В Кореличах прошла презентация книги А. Т. Федорука «Старинные усадьбы Беларуси. Кореличский район»

4У кінатэатры “Камсамолец” г. п. Карэлічы адбылася прэзентацыя кнігі Анатолія Тарасавіча Федарука “Старадаўнія сядзібы Беларусі. Карэліцкі раён”. У мерапрыемстве прымалі ўдзел работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі, краязнаўцы, кнігалюбы і жыхары райцэнтра.
Гэтае навукова-папулярнае выданне выйшла ў свет па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы музея “Замкавы комплекс “Мір”.
Адкрыў прэзентацыю намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык.
— Шаноўныя сябры, — гаварыў Руслан Юр’евіч, — пасля працяглага перапынку мы зноў сабраліся ў адрамантаваным кінатэатры “Камсамолец”. І сёння тут наладжана імпрэза, прысвечаная вельмі важнай для вас з намі тэме, тэме захавання гісторыка-культурнай спадчыны Карэліччыны. Сёння ў спісе аб’ектаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, 29 аб’ектаў археалогіі, архітэктуры, помнікаў гісторыі Беларусі і каля дваццаці   аб’ектаў магчыма будуць уключаны ў гэты спіс. Вельмі важна не страціць тое, чым жыла наша Карэліччына на працягу апошніх стагоддзяў.
Вельмі хутка чалавек прывыкае да добрага, але вельмі лёгка звыкнуцца і з кепскім. Чалавек можа прыстасавацца да ўсяго. Мы з вамі, жыхары Карэліччыны, прызвычаіліся, што побач, амаль у кожнай вёсцы, ёсць збудаванні колішніх панскіх маёнткаў, што ў Міры знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры, падобнага якому няма больш нідзе. З-за гэтай звыкласці мы можам нешта згубіць, страціць, і таму вельмі важна, што ёсць людзі неабыякавыя, людзі, якія па крупінках збіраюць інфармацыю пра аб’екты нашай спадчыны, збіраюць звесткі аб тых, хто памятае яшчэ існаванне тых цудоўных пабудоў, якія былі ўзведзены на Карэліччыне.
Мы зараз знаходзімся на тым месцы, дзе былі раскінуты сады, існавала паркавая зона маёнтка Радзівілаў у Карэлічах. На вялікі жаль, пра яго засталося няшмат звестак, як і пра месцазнаходжанне пабудоў. Засталіся толькі рэшткі бровара і свіран непадалёку.
Гэта мерапрыемства мае для нас вялікі сэнс, таму што ўжо два дзесяцігоддзі прайшло з таго часу, як выдадзена энцыклапедычнае выданне пра Карэліччыну. Гэта кніга “Памяць. Карэліцкі раён”. Яе можна ўмоўна аднесці да энцыклапедыі гісторыі Карэліччыны. А сёння зроблены наступны значны крок у гэтым накірунку. Мы прэзентуем працу Анатолія Тарасавіча Федарука пад назвай “Старадаўнія сядзібы Беларусі. Карэліцкі раён”.
Цудоўнае, багата ілюстраванае выданне пра славутасці карэліцкай зямлі. Але перш чым мы пяройдзем непасрэдна да прэзентацыі, я хацеў бы даць слова кіраўніку ўстановы, якая была ініцыятарам гэтага выдання, фінансавала яго і робіць вельмі шмат для таго, каб Карэліччына стала добра вядомай не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, — дырэктару ўстановы “Музей “Замкавы комплекс “Мір” Вользе Мікалаеўне Папко:
— Для Мірскага замка сёння таксама вельмі важная падзея, — гаварыла яна. — Гэта першая прэзентацыя на такім высокім узроўні, пры такой колькасці запрошаных, выдання, якое мы падрыхтавалі. Выданне для нас не першае, але мы вельмі ўдзячны аўтару, таму што Анатоль Тарасавіч ужо напісаў летапіс сядзібнай гісторыі ўсёй Гродзенскай вобласці. Мы звярнуліся да аўтара з просьбай вылучыць з агульнай працы тую частку, якая тычыцца Карэліцкага раёна, і надрукаваць у такой добрай якасці, каб жыхары рэгіёна і шматлікія турысты, якія наведваюць Мірскі замак, маглі пазнаёміцца з гісторыяй сядзіб. Нашы супрацоўнікі разам з Анатолем Тарасавічам крыху паездзілі па мясцовых сядзібах і парках, і, шчыра кажучы, мяне ўразілі некаторыя паркі, якія займаюць па плошчы дзясяткі гектараў. Туды гадамі, дзесяцігоддзямі не ступала нага чалавека. Але нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. А для Мірскага замка, установы, якая толькі што адсвяткавала Дзень яднання, для навуковай установы, якая толькі пачынае свой шлях, хочацца, каб былі новыя працы, былі аўтары, якія прыносяць нам свае рукапісы. Мы і самі пішам пра тое, чым ганарымся. А Анатоль Тарасавіч — таленавіты чалавек, які трыццаць гадоў займаецца старадаўнімі сядзібамі.
