Второй день медиафорума состоялся в Мире

3У Мінску ў восьмы раз сабраліся найбольш крэатыўныя прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіх навук, эксперты, а таксама міністэрстваў і ведамстваў Саюзнай дзяржавы, краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, суседняй Балтыі, Заходняй Еўропы, каб абмеркаваць развіццё сучаснай прэсы, распрацаваць адзіную стратэгію па падтрымцы культурнай і гістарычнай спадчыны ўсіх краін зямнога шара, наладзіць канструктыўны дыялог культур і сфарміраваць адзіную гуманітарную прастору.
Арганізатары медыяфоруму — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД, Беларускі саюз журналістаў. Падтрымку мерапрыемству аказваюць Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, Выканаўчы камітэт СНД, Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам і іншыя.
Адкрыццё Беларускага міжнароднага медыяфоруму адбылося ў сімвалічным месцы — Нацыянальнай бібліятэцы.
А тэма форуму — “Партнёрства ў імя будучага: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання”.
Пачаўся форум праектам пад сімвалічнай назвай “Беларусь — адкрытая кніга”. І сапраўды, наша краіна адкрыта для зносін. Пасля эксперт-сесіі пад дэвізам “Кніжная спадчына Беларусі” прайшла змястоўная дыскусія ў Мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага — вядомага беларускага мастака, дзе абмяркоўвалася тэма важнасці захавання гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну, пра Перамогу ў вайне з фашызмам.
Як вядома, другі дзень работы міжнароднага медыяфоруму пачаўся ў нашым старажытным Міры, дзе яго ўдзельнікаў гасцінна сустракалі ля муроў адроджанага замка, які ўзяты пад ахову ЮНЕСКА.
Ва ўнутраным дворыку замка шаноўныя госці з задавальненнем паглядзелі тэатралізаваны пралог “У славу МІРа”.
Толькі тут можна было ўявіць і адчуць  подых гісторыі. І гэта старажытнае месца найбольш адпавядала тэматыцы медыяфоруму “Партнёрства ў імя будучага: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання”. У чацвер, 23 мая, на другі дзень медыяфоруму, прайшло пленарнае пасяджэнне. Важна адзначыць, што сюды прыехалі не толькі журналісты, але і палітыкі высокага рангу, выдаўцы, артысты, культуролагі з Расіі, Азербайджана, Украіны, Літвы, Латвіі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Францыі, Таджыкістана, Арменіі, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменіі і іншых краін свету. Менавіта тут, пад скляпеннямі замка, разглядалі праблемы распаўсюджвання інфармацыі,  гістарычнай місіі сродкаў масавай інфармацыі, аб культурным супрацоўніцтве, аб тым, як дапамагчы захаваць помнікі культуры, а таксама асвятлення культурна-духоўнай спадчыны.
Пленарнае пасяджэнне адбылося ў канферэнц-зале. Яго адкрыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Вітольдавіч Праляскоўскі, які адзначыў, што форум стаў добрай пляцоўкай для абмеркавання прафесіянальнай тэматыкі медыясупольніцтва, сур’ёзных экспертных даследаванняў актуальных праблем сучаснасці.
Сёння журналістыка з’яўляецца найбольш уплывовым фактарам грамадскай камунікацыі і асноўным каталізатарам трансфармацыі грамадскіх працэсаў. Уплыў СМІ велізарны — ён можа як ствараць, так і разбураць, як прыміраць, так і раздзяляць. І менавіта цяпер, знаходзячыся ва ўмовах многапалярнасці грамадскай думкі, інтарэсаў і перакананняў, мы павінны памятаць пра галоўнае — пастаяннае і нязменнае імкненне нашых народаў да супрацоўніцтва ва ўсіх сферах жыцця. Міністр заклікаў, каб у дні форуму журналісцкія блакноты і планшэты папоўніліся імёнамі і кантактамі, змястоўнай інфармацыяй, якая дазволіць чытачам, гледачам і слухачам па новаму адкрыць для сябе Беларусь.
Намеснік прэм’ер-міністра Анатолій Афанасьевіч Тозік зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі гасцям і ўдзельнікам міжнароднага медыяфоруму.
