Імёны нашых урачоў занеслі ў Кнігу Славы

жарские

Напярэдадні Дня Незалежнасці гэтага года рашэннем Гродзенскага аблвыканкама імя загадчыка хірургічнага аддзялення Карэліцкай ЦРБ, урача вышэйшай катэгорыі Валерыя Аляксандравіча Жарскага занесена ў абласную Кнігу Славы, імя загадчыка акушэрска-гінекалагічнага аддзялення райбальніцы, урача  вышэйшай катэгорыі Ганны Аляксандраўны Жарскай — у раённую Кнігу Славы. Заканамерна і заслужана, таму што прозвішча Валерыя Аляксандравіча і Ганны Аляксандраўны даўно ўжо стала брэндам Карэліччыны і не патрабуе каментарыяў не толькі для жыхароў нашага раёна: геаграфія іх урачэбнага таленту прасціраецца далёка за межы раёна. Аўтарытэтны ўрачэбны тандэм Жарскіх служыць здароўю людзей ужо 40 гадоў! Дзе крыецца разгадка прафесійнага даўгалецця і рэдкай адданасці  абранай некалі справе? Адназначна лічу: вялікую ролю адыгрывае тут шчаслівая сямейная гармонія, асветленая Каханнем, Вернасцю, Еднасцю, Пяшчотай, якія жывуць у адносінах гэтых прыгожых людзей на працягу 41 года, а таксама непамернай Любоўю да дзяцей і ўнукаў. “Дачка і два сыны, — прызнаюцца Жарскія, — галоўны здабытак нашага жыцця, наш гонар і найвялікшае шчасце, таму што выраслі яны сапраўднымі людзьмі, нам не сорамна за іх”. Таму і не старэюць тата і мама Жарскія, таму і не меншае іх спрадвечная прага да работы, якой прывыклі аддаваць сябе без астатку.

Ганну Аляксандраўну і Валерыя Аляксандравіча немагчыма ўявіць паасобку, бо яны — адно цэлае з таго моманту, калі другакурснік Валерый і першакурсніца Ганна, студэнты Гродзенскаага медінстытута, вяртаючыся з дому пасля Кастрычніцкіх святаў, ехалі з вакзала ў адным аўтобусе да інстытуцкага інтэрната, выйшлі на адным прыпынку, і ён дапамог прыгажуні-дзяўчыне данесці да пакоя цяжкую сумку. Мабыць, Богам была паслана тая першая сустрэча, таму што, як аказалася потым, было ў іх лёсах шмат агульнага: абое выраслі ў простых сялянскіх сем’ях, дзе атрымалі каштоўныя ўрокі працавітасці, сумленнасці, дабрыні, адданасці бацькоўскаму дому, людскасці. Абое былі лепшымі вучнямі ў школе, моцнымі матэматыкамі (яна скончыла школу з сярэбраным медалём), з маленства марылі стаць урачамі, а паступіўшы ў медінстытут, таксама былі ў ліку лепшых студэнтаў. Абое, рана страціўшы татаў, клопат пра матуль да апошняга іх дыхання ўзялі потым на сябе. Чатыры гады сябравалі; калі ён быў на 5 курсе, яна — на 4, згулялі вяселле, праз год радаваліся нараджэнню дачушкі Леначкі. Атрымаўшы дыпломы, прыехалі па накіраванні ў Карэліцкую раённую бальніцу. Ён — хірургам, яна — акушэрам-гінеколагам, сумяшчаючы прыём у жаночай кансультацыі райпаліклінікі з працай у радзільным доме. Дасціпнасць, высокая адказнасць, патрабавальнасць да сябе, імкненне пранікнуць у праблемы кожнага пацыента, пастаянная шліфоўка асабістага прафесійнага майстэрства далі свае вынікі: людзі прынялі  новых дактароў, паверылі ім, імкнуліся трапіць на прыём толькі да іх. Паступова рос аўтарытэт, а разам з ім  і ўрачэбная адказнасць перад кожным хворым чалавекам, неабходнасць пастаяннай працы над сабой, бесперапыннага набыцця ведаў у адпаведнасці з новымі накірункамі і  тэхналогіямі ў медыцынскай практыцы.

