Двоим учителям из Корелич присуждено звание «педагог-мастер»

5Днямі Карэліччына пабагацела яшчэ на два прозвішчы педагогаў-майстроў. Гэтае высокае званне атрымалі настаўнікі
Марыя Мікалаеўна Хіневіч з гімназіі № 1 райцэнтра і Святлана Генадзьеўна Шчука з сярэдняй школы № 2.
Напэўна, нездарма пасведчанні аб прысуджэнні ганаровага звання ім уручалі ў адзін дзень, бо лёсы настаўніц у многім падобныя. Абедзве мясцовыя, з нашага раёна. Пасля вучобы ў педагагічным інстытуце вярнуліся ў родныя мясціны і настаўнічаюць тут  многія гады. Яны лічаць, што настаўнік — гэта не проста прафесія, а лад жыцця. М. М. Хіневіч, якая працуе настаўнікам пачатковых класаў, навучыла чытаць і пісаць пяць пакаленняў маленькіх карэліччан.
— Пра школу і сваіх вучняў думаю нават на адпачынку, — расказвае яна, — убачу на беразе ракавінку і думаю: “Гэта ж на працоўным навучанні можа спатрэбіцца”, а падчас хатніх клопатаў складаю план урока. Сапраўды, школа становіцца тваім другім домам.
Марыя Мікалаеўна на працягу некалькіх гадоў паспяхова працуе са сваімі вучнямі па тэхналогіі “Крок за крокам” і займаецца з імі даследчай работай.
Святлана Генадзьеўна Шчука выкладае родную мову і сумяшчае настаўніцтва з работай завуча па вучэбнай часці. Яна прызнаецца, што гэта надзвычай няпроста, але жаданне несці моладзі культуру і прыгажосць роднага слова перамагае стомленасць. Галоўны дэвіз настаўніцы — у рабоце педагога не павінна быць фармалізму. І яна імкнецца правесці кожны свой урок такім чынам, каб вучні адчулі каштоўнасць і ўнікальнасць беларускай мовы, бо  “чалавек без сваёй мовы, як жабрак у чужым двары”.
Віншуем гэтых цудоўных жанчын і настаўніц з узнагародай!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.