З прывітальным словам выступіў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра.
— Думаю, ёсць няшмат месцаў, якія б больш падыходзілі, чым гэта, для абмеркавання асноўнай тэмы нашага медыяфоруму — гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання. І справа не толькі ў тым, што мы сабраліся ў прыгожым адрэстаўраваным старажытным замку, які ўнесены ў спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Само паселішча носіць ёмістую, я б сказаў, сакральную назву — Мір. Думаю, што вы ўжо адчулі асаблівую духоўную атмасферу, якая адпавядае гэтаму месцу.
Мір — гэта сапраўды вельмі мірны куток краіны. На працягу стагоддзяў тут дружна і мірна жылі беларусы, палякі, татары, яўрэі. Гэта мястэчка ў адзін час лічылася сталіцай беларускіх цыган, тут жыў цыганскі барон.
Людзі тут не проста мірна ўжываліся, захоўваючы свой традыцыйны ўклад, але стваралі культуру, узаемна ўзбагачаліся духоўна. Менавіта тут быў створаны значны культурны набытак, які мы прымаем і захоўваем як каштоўную спадчыну. З гэтага пасёлка выйшла нямала беларускіх, польскіх пісьменнікаў, яўрэйскіх, татарскіх багасловаў, палітычных дзеячаў.
Уявім сабе вялікі цыркуль і ўстановім яго тут, на месцы Мірскага замка, і правядзём акружнасць радыусам прыкладна 40 км. На поўдзень Міра ў фальварку Завоссе, з’явіўся на свет вялікі пісьменнік Адам Міцкевіч, заходней Міра — Навагрудак, дзе прайшло юнацтва, раскрыўся талент гэтага паэта, які, лічачы сябе ліцвінам, на польскай мове апяваў беларускую зямлю. А на ўсходзе ад Міра ў Канстанцінаўшчыне з’явіўся яшчэ адзін Міцкевіч — Канстанцін. Гэты сялянскі сын стаў класікам беларускай паэзіі і вядомы ўсяму свету як Якуб Колас.
Менавіта тут, на Мірскай паштовай станцыі, пачуўшы ад ямшчыка трагічную гісторыю пра замёрзлую каханую, Уладзіслаў Сыракомля, які ў ХІХ стагоддзі тут недалёка арэндаваў памесце Залучча. На польскай мове ён тады напісаў верш “Паштальён”, які ў перакладзе на рускую мову быў пакладзены на музыку і стаў рускай народнай песняй “Калі я на пошце служыў ямшчыком”. Сябра Уладзіслава Сыракомлі Ігнат Дамейка, які нарадзіўся недалёка адсюль у вёсцы Мядзвядка, адкрыў у Чылі залежы меднай руды, серабра, селітры і з’яўляецца нацыянальным героем гэтай паўднёва-амерыканскай краіны. Бачыце, дарагія сябры, як пераплецена ўсё тут. Лічыцца, што адным з самых буйных навучальных устаноў Іерусаліма з’яўляецца Мірская ешыва, якая вядзе свае традыцыі менавіта адсюль. У паўтара дзесятках кіламетраў ад гэтага месца ў падпольнай партызанскай газеце ў Налібоцкай пушчы пачынаў адточваць сваё пяро народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль.
На Карэліччыне добра вядомы і Павел Арсенцьевіч Жалезняковіч — удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі і партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Улетку 1926 года П. А. Жалезняковіча польскія ўлады арыштавалі і ў 1928 г. асудзілі на пажыццёвае турэмнае зняволенне. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй удзельнічаў ва ўстанаўленні Савецкай улады. Працаваў сакратаром Мірскага райвыканкама. У гады вайны быў партызанам атрада “Камсамольскі”. У жніўні 1943 года — камісар першага камсамольскага атрада брыгады “Камсамолец”.
З ліпеня 1944 г. П. А. Жалезняковіч — старшыня Мірскага райвыканкама, з 1949 г. — першы сакратар Мірскага, з 1952 г. — Любчанскага, з 1956 г. — Карэліцкага райкама КПБ, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.
