Мирский замок — гордость Беларуси и ЮНЕСКО

5Па традыцыі, у пачатку лета ў Мірскім замку пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, абласнога выканаўчага камітэта, Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, Мірскага пасялковага Савета дэпутатаў, упраўлення культуры аблвыканкама ладзяцца святы мастацтваў заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга.
Чарговае адзінаццатае свята мастацтваў праходзіла пад назвай “Мірскі замак — гонар Беларусі і ЮНЕСКА”. Адкрыў яго ля старажытных муроў ва ўнутраным дворыку ансамбль трубачоў.
Гукі фанфар і творы ў іх выкананні прыцягнулі ўвагу шматлікіх экскурсантаў і турыстаў, якія сталі сведкамі святочнага мерапрыемства, спачатку ў дворыку, а затым у партрэтнай зале замка, дзе адбыўся чарговы канцэрт “Чароўныя флейты ў Мірскім замку”.
Вядучы аповед пра Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава расказала, што “ў складзе заслужанага калектыву ёсць шэраг невялікіх камерных ансамбляў, якія выконваюць важную асветніцкую місію. Дзякуючы падзвіжніцкай дзейнасці аркестра, якому падуладны ўсе жанры музыкі, і гэтых калектываў, у Беларусі адбылася творчая рэканструкцыя ўсяго музычнага шляху нашай Айчыны. Мірскі замак з’яўляецца адной з архітэктурных жамчужын і музычнай спадчыны.
Ды і не магла не гучаць музыка ў замках Беларусі, цэрквах, касцёлах. На Гродзеншчыне іх вельмі шмат. Мы ўдзячны продкам за гэта і маем надзею, што нашымі намаганнямі і вашымі высілкамі прадоўжым нашу музычную спадчыну і захаваем яе.
Мы ўдзячны кіраўніцтву гэтага комплексу, Міністэрству культуры, усім арганізацыям, якія ладзяць ужо адзінаццаты год гэты фестываль — “Мірскі замак”. Асабліва ўдзячны Гродзенскаму аблвыканкаму ў асобе начальніка ўпраўлення культуры  А. Л. Вярсоцкага.
Сёння ў нас незвычайная сустрэча. Мы сустракаемся з адным з калектываў, а ў аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга існуюць асобныя калектывы, — гэта ансамбль флейтыстаў. Дарэчы, у аркестры працуе некалькі духавых калектываў. Гэта сімвалічна, таму што духавыя інструменты і словы “дух”, “духоўнасць”, “душа” — аднакарэнныя. І вось чалавечы голас і духавыя інструменты гучаць як подых душы. Душа дае моц, сваю сілу, свае намаганні, свае ўсе якасці, перадае гэтым чароўным флейтам. І гэтыя старажытныя інструменты будуць выконваць сёння для вас і старажытную, і сучасную музыку. У асноўным беларускую. Але гэта старажытны інструмент, і вакол яго нямала міфаў, паданняў. З гэтай тэмы і пачынаецца канцэрт”.
Вольга Уладзіміраўна шмат цікавага расказала пра кіраўніка ансамбля, заслужанага дзеяча мастацтваў, доктара навук, прафесара Уладзіміра Скараходава, музыкантаў ансамбля, славутых кампазітараў. Усё гэта адбывалася на фоне чароўных гукаў флейты. У праграме канцэрта гучала і музыка кампазітараў ХХ стагоддзя, чыя творчасць прысвечана Радзіме.
А тым часам у зале пасяджэнняў Мірскага пасялковага Савета адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам мясцовых і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Адкрываючы яе, Міхаіл Фінберг гаварыў: “Нягледзячы на тое, што мы маем ужо вялікі досвед правядзення фестываляў у маленькіх культурна-гістарычных цэнтрах Беларусі, кожны фестываль мы рыхтуем з новым поглядам. У гэтым годзе мы распачалі фестываль у 11 гадзін. Найперш, гэта былі фанфары. Тыя фанфары, якія гучалі ў гэтым замку пачынаючы  з ХVІ стагоддзя. Гэтыя фанфары гучаць толькі адзін раз у год, і я вельмі задаволены, што яны сёння таксама прагучалі і яны нас будуць заклікаць на новы фестываль, які, я спадзяюся, будзе праведзены ў наступным годзе.
Пасля гэтага ўпершыню ў зале Мірскага замка мы распачалі канцэрт аднаго мастацкага калектыву, які працуе ў складзе нашага аркестра. Гэта калектыў, які мае аднародныя інструменты, ці, як кажуць, радавыя інструменты. У гэтым ансамблі толькі флейтысты, і канцэрт, які доўжыўся больш за гадзіну, прайшоў паспяхова. Лічу, што канцэрт, на якім прысутнічалі і замежныя госці, стане традыцыйным. Так ужо адбывалася. Раней сольны канцэрт даваў наш хор, сёлета — ансамбль флейтыстаў. І вельмі прыемна, што выконвалася музыка, якая належыць нашай краіне, і тая, што гучыць вельмі-вельмі мала. Гэты канцэрт з’яўляецца сапраўднай уверцюрай.
