І.І. Вярбіцкі прэзентаваў сваю новую кнігу

вербицкий презентация книги 251

У чытальнай зале Карэліцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі адбылася прэзентацыя новай кнігі Івана Іванавіча Вярбіцкага “Ад мінуўшчыны — дарогай…”, якая выйшла ў свет у 2013 годзе. Была арганізавана выстава кніг “Быць зямлі сваёй сынам”.

Вядучая мерапрыемства — бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі В. І. Кошур.

Прабач, мой сябра дарагі,

Што я пішу не модным стылем,

Не крочу на прастор другі,

А толькі родны край мне мілы.

Не выбіраю іншы шлях,

Не вабяць дальнія краіны…

Пакуль я на сваіх нагах,

Радзімы мілай не пакіну.

І. І. ВЯРБІЦКІ.

 

Нарадзіўся Іван Іванавіч Вярбіцкі 8 студзеня 1931 года ў вёсцы Куравічы Навагрудскага раёна. У 1939 годзе скончыў першы клас польскай паўшэхнай школы, у 1948 — сем класаў Мольніцкай НСШ.

У час службы ў арміі скончыў дзесяць класаў вячэрняй афіцэрскай школы, а ў 1955 годзе — Навагрудскае педвучылішча і ў 1962 — гістарычнае аддзяленне БДУ імя У. І. Леніна.

Працаваў на розных пасадах: настаўнікам пачатковых класаў, завучам і дырэктарам школы, настаўнікам гісторыі, старшынёй райкама прафсаюза работнікаў асветы Карэліцкага раёна і метадыстам.

Вершы пачаў пісаць у 1946 годзе, калі вучыўся ў пятым класе. Яны былі аб тым, што акружала: пра сонца і дождж, поле і лес, вясну і зіму.

Першы верш быў надрукаваны ў Навагрудскай газеце “Новае жыццё”                  5 снежня 1948 года. Пазней яны сталі друкавацца ў рэспубліканскіх выданнях. Ёсць вершы ў кнігах “Край мой — Нёман”, “Цвіце верас”, штогодніках “Галасы”, якія друкаваліся па ініцыятыве газеты “Гродзенская праўда”. Часта ягоныя творы друкаваліся ў “Гродзенскай праўдзе”, раённай газеце  “Полымя” і ў рэспубліканскім друку.

Убачылі свет і зборнікі Івана Іванавіча “Водар чаромхі” (1998) і “Ступені жыцця” (2001). Піша і выдае асобныя выданні пра гаспадаркі, прадпрыемствы і арганізацыі раёна. У 2003 годзе выйшла кніга “Луцкі мерыдыян” (СВК “Лукі-Агра”), у 2004 — дзве кнігі: “Ручнічком дарожка” (ААТ “Карэлічы-Лён”) і “Гарызонты “Маяк-Заполля” (СВК “Маяк-Заполле”), у 2005  — “Шырокае поле здзяйснення” (племзавод “Карэлічы”), у 2006 — “У сэрцы з клятвай Гіпакрата” (Карэліцкая раённая бальніца), а ў 2009 годзе — кніга “Край Карэліцкі мой”.

Тэматыка і жанры розныя. Піша вершы для дарослых і дзяцей. Апавядае пра гісторыю роднага краю, прыроду, а таксама яго пяру належаць гумарэскі і байкі. Ёсць вершы на ваенную тэматыку і прысвечаныя каханню —  адным словам, пра ўсё, што кранае сэрца аўтара. Некаторыя вершы пакладзены на музыку В. В. Навумовіча з Цырына. Удзельнічаў у конкурсах па напісанні гімнаў для Карэліч і Цырына, і ў абодвух яго вершы перамаглі. Шмат піша і  пра наш раённы цэнтр Карэлічы.

Сваю новую кнігу “Ад мінуўшчыны  — дарогай…” Іван Іванавіч прысвяціў Карэлічам і яе жыхарам. Ужо з першых старонак, у першым вершы “Вялікі мой і доблесны народ” аўтар выказвае надзею:

Будуемся, умеем багацець,

Не будзе ў нас бяздомнікаў, сірот,

І вольнасці, і шчасце будзем мець,

Бо мы вялікі, доблесны народ.

А ў вершы “Размова з Айчынай” паэт прызнаецца і раіць:

І я з табою заўсёды буду

У ліхалецці і ў дабры.

