У РДК адбыўся справаздачны канцэрт творчых калектываў раёна з найменнем «народны» і «ўзорны»

народные колективы 291

Адразу адзначу, што паглядзець і паслухаць было што: як-ніяк выступалі сапраўдныя майстры. У чарговы раз давялося пераканацца, што наша карэліцкая зямля славіцца не толькі багатымі ўраджаямі, але і сваімі талентамі. Нездарма гавораць у народзе: “Там, дзе праца — там і песня”.

Песні гучалі ў зімовы марозны надвячорак ў раённым Доме культуры, і ў такія моманты здавалася, што яны могуць крануць самую чэрствую душу, запаліць агеньчык у ёй, і якому яшчэ доўга гарэць. Такую вялікую сілу маюць слова і песня, і асабліва тыя, якія  давялося пачуць гледачам у зале.

Беларуская народная песня мілагучная і блізкая сэрцу. Слухаеш яе — і  знаходзішся ў суладдзі з прыродай. Здаецца, што няма чалавека шчаслівейшага на свеце. Вось такія цуды стварае сапраўдная мелодыя! Яна, як серабрысты ручаёк, льецца з вуснаў яе выканаўцаў. А гэта: народны гурт народнай музыкі і песні “Цырынскія музыкі” Цырынскага СДК (кіраўнік Святлана Канстанцінаўна Русак), народны ансамбль песні “Вечарынка” Жухавіцкага ЦСДК (кіраўнік Аляксандр Антонавіч Ліхута), народны ансамбль народнай песні “Забава” Красненскага ЦСДК (кіраўнік Галіна Аляксандраўна Бузук), мужчынская вакальная група ветэранаў працы Карэліцкага раённага Дома культуры (кіраўнік Інга Уладзіміраўна Лазарэвіч), а таксама выканаўцы песень Людміла Лебядзевіч і Наталля Макарэвіч.

А які глыбокі змест укладзены ў змест песень! Яны — пра Бацькаўшчыну і людзей, якія тут жывуць і працуюць. Іх выканаўцамі былі народны хор Красненскага ЦСДК (“Наша Гродзеншчына” і “Хлеб — всему голова”) — кіраўнік Галіна Аляксандраўна Бузук і народная вакальная група Турэцкага ЦСДК (“Гімн хлебаробу”) — кіраўнік Людміла Сяргееўна Сас.

Вясёлкаваму карагоду дапамагалі пералівацца сваімі колерамі і ўдзельнікі народнага аркестра народных інструментаў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Марыя Уладзіміраўна Башко). У іх выкананні прагучалі музычныя творы: “Отзвуки вальса”, “Парижское танго” і  “Испанский танец”.

А які карагод без танцаў, якія, як і песні, вярэдзяць душу?! Іх падарылі ў гэты вечар танцавальныя калектывы: Жухавіцкага ЦСДК (“Жухавіцкая з падляскваннем”) — кіраўнік Тамара Іванаўна Караняка,  Карэліцкага раённага Дома культуры (“Лядкаўская кадрыля”) — кіраўнік Васілій Уладзіміравіч Чартко і Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў (“Рускі танец”) — кіраўнік Ірына Станіславаўна Бяляк.

І, бадай, нікога не пакінула раўнадушным з прысутных у зале выступленне ўдзельнікаў народнага аматарскага аб’яднання “Закрытыя твары” Ярэміцкага ЦСДК (кіраўнік Марыя Пятроўна Крэнь). Ну сапраўднае прадстаўленне!  Якіх толькі звяроў тут не давялося ўбачыць — амаль як сапраўдныя! Як ні кажыце, багатая карэліцкая зямля на таленты і на залатыя рукі!

І ў рэшце рэшт, хочацца адзначыць і яшчэ аднаго ўдзельніка канцэртнай праграмы — Несцерку. Яго выхаду на сцэну былі рады прысутныя ў зале, бо Васілія Уладзіміравіча Чартко з г. п. Карэлічы добра ведаюць у раёне, і сцэну ён заўжды пакідае пад гучныя апладысменты.

— Пакуль будуць жыць сапраўдныя аматары народнага мастацтва, будуць жыць і народныя песні, танец, якія суправаджалі чалавека на працягу ўсяго жыцця, — зазначыла дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Мікалаеўна Гароднік.

Адным словам, вясёлкавы карагод атрымаўся сапраўдным: у ім злілося сузор’е  талентаў. Песні і танцы прыйшліся да спадобы карэліччанам, а выканаўцы ў чарговы раз змаглі прадэманстраваць сваё майстэрства і падарыць добры настрой і радасць людзям. А гэта цудоўна!

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Людмілы НІКАЛАЙЧУК.

народные колективы 032

народные колективы 071

народные колективы 201

народные колективы 212

народные колективы 251

народные колективы 407

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.