У Карэлічах нарадзіліся ў Жарскіх блізняты Саша і Андрэй, радасць з’яўлення якіх на свет раздзялілі з шчаслівымі бацькамі калегі па працы, сябры, шматлікія ўдзячныя пацыенты. Вось тады і вырашылі будаваць дом, кожны куточак якога выпеставаны цеплынёй іх сэрцаў, руплівасцю іх рук, сялянскай прадуманасцю і гаспадарлівасцю. Тут заўсёды рады гасцям, чаканым і нечаканым, тут вітае шчырая гасціннасць, атмасфера душэўнасці і ўтульнасці. Але  ж самыя дарагія і любімыя госці, вядома ж, — дзеці са сваімі сем’ямі, як-ніяк разам з гаспадарамі 14 чалавек! Калі ж яшчэ родзічы пад’едуць — збіраецца зайздросная колькасць мілых сэрцу людзей! Дзякуй Богу, месца хапае для ўсіх, а для Жарскіх — гэта цудоўнейшы эліксір, — падпітак для падтрымання жыццёвага тонусу ў іх нялёгкіх працоўных буднях, таму што амаль штодзённа ідзе змаганне за чыёсьці жыццё. З 1978 года Г. А. Жарская  таксама ўзяла ў рукі скальпель, бо не магла змірыцца з тым, што за хірургічнай гінекалагічнай дапамогай прыходзілася адпраўляць жанчын у вобласць ці ў сталіцу. За  40 гадоў урачэбнай дзейнасці яе залатыя рукі прынялі каля 12 тысяч родаў, зрабілі каля 2000 жаночых аперацый! За плячыма хірурга В. А. Жарскага аперацый значна больш. Колькі напружання, бяссонных начэй, хвалявання, адказнасці крыецца за гэтымі  лічбамі! Бывала і такое, што па двое-трое сутак праводзілі ў бальніцы каля цяжкахворага. І як важна тое, што могуць яны параіцца, могуць побач стаяць за аперацыйным сталом! У складаныя моманты Ганна Аляксандраўна ідзе ў царкву, просіць Усявышняга аб дапамозе, моліцца і дома за станоўчы вынік аперацыі. Можа, дзякуючы гэтаму, у дадатак да хірургічнай дасканаласці, не было выпадкаў ні ў яе, ні ў мужа, каб пасля аперацый узнікалі складанасці, каб раны ў хворых не зажывалі. Прафесіяналізм Г. А. Жарскай ацаніла калісьці асабіста сама, перанёсшы аперацыю, і мая дачка, якая нарадзіла двух сыноў не ў сталіцы, а ў Карэлічах, у Жарскай, за што ёй удзячны да скону дзён.

Цяжка сказаць, колькі часу бываюць Жарскія дома, бо па першаму ж званку імчацца на дапамогу людзям: і ноччу, і выхаднымі, і ў час водпуску, ці калі, бывае, знаходзяцца на нейкай урачыстасці альбо ў гасцях. Нават знаходзячыся на адпачынку за мяжой звоняць на работу з адным пытаннем: “Як там у нас справы?” І дзе б ні былі, чым бы ні займаліся ў рэдкія свабодныя хвілінкі, размовы пераключаюцца зноў-такі на работу. Сярод людскога болю і бяды стараюцца кампенсаваць пастаянную душэўную трывогу аб хворых пяшчотай і клопатам адзін да аднаго. У размове з імі не пачуеш проста імёны. Абавязкова ў ласкальна-памяншальнай форме: Валерка, Анька, Ленка, Сцёпка… Нягледзячы на занятасць, Жарскія любяць бавіць час на агародзе, у лесе за зборам ягад і грыбоў. Нарыхтоўкам, зробленым імі на зіму, можа пазайздросціць любая гаспадыня. А на сяброўскіх пасядзелках, ад якіх яны, калі ёсць магчымасць, ніколі не адмаўляюцца, няма роўных Ганне Аляксандраўне ў танцах! Да таго ж, яна — унікальная мама: да сённяшняга часу рыхтуе дарослым сваім дзецям іх любімыя прысмакі, перадае штомесяц у Маскву і ў Мінск. Дзеці ў Жарскіх сапраўды залатыя. Лена, старэйшая, скончыўшы з залатым медалём Карэліцкую СШ, а потым — з чырвоным дыпломам Гродзенскі медінстытут, абрала прафесію мамы. Зараз яна — аперыруючы ўрач вышэйшай катэгорыі, загадчыца пасляродавага аддзялення 1-й клінічнай бальніцы г. Мінска. Карыстаецца вялікім аўтарытэтам, як і муж, урач вышэйшай катэгорыі, хірург-траўматолаг бальніцы хуткай дапамогі сталіцы, Сцяпан Андрэевіч Дворнік.