А сёння з намі ў гэтай зале яго сын Віктар Паўлавіч, які працуе ў аблвыканкаме прэс-сакратаром. Вось так складваюцца лёсы вядомых людзей, якія служаць беларускаму народу.
— Выступаючы перад карыфеямі сродкаў масавай інфармацыі, — адзначыў Сямён Барысавіч, — не магу не спыніцца на традыцыях друкарскай справы. У нашым Прынёманскім краі з 1612 года ў Любчы дзейнічала друкарня. Гэты пасёлак таксама трапляе  ў радыус 40 км ад месца, дзе мы знаходзімся.
Гродзеншчына — прыкметны рэгіён у гісторыі беларускай журналістыкі.
Менавіта ў Гродна ў 1678 годзе з’явіўся першы інфармацыйны бюлетэнь “Авизы Гродзеньски” , а штодзённая “Газета Гродзеньска”, якая выдавалася з 1776 года, стала першым перыядычным выданнем на тэрыторыі            Беларусі.
Калі ў выніку падзвіжніцкай дзейнасці П’ера Кубертэна ў ХІХ стагоддзі аднавіліся Алімпійскія гульні, дык першым журналістам, які ў 1896 годзе перадаў у сусветную прэсу рэпартажы з першай Алімпіяды ў Афінах, быў ураджэнец Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці Зыгмунт Мінейка. Так што Гродзеншчыну можна лічыць, з пэўным допускам, вядома, роданачальніцай спартыўнай журналістыкі.
З журналістыкай Гродзеншчыны непарыўна звязаны лёсы і таленавітых людзей. Літаратурнай творчасцю праславілі Прынёманскі край журналісты-пісьменнікі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Міхаіл Васілёк, Валянцін Таўлай.
Работа ў абласной і раённых газетах адкрыла многім людзям дарогу ў вялікую журналістыку. Прайшоўшы школу “Гродзенскай праўды” ці раённых газет, іх супрацоўнікі станавіліся кіраўнікамі рэспубліканскіх і саюзных друкаваных выданняў, дастойна прадстаўлялі савецкую і беларускую журналістыку, працуючы ўласнымі карэспандэнтамі за мяжой. Пра такіх людзей расказвае экспазіцыя ўнікальнага ў сваім родзе музея, створанага ў “Гродзенскай праўдзе”, а таксама выйшаўшая некалькі гадоў назад кніга “Прызванне быць журналістам”, у якой сабраны нарысы пра найбольш аўтарытэтных майстроў пяра Прынёманскага краю. Як бачыце, журналістаў на Гродзеншчыне паважаюць.
Што сабой уяўляе медыйная прастора Гродзенскай вобласці? У нас друкуюцца 57 газет і часопісаў. Электронныя рэгіянальныя СМІ прадстаўлены чатырма тэлерадыёкампаніямі і аб’яднаннямі, шасцю тэлестудыямі.
Адносіны органаў кіравання з чацвёртай уладай канструктыўныя. Наш падыход заключаецца ў тым, што жыхары вобласці павінны атрымліваць поўную інфармацыю аб усіх падзеях, ведаць планы развіцця рэгіёна, адчуваць перспектыву, таксама ўмець вызначаць сваё месца ў рэалізацыі ўсіх планаў і пачынанняў. Таму органы ўлады дастаткова адкрытыя перад журналістамі.  Журналісты ходзяць у аблвыканкам на планёркі, адзін раз у квартал я сустракаюся з рэдактарамі газет і ўласнымі карэспандэнтамі на прэс-канферэнцыях, а таксама на “прамых лініях” тэлефоннай сувязі з насельніцтвам вобласці і ў прамым эфіры абласнога тэлебачання.
СМІ вобласці інфармацыйна суправаджаюць каля 50 праграм, якія рэалізуюцца ў краіне і нашай вобласці.
Сямён Барысавіч падрабязна расказаў прысутным пра пытанні асвятлення культурнага жыцця, паколькі гэта тычылася нашай асноўнай тэмы. Размова ішла пра захаванне помнікаў, развіццё турызму і іншыя пытанні.
