В Красненском сельсовете чествовали золотых и серебряных юбиляров

2Пад такой назвай у Красненскім ЦСДК адбыўся вечар-ушанаванне залатых і сярэбраных юбіляраў сельсавета. У залу, упрыгожаную відарысам шлюбных пярсцёнкаў, пад гукі вясельнага марша Мендэльсона праз браму шчасця, утворануюдзяўчатамі ў нацыянальных касцюмах, праходзяць і займаюць ганаровыя месцы на сцэне сямейныя пары Івана Алы Голас, Мікалая і Зінаіды Дзівак, Мікалая і Таццяны Трусевіч, Мікалая і Марыны Ракач, Яўгенія і Вольгі Ложачнік.
Адкрываючы ўрачыстае мерапрыемства, старшыня Красненскага сельскага Савета дэпутатаў Т. М. Лейка адзначыла, што на тэрыторыі сельсавета такія святы ладзяцца з 2009 года і праводзяцца ў рамках Міжнароднага дня сям’і. Па традыцыі адбываюцца сустрэчы, хто адзначае 50-і 25-годдзе сумеснага сямейнага жыцця.
— Сям’я — гэта пачатак жыцця, аснова нашай будучыні, — гаварыла Тамара Мікалаеўна, — яна з’яўляецца своеасаблівым барометрам дэмаграфічнай сітуацыі, беражэ чалавека ад жыццёвых нягод, перадае з пакалення ў пакаленне ўсе маральныя і духоўныя каштоўнасці.
Сёлета ў сельсавеце 5 сем’яў адзначаюць залатыя і 7 — сярэбраныя юбілеі. У кожнай з іх свой лёс, свой характар, свае прафесіі… А аб’ядноўвае іх жаданне захаваць сям’ю, выхаваць добрых дзяцей, унукаў і праўнукаў, заставацца вернымі і каханымі.
Вы збераглі сваё каханне таму, што будавалі шчасце самі, сваёй працай, цеплынёю ўзаемаадносін, не зважаючы на цяжкасці, паўсядзённыя клопаты і перажыванні. Не кожны можа адважыцца публічна выказаць свае пачуцці, хаця многім удаецца так беражліва несці іх чысціню і святло на працягу дзесяцігоддзяў.
Мы ганарымся сёння людзьмі, якія збераглі сваё каханне насуперак нягодам, крыўдам і зайздрасці. Не ўсе з іх змаглі прыняць удзел у святочным мерапрыемстве. Акрамя прысутных тут свой юбілей сёлета адзначаюць Мікалай Аляксандравіч і Ірына Уладзіміраўна Жук з вёскі Заполле, Мікалай Антонавіч і Лідзія Уладзіміраўна Шуліцкія з Паланой, Іван Мікалаевіч і Сцепаніда Уладзіміраўна Буляк з вёскі Жукі.
—    Паважаныя юбіляры! Ад імя Красненскага сельвыканкама, праўлення СВК “Маяк-Заполле” прыміце самыя шчырыя віншаванні і пажаданні моцнага здароўя і шчасця. Няхай ва ўсе наступныя гады будзе цёплы і ўтульны ваш дом, светлымі і радаснымі вашы будні і святы. Міру, дабрыні і згоды ў вашых сем’ях, Боскай дапамогі ў вашых справах на многія гады!
Прэлюдыяй урачыстасці сталі словы вядучых, супрацоўнікаў ЦСДК:
На залатым вяселлі не скачуць,
На залатым вяселлі не плачуць,
На залатым вяселлі не пяюць
І посуд на шчасце не б’юць.
Дык што ж тады робяць на гэтым
вяселлі?
Вунь бачыш, як госцейкі шчыльна паселі.
Тваіх пяцьдзесят і маіх пяцьдзесят.
Пра многае могуць гады расказаць.