Не збочвай толькі ты нікуды,

З сабою праведных бяры.

Значнае месца ў першай частцы кнігі займае паэма “Крывёю здабытая слава”, якая прысвечана гістарычнай мінуўшчыне нашага народа і князю Міндоўгу. А ў другой частцы кнігі аўтар расказвае пра сённяшні дзень Карэліч, прадпрыемствы і арганізацыі, яго працаўнікоў, а таксама — пра знакамітых людзей. У выданні змешчана шмат фотаздымкаў.

У чытальнай зале сабраліся тыя, хто прыйшоў раздзяліць з Іванам Іванавічам ягоную радасць у сувязі з выхадам у свет чарговай кнігі, і кожны імкнуўся выказаць з гэтай нагоды свае пажаданні.

У сваёй прамове начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. А. Маісеенка, адрасаваўшы шчырыя словы аўтару, выказала спадзяванне, што гэта яго кніга не апошняя, а дадзенае выданне будзе служыць многім пакаленням і праз шмат гадоў. Нэлі Аляксандраўна ў якасці падарунка ўручыла Івану Іванавічу карціну.

Дырэктар Карэліцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Л. К. Арцюх паведала пра новае выданне аўтара, пажадала яму творчых поспехаў і адзначыла, што заўсёды рады  будуць бачыць яго ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.

А вось  П. Л. Коршун з райцэнтра — добры сябар аўтара кнігі. А яшчэ ён — майстар на ўсе рукі (яго карціны і работы выстаўляліся ў бібліятэцы). Пётр Лаўрэцьевіч прызнаўся, што ў іх з Іванам Іванавічам ні разу не было канфліктаў. Лічыць яго блізкім суседам.

“На такім мерапрыемстве ўпершыню, але прачытаў шмат”,  — адзначыў начальнік раёна электрычных сетак             М. А. Пыцель. Мікалай Антонавіч паведаў, што з аўтарам раней абмяркоўвалі некаторыя пытанні з дадзенага выдання. Падзякаваў яму за напісаныя і выдадзеныя кнігі.

І, вядома, не абышлося на прэзентацыі і без чытання саміх твораў І. І. Вярбіцкага. Верш “Мой гарадок вечарам” з новай кнігі прачытала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі І. М. Скуратовіч і В. У. Чартко з райцэнтра — “У калядны вечарок” з кнігі “Ступені жыцця”.

Cлова ўзяў і сам аўтар. Іван Іва-навіч адзначыў, што над кнігай давялося шмат працаваць, а якой яна атрымалася — меркаваць чытачам. А яшчэ прызнаўся, што марыць напісаць яшчэ адну кнігу, у якой будуць творы пра дзяцінства і родныя мясціны, мяркуе змясціць дзіцячыя вершы.

І. І. Вярбіцкі выказаў словы падзякі работнікам бібліятэкі, старшыні раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбаку, яго намесніку Р. Ю. Абрамчыку, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. А. Маісеенка, якія аказвалі дапамогу пры напісанні і выданні кнігі.

Іван Іванавіч прачытаў свой новы верш “Пра сябе”.

Быў і я калісьці ўнукам,

Бесклапотным хлапчуком,

Пазнаваў з маленства муку,

З сямі год стаў пастушком.

Веды я збіраў зімою

Летам часу не было,

Бацька мовіў: нам з табою

Наша роднае сяло.

Толькі лёс дарогай іншай

Вёў мяне да сціплых мэт.

Без задатку і барышу

Адкрываў шырокі свет.

Месца я шукаў няўмольна,

Абжывацца мог з нуля,

Тут усім жывецца вольна,

Тут зажыў лягчэй і я.

Называюць дома: прадзед

Тут паміж усіх людзей

Сябра, ў ясным даляглядзе

Не бываю без людзей.

Краю роднаму спрыяю,

Бо ламаць не ўмею дроў,

Тут нямала планаў маю,

Іх здзяйсняць яшчэ гатоў.

*     *     *

Калектыў установы “Рэдакцыя газеты “Полымя” далучаецца да шматлікіх віншаванняў нашага даўняга і надзейнага сябра Івана Іванавіча Вярбіцкага з нагоды выдання яго новай кнігі “Ад мінуўшчыны — дарогай…” і зычыць яму доўгага веку, творчых знаходак  і далейшага супрацоўніцтва.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Людмілы НІКАЛАЙЧУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.