Цудоўнейшыя людзі, цудоўнейшая сям’я. Культ мамы, жанчыны ў доме Дворнікаў, дзе выхоўваюцца двое дзяцей, — гэта святое.

Сыны, сярэбраныя медалісты Карэліцкай СШ, Саша і Андрэй, закончылі з чырвоным дыпломам факультэт міжнароднага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 25 гадоў сталі кандыдатамі юрыдычных навук, прадаўжалі навучанне ў Міжнародным Еўрапейскім цэнтры міжнароднага права ў галандскім горадзе Гаага, стажыраваліся ў Лондане. Зараз таленавітыя вучоныя працуюць у Маскве, Саша часта чытае лекцыі ў многіх краінах свету. Нявесткамі старэйшыя Жарскія таксама ганарацца: абедзве скончылі  паспяхова Маскоўскі дзяржуніверсітэт, адна — філосаф, другая — філолаг, мацуюць сямейны лад вернасцю і любоўю. Ну, а шасцёра ўнукаў лічаць дом дзядулі і  бабулі ў Карэлічах найлепшым у свеце!

Калі гаварыць аб узнагародах Ганны Аляксандраўны і Валерыя Аляксандравіча Жарскіх, іх таксама дастаткова. Абое ў розныя гады былі занесены на раённую Дошку Гонару (яна — двойчы), у абоіх шмат Грамат рознага ўзроўню. У далёкім 1982 годзе Ганна Аляксандраўна ў ліку чатырох дэлегатаў прадстаўляла Гродзенскую вобласць на Усесаюзным з’ездзе акушэраў-гінеколагаў у г. Кішынёве, мае Грамату Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Яны не раз мелі магчымасць памяняць месца жыхарства, таму што атрымоўвалі прапановы на прэстыжныя пасады ў вобласці і ў сталіцы. Не паехалі. Лічылі, што гэтым самым здрадзяць сваім людзям, стаўшых за 40 гадоў роднымі, падтрымаўшых маральна, калі нечая прыкрая зайздрасць спрабавала падарваць іх аўтарытэт (на жаль, такая з’ява нярэдка існуе ў жыцці ўрачоў паралельна з удзячнасцю людзей).

І яшчэ аб адным. Мы чамусьці вельмі часта ўспрымаем прафесіянальна адораных спецыялістаў як жыццёвую звыкласць. І толькі калі яны пераязджаюць ад нас альбо ідуць на заслужаны адпачынак, разумеем, — як адразу бяднеем, як не хапае нам іх, іх вопыту, іх надзейнасці.

Вось таму напрыканцы хачу пажадаць Валерыю Аляксандравічу і Ганне Аляксандраўне Жарскім моцнага здароўя вам. Вы патрэбны нам. Няхай споўніцца ваша мара аб духоўным            адраджэнні моладзі, бо, на ваш погляд, маральная разбэшчанасць — галоўная прычына хваробаў. Няхай большае шчасця ў вашым доме і ў сем’ях вашых дзетак, няхай прадоўжаць унукі і праўнукі таленавіты род Жарскіх.

Галіна КАЛТУНОВА.

Фота Людмілы НІКАЛАЙЧУК.

 

Добавить комментарий