І сапраўды, пачалі свой аповед вядучыя, вусны летапіс жыцця юбіляраў з вёскі Лясок Івана Іванавіча і Алы Андрэеўны Голас, якія зарэгістравалі свой шлюб 19 студзеня 1963 года і вось ужо паўстагоддзя крочаць па жыцці поруч, не гасне іх сямейны ачаг, бо Ала Андрэеўна надзейна зберагае яго  і захоўвае. Гэта добразычлівыя і ветлівыя людзі, якія шануюць адзін аднаго.
Ала і Іван пазнаёміліся ў дзень выбараў у Запольскім клубе, дзе маладая работніца райспажыўтаварыства была з выязным буфетам. Нечакана згасла святло, і Ала пайшла шукаць каго-небудзь, каб выправіць няспраўнасць, і сустрэла Івана. Пазнаёміліся, а праз год згулялі вяселле.
Багатае жыццё ў Івана Іванавіча. Пасля васьмі класаў быў вучнем токара, а ў 1959 годзе атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і 16 гадоў працаваў шафёрам у калгасе. Затым на льнозаводзе, адкуль і пайшоў на заслужаны адпачынак. За добрасумленную працу мае шмат дыпломаў, грамат, неаднаразова ўзнагароджваўся каштоўнымі падарункамі.
Шчаслівыя бацькі выхавалі дачок Іну і Марыну.
Старэйшая Іна настаўнічае ў Гомелі. Мае сваіх дзяцей: Насцю, якая працуе ў адным з банкаў сталіцы, і Аляксандру, якая закончыла інстытут імя Сахарава.
Малодшая дачка Марына жыве ў Мінску, працуе старшай медсястрою, а яе дачка Ганна стала журналісткай.
Запаветная мара Івана Іванавіча і Алы Андрэеўны — дачакацца ўнукаў. Пажадаем, каб іх мара здзейснілася.
На вуліцы Жураўлёва ў Ляску міжволі звяртаеш увагу на прыгожа пафарбаваны дом, які прытуліўся ў квітнеючым садзе. Радуе вока кветнік, заглядаюць у вокны пунсовыя ружы… Хочацца спыніцца і пагутарыць  з яго гаспадарамі, — працягвалі вядучыя.
Такая магчымасць надарылася з нагоды залатога юбілею сумеснага жыцця Мікалая Сямёнавіча і Зінаіды Іванаўны Дзівак, якія прыйшлі на свята разам з дзецьмі і ўнукамі. Лёсы аднавяскоўцаў дзіўным чынам пераплятаюцца і ўплываюць адзін на аднаго. І тут нібы ў казцы: жылі-былі дзве сяброўкі Зіна і Ала. Разам працавалі, разам адпачывалі… А побач былі два сябры: Мікалай і Іван. Ала пакахала Івана, ажаніліся. Зіна была на вяселлі дружкай. Мікалай у гэты час быў у рэйсе і не змог пагуляць на вяселлі сябра. Праз пэўны час сям’я Голасаў святкавала 8 Сакавіка. Запрасілі і Зіну з Мікалаем, якія ўжо ў маі распісаліся.
Вяселле было сціплае, але дружнае, уся вуліца прыйшла віншаваць маладых. Праз некалькі гадоў сталі будаваць уласную хату. Будоўля патрабавала значных матэрыяльных выдаткаў, а на вялікую дапамогу разлічваць не прыходзілася. Сям’я бацькоў Мікалая Сямёнавіча была мнагадзетная, а Зінаіда Іванаўна рана асірацела і акрамя малодшай сястры і састарэлай бабулі з радні нікога не мела. Так і жылі…
Нялёгкі быў жыццёвы шлях Мікалая Сямёнавіча і Зінаіды Іванаўны. Давялося зведаць нямала праблем, пераадолець шмат цяжкасцей. Але не зламалі іх нягоды і выпрабаванні. Ды інакш і быць не магло.
Мікалай Сямёнавіч усё жыццё працаваў трактарыстам у калгасе, Зінаіда Іванаўна змяніла некалькі прафесій, а на пенсію пайшла з пасады паштальёна.