Акрамя таго, Анатоль Тарасавіч — доктар біялагічных навук, спецыяліст у галіне экалогіі, паабяцаў, што будзе кансультантам па нашаму парку. Сёлета пад яго кіраўніцтвам будзем садзіць кветкі ў сябе. Для нас удзел яго ў гэтай справе — гэта вялікі гонар. А яшчэ большы гонар і ўдзячнасць яму за творчасць, цеснае супрацоўніцтва ў асвятленні і захаванні нашай гісторыка-культурнай і гістарычнай спадчыны.
Затым слова трымаў Анатоль Тарасавіч Федарук, які ў пачатку свайго выступлення падкрэсліў: “Паважаныя жыхары Карэліцкага краю! Ведучы гаворку аб дойлідстве вашага краю, я звяртаюся да вашай зямлі. Да зямлі, якой высокую, дастойную ацэнку даў вядомы мастацтвазнаўца, фатограф Ян Булгак. Ён пісаў, што гэта адзіны ў свеце, самы прыгожы край яго дзяцінства. Нельга не адзначыць, што зусім малады чалавек так аб’ектыўна ацаніў гэту зямлю, буйныя травы, вечназялёныя лясы, урадлівыя палеткі. Ён пісаў: “Карэліцкі край — гэта прыгожы, стройны, квітнеючы край”.
З гэтай зямлёю звязана не проста гісторыя розных шляхецкіх і магнацкіх родаў. З гэтай зямлёю звязаны найбольш знакамітыя, вядомыя прозвішчы Чартарыйскіх, Хадкевічаў, Несялоўскіх, Раецкіх, Кашчыцаў, Умястоўскіх і шэрагу іншых. Не затрымліваючыся на іх, я хачу толькі падкрэсліць, што ў ХІХ стагоддзі сярод гэтых прозвішчаў з’явіліся новыя. Калі мы звяртаемся да сядзіб, мне хочацца падкрэсліць, што часцей за ўсё мы ўспрымаем сядзібы як матэрыяльную культуру, будынкі, малыя архітэктурныя формы, насаджэнні, вадаёмы, сабраныя каштоўнасці. Зараз жа спецыялісты ўсё часцей гавораць пра іншае. Сядзібы — гэта не толькі матэрыяльная культура, сядзібы — гэта той свет, гэта той дом, які фарміраваўся і развіваўся як ідылія, утопія, аркадыя. Гэта тыя месцы, якія павінны былі фарміравацца і існаваць без супярэчлівасці, тут  павінен фарміравацца будучы нашчадак, шляхціц, які валодае пераемнасцю, які павінен быць вышэйшы, лепшы і яшчэ больш высакародны, чым папярэднія пакаленні.
Менавіта ў сядзібах па- філасофску меркавалася аб сэнсе быцця, аб чалавечых каштоўнасцях.
Сядзібы — гэта побыт, гэта традыцыі, сямейныя традыцыі, паўсядзённае жыццё, высокая культура земляробства. Садоўніцтва, палаца-паркавае мастацтва і агромністыя калекцыі.
Менавіта гэтыя людзі, чые імёны мы ведаем, не толькі будавалі сядзібы, яны ўзводзілі храмы, пракладвалі дарогі, асвойвалі палеткі, еўрапейскі ўзровень культуры.
Сядзібы рэнесансу, вядома, не захаваліся. Мы пра іх ведаем толькі па архіўных матэрыялах. І адным з сімвалаў позняга рэнесансу з’яўляецца Асташын. У мінулым гэта каралеўскае ўладанне Вітаўта. Гэта быў грозны, вялікі глінабітны дом з рознымі архітэктурнымі упрыгожваннямі. Унутры — цудоўны інтэр’ер. Два агромністыя пакоі, мармуровы камін, стыльная мэбля і, вядома, дзе ў кожнай сядзібе, — гэта сямейная калекцыя фамільных партрэтаў.
Ля сядзібы яго ўладальнікі пабудавалі цудоўны храм — кальвінскі збор. Ён упрыгожваў, ён дамініраваў на  гэтым месцы. Ён быў бачны здалёку і існаваў да 1915 года, а потым быў знішчаны.
У сувязі з гэтым варта зноў вярнуцца да Яна Булгака, які разумеў дамініраванне гэтай высокай кропкі, і гаворыць: “Калі паглядзець на захад, адкрываецца прыгожая панарама Сэрвачы, — і як трапна кажа, — букет сядзіб і сёлаў, табуны коней, вялізная колькасць стажкоў. Вось яна — тыповая, багатая, квітнеючая карэліцкая зямля”.
А калі паглядзець у іншы бок, пачынаючы ад Беражна, далей Жукаў Барок, — гэта іншая зямля, гэта пясчаная, раўнінная, бязлесная, і калі першай была зямля Адама Міцкевіча, то другая — зямля іншага паэта, якім быў Уладзіслаў Сыракомля.