— Паважаныя сябры! — звярнуўся ў заключэнне да ўдзельнікаў медыяфоруму Сямён Барысавіч. — Праца журналістаў — творчая, таму не простая. Дазвольце пажадаць вам свежых думак, вострага погляду, важкага слова і, вядома, здароўя, дабрабыту і творчых удач.
Удзельнікаў пленарнага пасяджэння вітаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Аляксеевіч Рапота, які заўважыў, што “форум 2013 года прысвечаны праблематыцы гісторыка-культурнай спадчыны як фактара яднання. Выбар такой тэматыкі прадыктаваны выключна актуальнасцю пытанняў міжнароднай інтэграцыі і ўсведамленнем таго факта, што ніхто так не аб’ядноўвае народы і краіны, як іх агульныя гістарычныя і культурныя карэнні. Мы гэта бачым і на прыкладзе самага паспяховага інтэграцыйнага праекта на постсавецкай прасторы — Саюза Беларусі і Расіі. Менавіта адзінства культурных традыцый і гістарычнага вопыту нашых народаў стала краевугольным каменем будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, а захаванне і ўмацаванне гэтых традыцый фактычна з’яўляецца галоўнай мэтай саюзнага будаўніцтва. А важнейшым інструментам у справе захавання і развіцця гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі”.
Віталі прысутных першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта СНД Уладзімір Гіляравіч Гаркун, дэпутат Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, намеснік Старшыні Камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па інфармацыйнай палітыцы Франц Адамавіч Клінцэвіч, які зачытаў прывітанне ўдзельнікам медыяфоруму ад Старшыні Дзяржаўнай Думы Расіі С. Я. Нарышкіна.
Старшыня Беларускага саюза журналістаў, галоўны рэдактар газеты “Рэспубліка” Анатолій Іванавіч Лемяшонак адзначыў, што гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання — тэма прадстаячых дыскусій. Нас аб’ядноўвае супольнасць народаў і культур, якая сфарміравалася з даўніх часоў. Выпрацаваныя стагоддзямі прынцыпы добрасуседства, талерантнасці і згоды сталі важнымі фактарамі далейшага развіцця нашых суверэнных дзяржаў. Гісторыка-культурная спадчына з’яўляецца духоўным, культурным, эканамічным і сацыяльным капіталам, незаменнай каштоўнасцю, невычарпальнай крыніцай творчых сіл кожнага народа на шляху яго руху ў будучыню”.
У заключэнне выступіў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карчэўскі .
*  *  *
Пасля перапынку тэматычную панэль (так назвалі арганізатары) “Дыялог культур — дыялог народаў” вялі мадэратары галоўны рэдактар установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Рэдакцыя газеты “Советская Белоруссия” Якубовіч Павел Ізотавіч і галоўны рэдактар газеты  Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі “Союзное вече” Землянскіх Таццяна Мікалаеўна, а выступілі спікеры (так назвалі арганізатары) акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтва “ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Каваленя Аляксандр Аляксандравіч, Генеральны дырэктар ЗАТ “Еўразійская медыягрупа” Таганян Вардам Сурэнавіч, народны артыст Рэспублікі Беларусь Гасцюхін Уладзімір Васільевіч, дырэктар Акадэміі імя Айтматава ў г. Лондане, прафесар, доктар філалагічных навук — лінгвіст у галіне параўнаўча-гістарычнага індаеўрапейскага мовазнаўства  Абдуваліева Рахіма Мусаеўна, генеральны дырэктар Цэнтра палітычнай кан’юнктуры Расіі Міхееў Сяргей Аляксандравіч, вядучы праграмы “Кропка адліку” Дырэкцыі вяшчання на Расію, СНД і краіны Балтыі тэлеканала “Russia Today” Гурноў Аляксандр Барысавіч і дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Г. Шклярава Нячаева Галіна Рыгораўна.