Асаблівая радасць юбіляраў у дзецях. Іх трое — Сяргей, Жанна і Дзмітрый. Бацькі не шкадавалі нічога, каб вывесці іх у людзі,  і яны апраўдалі надзеі, выраслі дастойнымі, годнымі людзьмі, якія любяць свае сем’і і паважаюць сваіх бацькоў. Жыццё не стаіць на месцы. Цяпер у Мікалая Сямёнавіча і Зінаіды Іванаўны новыя радасці і клопаты — унукі. А іх пяцёра: Дзіяна, Дзяніс, Ігар, Наталля і Яўгеній. Яны, як кветкі, якія так любіць Зінаіда Іванаўна, упрыгожваюць жыццё, радуюць, прыносяць добры настрой, камфорт і заспакаенне.
Мы жадаем сям’і Дзівак шмат шчасця, здароўя на доўгія гады. Няхай вашы сэрцы заўсёды б’юцца ва ўнісон і ў іх заўсёды будзе месца для дзяцей, унукаў і сяброў.
Рука в руке и в счастье, и в невзгоде,
Звенит хрустальная струна
на трепетнейшей ноте.
Не вырастит богатство, любви
раскошный сад.
Серебряная свадьба
Дороже всех наград.
Надзвычай прыгожыя краявіды ў ваколіцах Горнай Руты, і ў гэтай прыгажосці ўжо 25 гадоў у згодзе і каханні жывуць Мікалай Мікалаевіч і Таццяна Георгіеўна Трусевіч.
У 80-я гады з усіх навакольных вёсак збіралася на дыскатэкі моладзь у Гарнаруцкі Дом культуры. У адзін з выхадных прыехала да бацькоў і студэнтка Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Таццяна. Пасля гаспадарчых клопатаў накіравалася з сяброўкамі на танцы. Там і пазнаёмілася з Мікалаем. Не ведалі яны на першай сустрэчы, што лёс звяжа іх на доўгія гады.
Мікалай працаваў у калгасе электрыкам і кожныя выхадныя з заміраннем сэрца чакаў, ці прыедзе ж дамоў каханая, ці прыйдзе на спатканне? Так доўжылася чатыры гады, радасць сустрэч і смутак расставанняў, пакуль Таццяна не закончыла вучобу і не стала працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Дальнаруцкай базавай школе (зараз яна працуе сацыяльным педагогам у ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна”).
Сям’я Трусевічаў ніколі не імкнулася да матэрыяльнага ўзбагачэння. Было б, маўляў, самае неабходнае. Але яны багатыя людзі, а самае галоўнае іх багацце — дзеці і праца.
Магчыма, Мікалай Мікалаевіч і Таццяна Георгіеўна не ведалі мудрага выслоўя: “Калі хочаш падарыць дзецям шчасце — падары ім пяць якасцей”. Гэта працавітасць, талент кахаць, шчодрасць, сумленнасць, мэтанакіраванасць. Менавіта гэтыя якасці падарылі, выхавалі бацькі сваім двум сынам, а таксама іншыя, не менш каштоўныя — дабрыню і спагаду, пяшчоту і чуласць.
Старэйшы Віталій закончыў тэхнікум бізнесу і права па спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, малодшы Андрэй набывае спецыяльнасць агранома ў Навагрудскім аграрным каледжы.
Калі суботнім вечарам у Пагорскім сельскім клубе прыветліва запальвалася святло ў вокнах, з бліжэйшых вёсак збіралася туды моладзь. Гучала музыка, і ў водблісках рознакаляровых ліхтароў гарэзліва зіхацелі вочы дзяўчат.

Шумна і весела адбываліся тут знаёмствы юнакоў і дзяўчат, якія пасля перарасталі ў моцныя, сур’ёзныя адносіны, а ў выніку ў вясковыя вяселлі, што абуджалі наваколле вясёлай песняй і музыкай. На адным з такіх вяселляў і пазнаёміліся Марына і Мікалай.