Не магу не прызнацца, што я здзіўлены, як зусім малады чалавек настолькі добра зарыентаваўся, правёў, як бы мовіць, раяніраванне, адлюстроўваючы прыродныя асаблівасці.
Не стала сядзібы. Засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы больш позняга часу. Іх будавалі ўжо іншыя людзі.
Нехта можа сказаць, што я люблю палацы, а мне падабаецца стваральная праца шматлікіх пакаленняў, і яна не менш дарагая, чым палацы. Горка, што зробленае імі пустуе, разбураецца, не выкарыстоўваецца.
Таполя. Для Яна Булгака яна прыносіла асаблівую радасць. Сёння засталася толькі адна, дзякуючы якой удалося адшукаць месца сядзібы Булгака. Яго твор “Край дзіцячых гадоў” трэба чытаць і перачытваць, бо ніхто так не апеў карэліцкую зямлю, не паказаў сутнасць сядзібаў, як гэты чалавек. Яго сядзіба была знішчана ў 1915 годзе. І менавіта ў гэтым годзе карэліцкая зямля пацярпела вельмі моцна. Было разбурана ўсё, і калі ён прыехаў пасля вайны і стаў шукаць, дзе стаяў дом, і не мог знайсці, а знайшоў толькі пень вялізнай бярозы-бабулі, у засені якой прайшло яго жыццё.
Займаючыся сядзібамі, мая задача была вычарціць, перадаць нашчадкам нашу гісторыю. І, вяртаючыся да Яна Булгака, я спрабую знайсці гэта месца, гэту алею, якая вяла да дома. Гэта быў іншы час барочнага класіцызму.
Успаміны Яна Булгака, незвычайныя па вастрыні памяці і глыбіні ўспрыняцця, пакінутыя ў кнізе, дапамагаць не толькі ўявіць сядзібу, але і адчуць атмасферу таго часу.
Аб родным доме Ян Булгак пісаў: “…дом, пабудаваны не толькі з цэглы і камення, але і з людскіх сэрцаў, з усяго, што ёсць самае лепшае і самае каштоўнае ў чалавечай душы — з сямейных повязаў, з бацькоўскага клопату, з матчынага кахання, з дзіцячай безабароннай  даверлівасці”.
Далей гутарку А. Т. Федарук павёў пра развіццё стылю барока ў нашай мясцовасці, звязаным з Радзівіламі, і прадоўжыў аповед пра Карэліцкі палац.
Шмат цікавага распавядаў Анатолій Тарасавіч Федарук пра сядзібы ў Варончы, Беражна, Беразаўцы, Бараціне, Вялетаве, Далматаўшчыне, Дорагаве, Зарэччы, Кайшоўцы, Кальчычах, Малюшычах, Мядзвядцы, Міры, Міратычах, Вобрыне (Першамайскім), Плужынах, Райцы, Раскошы, Смольчычах, Турцы і іншых.
На думку аўтара, нягледзячы на ўсё агульнае, характэрнае для сядзіб пэўнай эпохі, кожная з іх была індывідуальнай, кожная мела сваю праграму. Індывідуальнасць ансамбляў дасягалася перш за ўсё ярка выражаным асабістым пачаткам уладальнікаў і дойліда. Сядзібная прастора была насычана філасофскім роздумам аб праблемах зямнога быцця, аб сэнсе жыцця, жыццёвых каштоўнасцях, ідэалах. У кожнай сядзібе быў свой быт і адпачынак, свае фамільныя каштоўнасці. Сядзіба вызначала духоўны патэнцыял чалавека, вучыла і выхоўвала, патрабавала быць дастойным свайго ўзроўню.
Як піша аўтар у прадмове, пазнаваць сядзібы Беларусі нам  давялося часцей за ўсё праз руіны, успаміны старажылаў, з архіўных і літаратурных крыніц.
— Многае ўжо страчана, — падкрэсліў А. Т. Федарук, — засталіся помнікамі дрэвы. Дрэвы не паміраюць. Але апошнім часам з’явілася заганная звычка нішчыць старыя дрэвы. Высечана ўсё, нават старажытныя алеі. Неапраўданы,  ілжывы клопат пра          чалавека, маўляў, упадзе, заб’е, прывялі да таго, што старыя дрэвы знікаюць.
Мяне здзіўляе, як многа страціла наша зямля, і мы не павінны траціць апошняе, што яшчэ засталося.
Кожнае слова Анатолія Тарасавіча прысутныя лавілі затаіўшы дыханне, адкрывалі новыя факты і падзеі з жыцця сівой мінуўшчыны, адчулі ўласную адказнасць за лёс гісторыка-культурнай спадчыны слаўнага Карэліцкага краю.
Удзельнікі прэзентацыі ахвотна набывалі кнігу А. Т. Федарука “Старадаўнія сядзібы Беларусі. Карэліцкі раён”, а аўтар гэтага навукова-папулярнага выдання з задавальненнем даваў аўтографы.

6

5

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.