У Гродзенскай вобласці надаюць шмат увагі  і павагі творчасці Міхала Клеафаса Агінскага. Так сталася. А мы маем у сваім рэпертуары тры канцэрты Агінскага, і сёння дамовіліся з упраўленнем культуры аблвыканкама правесці фестываль Агінскага на яго радзіме ў Залессі. Гэта будзе новы фестываль. Мы вельмі зацікаўлены працаваць на Гродзеншчыне, бо тут надаецца вялікая ўвага прапагандзе  мастацтва з боку кіраўніцтва вобласці і раёнаў. Гэта прыклад таго, як трэба працаваць з нашай нацыянальнай культурай. Я маю на ўвазе і кіраўніка Карэліцкага раёна, які ні разу не сказаў, што ён не можа, што ён не будзе, што гэта немагчыма, што гэта нельга… Ён кажа: “Уперад”, і мы ідзем наперад. Такую дапамогу мы маем і ад старшыні аблвыканкама. Спалучаючы ўсё разам, мы атрымліваем тое, што маем цудоўны фестываль. Адно кепска, што гэта ніколі не здымае тэлебачанне. Гэта вельмі турбуе, але аднаму гэта паправіць немагчыма.
Сёння мы прысвяцілі канцэрт Агінскаму, і іграюць у ім зусім іншыя музыканты, не тыя, што былі дваццаць гадоў таму. Ён мае асветніцкі накірунак, бо гэта ўжо іншыя выканаўцы. Яны паказваюць сваё ўспрыняцце яго твораў і будуць перадаваць гэту спадчыну будучым пакаленням. Гэта вельмі важна.
Мы называем фестываль не толькі асветніцкім, але і духоўным, і тое, што адбываецца ў Мірскім касцёле, нідзе ў Беларусі няма. Гэта выдатны прыклад таго, як трэба сябраваць з прыхаджанамі, кіраўніцтвам раёна, і як мы паважаем нацыянальнасці і розныя канфесіі.
Завершыцца свята мастацтваў канцэртам песні, на які з задавальненнем прыходзяць жыхары г. п. Карэлічы.
І апошняе. Зараз падыходы да арганізацыі фестываляў вельмі складаныя. Вельмі цяжкая працэдура. Таму я ўдзячны аблвыканкаму, які дапамог у кароткі тэрмін аформіць усе неабходныя дакументы. Без гэтага фестываль не змог бы адбыцца.
Потым слова трымаў старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак, які адзначыў вялікі ўклад маэстра Фінберга ў правядзенні фестываляў. Нашы людзі ўжо прызвычаіліся, што на падмурку гістарычна-культурнай, музычнай спадчыны штогод адбываюцца святы мастацтваў. І ў гэтым вялікая заслуга Нацыянальнага аркестра Беларусі, які даносіць нашу самабытную культуру да розуму і сэрцаў простых людзей, працаўнікоў раёна.
Адзінаццатае свята мастацтваў, можна лічыць, адбылося на высокім узроўні, а гэта вынік нашага ўзаемаразумення, хаця не ўсё так проста.
Рэчаіснасць патрабуе праводзіць масавыя культурныя мерапрыемствы з найменшымі выдаткамі. Але эканоміць на культуры нельга, бо ўсё, што робіцца ў нашых пасёлках, ладзіцца для нашых працавітых, добрых людзей.
Мы тут нарадзіліся, тут выраслі, нам хочацца гэта рабіць, хочацца бачыць і чуць, хочацца, каб гэта было хораша і прыемна. Менавіта ў нашай мясцовасці з багатай гісторыка-культурнай спадчынай, бо ў іншых рэгіёнах такога багацця няма. Хочацца адзначыць, што ў гэтай справе ў нас выпрацавана свая сістэма, за што дзякуй і майму першаму намесніку, і начальніку аддзела культуры, і іншым упраўленцам. Яны гэта робяць ад душы і ад чыстага сэрца.
Мне прыемна гэта ўдвая, бо я не толькі нарадзіўся на гэтай зямлі, а і сфарміраваўся як чалавек, як кіраўнік.
Вялікі дзякуй вам, Міхаіл Якаўлевіч, за вашы энтузіязм, ініцыятыву і творчасць, за вашу музычна-асветніцкую дзейнасць. Людзі павінны ведаць і шанаваць нашу нацыянальную культуру, берагчы і развіваць яе. І вы ў гэтай справе наперадзе ўсіх.
Міхаіл Фінберг і Віктар Шайбак адказалі на пытанні журналістаў.
А тым часам у Мірскім ГДК адбыўся канцэрт “Міхал Клеафас Агінскі: памятаем і шануем”, прысвечаны 180-годдзю смерці кампазітара.
У Мікалаеўскім касцёле  г. п. Мір прайшоў канцэрт струннага аркестра  і вакальнага ансамбля пад назваю “Музыка беларускіх святынь”.
Завяршылася адзінаццатае свята мастацтваў “Мірскі замак — гонар Беларусі і ЮНЕСКА” канцэртам “Вечар папулярнай песні ў Карэлічах” пад кіраўніцтвам дырыжора Міхаіла Фінберга.
Ад імя выканаўчай і распарадчай улады раёна і гледачоў дзякаваў заслужанаму калектыву і ўручыў кветкі намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык.

4

3

2

1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.