Карэліцкія работнікі службы быту дастойна прадставілі наш раён на“Дажынках-2013”

дрсу схт 065

Дастойна прадставілі наш раён на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013” у Жлобіне карэліцкія работнікі службы быту, якія рэалізавалі на свяце тавараў на 100 мільёнаў рублёў. Акрамя выручкі, намеснік дырэктара УКП БАН А. П. Маковік, дыспетчар М. М. Кажына, загадчыца КПП вёскі Краснае Т. П. Хамко і загадчыца КПП вёскі Жухавічы Н. У. Малышчык прывезлі і Падзяку міністра гандлю Рэспублікі Беларусь В. С. Чэканава калектыву Карэліцкага УКП БАН за актыўны ўдзел у фестывалі-кірмашы, лепшую арганізацыю і высокую культуру гандлёвага абслугоўвання.

Яшчэ адной узнагароды — Падзякі міністра гандлю Рэспублікі Беларусь — удастоена асабіста дырэктар УКП БАН В. П. Сідо за якасную падрыхтоўку і правядзенне на высокім узроўні выязнога рэспубліканскага семінара “Удасканаленне дзейнічаючых і ўкараненне новых прагрэсіўных форм прадастаўлення бытавых паслуг, спосабы рэалізацыі гатовай прадукцыі прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання”.

На пасяджэнні калегіі Міністэрства, якое адбылося ў горадзе Гродна з удзелам губернатара, непаддзельны інтарэс выклікала выстава прадукцыі нашых бытавікоў і зацікавіла выступленне дырэктара прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва, у якім Вера Пятроўна выказала сваё бачанне перспектывы сферы бытавога абслугоўвання.

— Справа ў тым, — расказвае Вера Пятроўна, — што ў бягучым годзе мы працуем без дзяржпадтрымкі, аказваем сацыяльна-значымыя паслугі па сабекошту. У выніку многія прадпрыемствы апынуліся ў складаным становішчы і вымушаны згортваць сваю дзейнасць, а Карэліцкі УКП БАН жыве, таму што мы не сядзім на месцы, а знахо-дзімся ў пастаянным пошуку. Мая прапанова заключаецца ў тым, каб дазволілі нам абслугоўваць насельніцтва і іншых рэгіёнаў. А яшчэ неадкладнага рашэння патрабуе праблема комплексных прыёмных пунктаў: закрываць іх ці не?

Што датычыць нашага прадпрыемства, то мы значна пашырылі асартымент фірменнага магазіна, дзе прадстаўлена прадукцыя фабрыкі “Віцебскія дываны”, усіх абутковых прадпрыемстваў рэспублікі, аб’яднання “Жлобін-мэбля”. У быткамбінаце арганізавана чыстка і кварцаванне пуха-пер’евых вырабаў з заменай насыпак. З верхняй вопраткі мы прапануем пакупнікам самыя стыльныя паліто ад фірмы “Элема”, прадпрыемстваў ”Славянка” (Бабруйск), “Калінка” (Салігорск).

Сёлета за кошт прадпрыемства паступіла ў асноўны капітал інвестыцый на 53 мільёны рублёў.

Пашыраецца асартымент і ўласнай прадукцыі. Асвоены выпуск гардзінна-цюлевых вырабаў, пледаў-пакрывалаў для стварэння дамашняй утульнасці, шмат вырабаў з трыкатажных палотнаў, многа мехавых рэчаў.

Асартымент швейнай вытворчасці складаюць: сталовая і пасцельная бялізна, спецвопратка, гардзінна-цюлевыя вырабы, мужчынскае, жаночае і дзіцячае верхняе адзенне.

Шырокі выбар трыкатажных вырабаў, коўдраў і падушак з розных напаўняльнікаў, пледаў, накідак, махровых ручнікоў і г. д.

Асвоены выпуск аб’ёмнага поліэфірнага палатна.

Вось так працуем і выжываем, бо пад ляжачы камень, як кажуць, вада не цячэ.

Станіслаў ЛУКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.