У хірургічным аддзяленні ЦРБ завяршыўся капітальны рамонт

больница 031

У пачатку кастрычніка ў хірургічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы сабраліся адміністрацыя, урачы, медработнікі і ганаровыя госці, будаўнікі і кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў з нагоды завяршэння капітальнага рамонту аддзялення.

Урачыстасць адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак, які зазначыў, што загадчык аддзялення, старшая медыцынская сястра шмат душэўнага клопату аддаюць сваім пацыентам і нацэльваюць на гэта падначаленых медработнікаў.

Сістэма аховы здароўя рэспублікі і нашага раёна, у прыватнасці, заклікана функцыяніраваць з карысцю для кожнага чалавека. Таму чарговае аддзяленне, якое мы разам адрамантавалі і аснасцілі абсталяваннем, — стала сапраўднай  ізюмінкай. Ізюмінкай не толькі нашага раёна і вобласці, а і краіны.

Тут не шыкуюць, тут не апошні крык моды, тут пануе культура, створаная будаўнікамі разам з кіраўнікамі. З розных крыніц фінансавання сюды накіраваны значныя грашовыя сродкі, каб стварыць утульныя, камфортныя ўмовы для пацыентаў і медыцынскага персаналу.

  — Сёння мы адкрываем пасля капітальнага рамонту хірургічнае аддзяленне, — гаварыла на ўрачыстасці галоўны ўрач УАЗ “Карэліцкая ЦРБ”  А. П. Майсак. — Гэта апошняе са стацыянарных аддзяленняў, у якіх праведзены капрамонт. Яно атрымалася ў нас самым лепшым, самым сучасным і адпавядае ўсім санітарным нормам і правілам.

На капрамонт выдаткавана два мільярды 857 мільёнаў рублёў. За гэтыя сродкі набылі таксама новае медыцынскае абсталяванне, мэблю на суму 461 мільён рублёў.

Хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці будаўнікам “Аватарабуда” і іх кіраўніку А. М. Барабану, якія хутка і якасна зрабілі рамонт. Былі выкарыстаны сучасныя аддзелачныя матэрыялы, і аддзяленне атрымалася сапраўды прыгожае.

Мы ўдзячны раённаму выканаўчаму камітэту, бо ўвесь комплекс работ выкананы за сродкі раённага бюджэту, а таксама нашым спонсарам — кіраўнікам гаспадарак раёна, сярод якіх — старшыня СВК “Маяк-Заполле” І. М. Шыш, імя Царука — Р. М. Сачко, “Цырын-Агра” — М. М. Кулініч, “Лукі-Агра” — М. А. Гавіна, КСУП “Племзавод Карэлічы” — І. У. Жданаў, ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” — В. У. Марушка, СВК “Жухавічы” — Д. Д. Янкоўскі, “Свіцязянка-2003” — У. А.               Галавач, “Малюшычы” — С. М. Барыскін,       ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” — А. М. Янкоўскі.

Дзякуючы іх бескарыслівай дапамозе, мы атрымалі новыя халадзільнікі, тэлевізары, устаноўленыя для пацыентаў і ў палаты для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, жалюзі — на вокны аддзялення.

Ведаю, што кіраўнікам гаспадарак зараз таксама няпроста, але яны знайшлі грошы, каб дапамагчы нам.

Па выніках мінулага года УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” узнагароджана за лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы прэміяй аблвыканкама ў памеры 10 мільёнаў рублёў. Іх мы выдаткавалі на афармленне хірургічнага аддзялення. Атрымалася эстэтычна і вельмі прыгожа.

Усё гэта зроблена ў першую чаргу для пацыентаў, для іх камфортнага знаходжання ў хірургічным аддзяленні.

Выдатныя ўмовы створаны і для медыцынскага персаналу. Прыемна працаваць у гэтым аддзяленні. Нашы медсёстры і санітарачкі знаходзяцца ў ім кругласутачна, таму для іх абсталяваны пакой адпачынку  і пакой для прыёму ежы, выдатная працэдурная з новай медыцынскай мэбляй, перавязачныя.

Задаволены ўмовамі і пацыенты. Мы пазбавіліся ад агромністых палат, дзе лячыліся па 6 чалавек. Цяпер палаты разлічаны на 2 і 3 пацыенты. Для ветэранаў вайны — асобная палата з халадзільнікам, тэлевізарам і палата павышанай камфортнасці, у якой пацыенты могуць лячыцца і на платнай  аснове.

Станіслаў ЛУКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.