Пасля 8 класаў Марына закончыла Карэліцкае СПТВ-125 па спецыяльнасці хімік-лабарант і працавала ў калгасе.
Мікалай вучыўся ў Навагрудскім сельгастэхнікуме, а пасля службы ў арміі працаваў у калгасе “Маяк” шафёрам, а затым механізатарам. З Пагорскага клуба пачаліся іх сустрэчы і расставанні, а 10 верасня 1988 года ў Красненскім сельскім Савеце дэпутатаў быў зарэгістраваны новы шлюб паміж Мікалаем Аляксеевічам і Марыяй Антонаўнай Ракач.
Маладой сям’і праўленне гаспадаркі дапамагло набыць жыллё, дзе і нарадзіліся іх дзеці Дзіма, Алёша і Аліна. Як кажуць у народзе, прычакалі два сыночкі і дачушку.
Дзмітрый і Аляксей закончылі СПТВ-125, адслужылі ў арміі і пасля звальнення ў запас служаць у РАНС. Зараз хлопцы жывуць у Карэлічах, маюць свае сем’і, Аліна вучыцца ў 8 класе Красненскай СШ-сада. Дзеці не забываюць сваіх бацькоў, кожныя выхадныя наведваюць, дапамагаюць у гаспадарчых справах.
На першы погляд лічба 25 невялікая, але ж гэта чвэрць стагоддзя, і менавіта такі прамежак часу ідуць па жыцці разам Вольга Барысаўна і Яўгеній Пятровіч Ложачнікі. Пра сябе расказваць не любяць, таму характарызуюць іх сябры, калегі па працы Вольгі Барысаўны, як ажыццявілася мара Яўгенія Пятровіча  аб каханай, было вядома многім.
Вярнуўшыся пасля службы ў арміі ў бацькоўскую хату, Яўгеній стаў працаваць у калгасе механізатарам. Днём разам з бацькам Пятром Пятровічам шчыраваў на працы, а вечарам спяшаўся на рэпетыцыю танцавальнага калектыву ў Пагорскі клуб. Высокі, здатны, вельмі гаваркі сярод танцуючых вылучаўся нейкім асаблівым азартам, нават заліхвацтвам. А сакрэт хаваўся ў тым, каб звярнуць на сябе ўвагу маладзенькай выпускніцы Гродзенскага культурна-асветніцкага вучылішча, якая працавала ў клубе.
Але Вольга, не выдзяляючы нікога з хлопцаў, не звяртаючы ўвагі на ўлюбёныя позіркі, шчыра выконвала свае службовыя абавязкі, наталяючы душу вынікамі сваёй працы.
Закружылася “Лявоніха” з падскокамі ды прытопамі, лагодна плыў па сцэне карагод, перадаючы прыгажосць танца. Толькі на душы ў Яўгенія было не спакойна. Як падступіцца? Як прызнацца ў каханні?
І тады за справу ўзяліся сябры: паедзем у сваты. Так і зрабілі. І вось яны ўжо сямейная пара. Пабудавалі дом, пасадзілі сад, выгадавалі двух сыноў, прычакалі ўнучку Сашачку, бо старэйшы сын Дзмітрый мае сваю сям’ю, жыве і працуе інжынерам у Любані. Малодшы Аляксей — студэнт-завочнік Навагрудскага аграрнага каледжа, працуе ў Мінску.
Залатыя і сярэбраныя юбіляры распісаліся ў ганаровай кнізе рэгістрацыі, запрасілі сваіх каханых на вальс і замацавалі шлюб бакалам шампанскага.
Юбіляраў павіншавалі прадстаўнікі працоўных калектываў, уручылі ім падарункі. Атрымалі віншаванні і падарункі родныя і блізкія. У іх гонар гучалі песні, танцаваў дзіцячы танцавальны калектыў “Пацерачкі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.