Другую тэматычную панэль  “Сродкі масавай інфармацыі: гістарычная місія ў захаванні і развіцці гісторыка-культурнай спадчыны” вялі мадэратары галоўны рэдактар часопіса Беларуская думка”, першы намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў” Гігін Вадзім Францавіч і выдавец газеты “Літоўскі кур’ер” Траццякоў Валерый Артамонавіч, а выступілі з дакладамі спікеры намеснік галоўнага рэдактара газеты “Культура” Цюранкоў Міхаіл Анатольевіч, дырэктар Каўказскага інстытута СМІ Іскандаран Аляксандр Максавіч, намеснік галоўнага рэдактара альманаха “Русский миръ” Кавалькова Таццяна Іванаўна, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Лакотка Аляксандр Іванавіч, галоўны рэдактар газеты “Народная газета” Андрыевіч Уладзімір Уладзіміравіч, прафесар кафедры журналістыкі Акадэміі медыяіндустрыі (Інстытута павышэння кваліфікацыі работнікаў тэлебачання і радыёвяшчання) Чарняк Аляксандр Вікенцьевіч, начальнік ДУ “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь “Ваяр” Шубадзёраў Андрэй Юр’евіч, дырэктар Прадстаўніцтва МТРК “Мір” у Рэспубліцы Беларусь Пярцоў Уладзімір Барысавіч і дырэктар Дэпартамента выдавецкай справы і прэсы Дзяржаўнага камітэта тэлебачання і радыёвяшчання Украіны Кананенка Аляксей Анатольевіч.
Апошняй тэматычнай панэллю 23 мая была “Мова, нацыянальная літаратура як фактар суверэнітэту дзяржаў і яднання народаў”, якую вялі мадэратары дырэктар — галоўны рэдактар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда” Карлюкевіч Аляксандр Мікалаевіч і дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі” Бялова Таццяна Уладзіміраўна.
У абмеркаванні пытання прынялі ўдзел спікеры намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Крыштаповіч Леў Яўстаф’евіч, намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Наш современник”, публіцыст Казінцаў Аляксандр Іванавіч, дырэктар выдавецкага цэнтра навуковай літаратуры і энцыклапедый Літвы Карэцкас Рымантас, старшыня Савета федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Белорусы России” Казакоў Валерый Мікалаевіч, намеснік галоўнага рэдактара “Литературной газеты”, шэф-рэдактар дадатка да “Литературной газеты“ “Лад”, пісьменнік Кажадуб Алесь Канстанцінавіч, дырэктар Нацыянальнай дзяржаўнай кніжнай палаты Рэспублікі Казахстан Сейдуманаў Жанат Тураравіч і загадчык выдавецкага сектара Міністэрства культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі, член праўлення, старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Азербайджана, заслужаны дзеяч мастацтваў Аліеў Чынгіз Алі Аглу.
Удзельнікі медыяфоруму абмеркавалі пытанні ўдасканалення прафесійнага майстэрства журналістаў, павышэння прэстыжу  культурнай журналістыкі, прыцягнення ўвагі да праблем і дасягненняў культуры і асвятлення гісторыка-культурнай спадчыны.
На многія пытанні былі атрыманы кампетэнтныя адказы.
Пасля падвядзення вынікаў пленарнага пасяджэння была прынята рэзалюцыя. У прыватнасці, у гэтым дакуменце гаворыцца: “Мы перакананы, што толькі апіраючыся на велізарны гістарычны вопыт нашых продкаў, адлюстраваны ў помніках духоўнай і матэрыяльнай культуры, магчыма здзейсніць прарыў да небывалых раней дасягненняў. Навука і новыя тэхналогіі не павінны супярэчыць этычным правілам і нормам. Ведаючы толькі ўласныя карэнні, чалавецтва здолее пабудаваць новы бяспечны свет. Асновай такога стварэння можа быць менавіта культура, якая павінна ісці наперадзе эканомікі і палітыкі, а не наадварот”.
*  *  *
Усім спадабалася абрадавая праграма “Пасвячэнне ў беларусы”.
У рамках медыяфоруму ўпершыню ў г. Мінску прайшоў юбілейны Х міжнародны конкурс “Мастацтва кнігі” дзяржаў-удзельніц СНД.
Завяршыла праграму форуму наведванне Нясвіжскага палаца-паркавага комплексу, дзе адбылася эксперт-сесія “Аб’екты сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны ў кантэксце дзяржаўнай палітыкі развіцця рэгіёнаў”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.