Воспоминания малолетнего узника Озаричского лагеря смерти

 

16Некалькі год таму назад на маёй радзіме, у Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці, на месцы Чырвонабярэжскага перасыльнага пункта-канцлагера на шляху ў Германію быў адкрыты незвычайны мемарыяльны комплекс “Дзецям — ахвярам вайны”. Аўтар праекта  — прафесар міжнароднай акадэміі архітэктуры, лаўрэат Ленінскай прэміі Леанід Левін. Каля дзвюх тысяч дзяцей былі вывезены адсюль на пакуты і смерць у чужой краіне, з іх сталі вядомымі толькі імёны і прозвішчы ўсяго пятнаццаці хлопчыкаў і дзяўчынак ад васьмі да чатырнаццаці гадоў. Гэтыя імёны і прозвішчы выбіты на ветразі карабліка, які нібы імчыць у бязмежную прастору і сімвалізуе мары дзяцей, якія не збыліся з-за таго, што да іх душ дацягнулася страшэнная рука фашызму. У памяць аб многіх тысячах дзяцей, што былі заложнікамі: вымушанымі донарамі, матэрыялам для злачынных медыцынскіх эксперыментаў і г. д. Іх выкарыстоўвалі як жывое прыкрыццё для адступаючых фашысцкіх часцей, пасылалі на мінныя палі.
У памяць аб іх узведзены гэты мемарыяльны комплекс, які ў народзе назвалі дзіцячай Хатынню.
У прыватнасці, маленькіх жыхароў населенага пункта Чырвоны бераг і іншых вёсак змяшчалі, адабраўшы ад бацькоў, у дзіцячы канцлагер, а потым сілай адпраўлялі ў Германію ў якасці донараў, каб іх гаючая дзіцячая кроў ратавала параненых салдат і афіцэраў вермахта. Сляды такіх дзяцей знікалі назаўсёды, бо ад іх бралі столькі крыві, што яны не маглі застацца жывымі. Іх целы потым спальвалі.
Характэрны эпізод для характарыстыкі тых, хто працаваў у такім канцлагеры. Перад адпраўкай у барак канцлагера да малалетніх вязняў, што сядзелі на саломе, уваходзілі нямецкі афіцэр і прыгожая жанчына, якая з усмешкай гаварыла: “Хто хоча кашы, хутчэй станавіцеся па двое ў рад. Павядзём вас карміць…”. Есці хацелі ўсе, і ўсе імкнуліся ў той рад. Тыя, каго павялі есці кашу, назад ужо не вярталіся ніколі! Яны знікалі бясследна. Такіх было вельмі многа. Усе яны загінулі страшнай смерцю. Нялёгкім быў і лёс тых, каго вывозілі на прымусовую працу ў Нямеччыну. Там яны павінны былі працаваць цэлы дзень за мізэрнае харчаванне. Вось вытрымка з пісьма свайму бацьку пятнаццацігадовай Каці Сусанінай:
“Татачка, мне сёння споўнілася пятнаццаць гадоў, і калі б ты зараз сустрэў мяне, то не пазнаў бы сваю дачку. Я стала вельмі худзенькая, мае вочы ўваліліся, касічкі мае абстрыглі нагола, рукі высахлі, падобныя на граблі. Калі я кашляю, з рота ідзе кроў — у мяне адбілі лёгкія…”. Вось такая доля чакала тых, каго вывозілі на прымусовую працу ў чужую краіну.
Асабіста мне выпала цяжкая доля быць малалетнім вязнем канцлагера “Азарычы”. Цяпер і ўявіць немагчыма, як можна было трымаць дзяцей, жанчын, старых у такой вялікай колькасці пад адкрытым небам пры мінусавой тэмпературы і снегападах халоднага сакавіка.
Вось што гаварыў пра Азарыцкі лагер смерці на Нюрнбергскім працэсе галоўны абвінаваўца ад СССР Л. Смірноў: “У ходзе вайны, ужо маючы цяжкія страты, германскі фашызм пачаў практыкаваць новыя лютыя формы знішчэння мірнага насельніцтва. Так былі створаны ў Беларусі лагеры смерці не толькі для забойства людзей, якія знаходзіліся ў самім лагеры, але, перш за ўсё, для распаўсюджвання сярод мірнага насельніцтва і ў радах Чырвонай Арміі вельмі цяжкіх інфекцый. У гэтых лагерах не было крэматорыяў і газавых камер, але па справядлівасці яны павінны быць аднесены да ліку самых жорсткіх канцэнтрацыйных лагераў, створаных фашыстамі”.
Згодна з артыкулам 21 Міжнароднага ваеннага трыбунала Суд народаў прызнаў лагеры ў раёне мястэчка Азарычы спецыяльнымі канцэнтрацыйнымі лагерамі на пярэднім краі нямецкай абароны, дзе нямецка-фашысцкімі катамі наўмысна распаўсюджвалася эпідэмія сыпнога тыфу сярод насельніцтва і часцей Чырвонай Арміі, носьбітамі якой з’яўляліся вязні канцлагера “Азарычы”.
А вось урывак з кнігі Івана Куранкова “Генерал медыцынскай службы”, у аснове якой ляжаць успаміны ўрача-эпідэміёлага, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, што прайшоў шлях ад Сталінграда да Берліна:
“Тое, што давялося ў хуткім часе ўбачыць нашым салдатам і афіцэрам, не было падобным ні на што раней убачанае… З расчыненых лагерных варотаў насустрач ім беглі і паўзлі знясіленыя,  паўаголеныя старыя і дзеці. Усе, хто мог яшчэ рухацца, спяшаліся насустрач вызваліцелям. Галасілі, плакалі…
На зямлістых тварах — радасць! НАШЫ!”
Характэрна і тое, што фашысты спецыяльна выбіралі для лагера балотныя мясціны, каб стварыць як мага больш цяжкасцей для людзей і каб як мага эфектыўней заразіць іх сыпным тыфам. Карацей, стварыць найбольш эфектыўную фабрыку смерці. Колькі тут загінула людзей пакутлівай смерцю! Колькі тут было плачу, стогнаў, галашэнняў, праклёнаў лютым катам. Я памятаю, як мы выходзілі з лагера, а вакол ляжалі целы тых, хто аддаў тут сваё жыццё. А многія паміралі і потым, бо ўсе жыццёвыя сілы былі страчаны ў гэтым страшным месцы.
Многае забываецца за дзясяткі гадоў жыцця. Але пакуты лагера не забываюцца. З цягам часу, асабліва ў сакавіцкія дні, ад цяжкіх лагерных успамінаў баліць сэрца, моцна баліць, баліць па страчаным здароўі, баліць па родных і сябрах, што засталіся назаўсёды ляжаць на тэрыторыі лагера, пахаваныя ў брацкіх магілах. На жаль, на гэтых магілах няма іх прозвішчаў.
З цягам часу вельмі б хацелася забыць усё гэта. Але забыць немагчыма! Не забываецца!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.