За четыре дня до Победы

6

Шмат бяды нарабіла вайна. Колькі палегла маладых салдатаў і афіцэраў на палях бітваў, колькі вярнулася  з вайны з параненымі целамі і душамі. Не менш нагараваліся ў вайну і пасляваенны час салдацкія ўдовы з малымі дзецьмі на руках.
Да Аляксандры Іванаўны Пілько з вёскі Востухава Красненскага сельскага Савета лёс быў нялітасцівы з самага дзяцінства. У 13 гадоў яна засталася на белым свеце круглай сіратой, спачатку страціўшы маму, а потым і бацьку. Колькі працы зведалі яе дзіцячыя кволыя рукі!
— Тата хварэў, быў надта слабы, — успамінае Аляксандра Іванаўна, — а дома мачаха ды я з сястрой. Вось і працавалі і за сябе, і за мужыка. Жыць жа трэба было…
Пазней да яе, васямнаццацігадовай прыгажуні, пасватаўся хлопец з роднага сяла. Івану было ўжо 23, быў ён сынам заможных бацькоў, але захацеў узяць да сябе сірату, бо не было, бадай, на ўсю акругу больш прыгожай ды спраўнай дзяўчыны, чым Шура.
Распісаліся маладыя ў   41-м, калі ўжо грымела вайна. У вайну нарадзілася іх першая дачка Марыя.
— У 44-м, — успамінае Аляксандра Іванаўна, — прыехалі ў Востухава карнікі. Сагналі ўсіх вяскоўцаў у вялікае гумно, зачынілі дзверы і выставілі ахову. Мы ўсе ведалі, што нас хочуць спаліць, бо шмат нашых мужчын і хлопцаў было ў партызанах, якія не давалі спакойна жыць фашыстам. Людзі плакалі, крычалі, малілі аб літасці… Аж раптам — партызаны з лесу ды па немцах! Адчынілі дзверы, выпусцілі ўсіх, крыкнулі: “Усе ў лес!” А мы па раўках, па полі… Каб дабрацца да партызан, ішлі праз Нёман. Ледзь не ўтапілася разам з малой на руках, добра, што жанчына адна падтрымала.
Два тыдні жыла Аляксандра з дачкой у партызанскім атрадзе, дзе ваяваў і яе Іван. Паціху вяскоўцы вярталіся ў роднае сяло, вярнулася і яна. Дзякуй Богу, хата стаяла —  немцы не спалілі, гаспадарка ўцалела.
— Як страшна было, калі немцы адступалі, — расказвае жанчына, — бамбілі і днём, і ноччу. Я з дачкой у хаце не начавала, баялася. Усю ноч, бывала, прасядзім на агародзе ў каноплях… Малая спіць на руках, а я хіба на хвілінку задрамлю.
У 44-м яе Івана, як і большасць беларусаў, забралі на фронт. Ехалі жанчыны праважаць мужоў і сыноў аж да Стоўбцаў.
— Я нічога не гаварыла яму, — успамінае Аляксандра Іванаўна той дзень.— Не магла. Толькі плакала ды малую цалавала. На пероне прыціснулася апошні раз да яго шчакі. Здаецца, да сённяшняга дня памятаю яе цеплыню.
Як і ўсе, жыла спадзяваннем, што хутка канец вайне, чакала шэрых салдацкіх трохкутнікаў ад мужа. Яны спачатку прыходзілі спраўна, і аднойчы яна сама адпісала, што цяжарная. Іван напісаў бацькам: “Памагайце Шуры гора гараваць”. Быццам бяду прадчуваў.
За чатыры дні да Перамогі, 5 мая 1945 года, прыйшла вестка, што радавы Іван Сямёнавіч Пілько прапаў без вестак под Кенігсбергам. Ён нават не даведаўся, хто ў яго нарадзіўся: хлопчык ці дзяўчынка…
— Ох, і награвалася я, — расказвае салдацкая ўдава. — Цягнула на сабе ўсё: і дачок, і гаспадарку, і калгасную работу. Ноччу шыла ці вязала, латала  малым абутак. Касіць навучылася, араць яшчэ з маленства ўмела. У лес па дровы ездзіла, за адну зіму 21 воз дроў прывезла. Дзе і сілы браліся… Страху саломай крыла, хаця галава кружылася, здавалася, упаду — і канец.
Аляксандра Іванаўна Пілько ўсё жыццё працавала ў калгасе “Новае жыццё”, хадзіла ў льнаводчае звяно і шчыравала пад кіраўніцтвам вядомай звеннявой, Героя Сацыялістычнай Працы Н. С. Трускоўскай.
Другі раз замуж так і не пайшла.
— Прыглядаліся да мяне нават і халасцякі, — прызнаецца Аляксандра Іванаўна, — але я думала пра дзяцей: ніхто роднага бацьку не заменіць і любіць, як ён, не будзе. На сабе зведала ласку мачахі…
Сёння Аляксандра Іванаўна Пілько жыве ў райцэнтры са сваім унукам, які  для яе не толькі добрая сядзелка, але і суразмоўца, і сябар. Усяго ў салдацкай удавы чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў, якія не павінны забывацца, за што іх дзед і прадзед аддаў сваё маладое жыццё.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.