія не стаяць на ўліку ў інспекцыі, з мэтай недапушчэння розных здарэнняў. А таксама праца з бацькамі — гутаркі і наведванні па месцы жыхарства, выступленні на бацькоўскіх сходах, дзяжурства на дыскатэках і г. д.
— Скажыце, вы не шкадавалі аб тым, што робіце, нават тады, калі з’явілася сям’я і дабавілася клопатаў?
— Не, работа стала маёй, пачало атрымлівацца. Запрасілі працаваць у крымінальна-выканаўчую інспекцыю, згадзілася.
— А як  дом, сям’я, дзеці?
— Муж працуе па зменах у РАНС старшым пажарным. Па-першае, ён разумее маю работу, па-другое, ведае мае адносіны да яе і падтрымлівае. У сям’і выхоўваюцца дзеці-двайняты, Аляксандра і Уладзіслаў, ім па 4,5 гады, яны наведваюць дзіцячы сад.
— А ці ёсць планы на будучае?
— Планую паступаць у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, каб павысіць свой  прафесійны ўзровень.
— Работа ў міліцыі — яна толькі для мужчын?
— Я так не думаю. На прыкладзе супрацоўніц РАУС бачна, што мы робім тую ж самую работу, не ўступаем у ёй мужчынам, а ў некаторых момантах нават лепш атрымліваецца.
— А чым займаецца крымінальна выканаўчая інспекцыя?
— Работа з асобамі, якія асуджаны па прыгавору суда да пакаранняў, якія не звязаны з пазбаўленнем волі. А другая частка работы: кантроль за асобамі, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі (працаўладкаванне, аказанне розных відаў дапамогі, вырашэнне бытавых і сацыяльных пытанняў). Мэта: каб яны сталі на шлях выпраўлення і адчулі сябе роўнымі.
— Жадаю поспехаў у нялёгкай вашай справе. Каб усё ўдавалася ў жыцці і вясна надзеі не пакідала вас.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.