Ужо 70 гадоў «Полымя» чытаюць розныя пакаленні

полымя70 011

Нашай раённай газеце “Полымя” — 70 гадоў. Гэта сталы ўзрост. Не адно пакаленне вырасла на яе матэрыялах, якія заўсёды прыцягвалі і прыцягваюць увагу вялікай аўдыторыі чытачоў змястоўнасцю, актуальнасцю, дакладнасцю, застаючыся для іх цікавым субяседнікам, дарадцам і верным сябрам, захоўваючы свой, індывідуальны стыль.

З гадамі газета не растраціла сваю багатую гісторыю і слаўныя прафесіянальныя традыцыі, наадварот, набыла мудрасць у іх захаванні і набыцці новых; засталася няўрымслівай у імкненні і ўнутрана, і знешне адпавядаць сучаснасці. Мы ўдзячны роднаму “Полымю” за тое, што яно вучыць нас любіць сваю маленькую радзіму, сваю Беларусь; дапамагае памятаць подзвіг, здзейснены нашымі землякамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ганарыцца дасягненнямі працаўнікоў нашага раёна і рэкордамі нашых спартсменаў. Вучыць таксама нас прававой грамаце, эканоміцы, прывівае любоў да чытання, агітуе весці здаровы лад жыцця; праводзіць разам з супрацоўнікамі РАУС прафілактыку правапарушэнняў, а з работнікамі службы па надзвычайных сітуацыях — папярэдзіць бяду; адкрывае сярод сваіх чытачоў новыя таленты; прапагандуе культурнае жыццё Карэліччыны; дапамагае дакрануцца сэрцам да невядомых старонак яе гісторыі; спецыяльнымі выпускамі “Аднавяскоўцы”, “Сядзіба”, “Сучаснік”, “Праваслаўе”, “Рэчанька” і расказамі аб лёсах людзей, духоўна ўзбагачае нас. Рэкламай на сваіх старонках прапануе чытачам варыянты выбару ў вырашэнні бытавых праблем; шчырымі віншаваннямі з рознымі ўрачыстымі датамі, удзячнасцямі — нясе радасць людзям, разам з імі спачувае ў хвіліны бяды. Гэта газета аб жыцці раёна, яго гісторыі, перспектывах. А шматграннай і цікавай яна з’яўляецца дзякуючы карпатлівай, складанейшай працы рэдакцыйнага калектыву, дружнай сям’і аднадумцаў, якая налічвае 12 чалавек. Яны ствараюць  нашу газету, можна сказаць, пішуць гісторыю для сённяшняга і будучага пакаленняў.

З нагоды юбілею бяру на сябе адказнасць і смеласць па-свойму расказаць пра кожнага з іх, адмовіўшыся ад афіцыйнага стандарту, бо яны заслугоўваюць не толькі высокай ацэнкі прафесійнага майстэрства, але і звычайнага цёплага слова ў знак удзячнасці за тыя індывідуальныя чалавечыя якасці, на якіх і будуецца адданасць любімай справе і адказнасць перад ёю.

У асобе галоўнага рэдактара любога выдання сродкаў масавай інфармацыі бачыла і бачу носьбіта энцыклапедычных ведаў і ўменняў, уладальніка такіх, на мой погляд, абавязковых рысаў характару, як адданасць сваёй справе, пачуццё глыбокай адказнасці перад людзьмі і самім сабою, інтэлігентнасць, удумлівасць, цярплівасць, тактоўнасць, добразычлівасць, уменне весці справядлівы дыялог з аўтарамі прапаноўваемых матэрыялаў, а таксама вынаходзіць  у паўсядзённым імклівым рытме жыцця тыя, адзіныя, моманты, якія выклічуць інтарэс у чытачоў. Іван Аляксандравіч Шлык — шчаслівы ўладальнік названых вышэй, неабходных для журналіста-кіраўніка, якасцей.

Ад яго асабістай адказнасці залежыць змест газеты, каштоўнасць падрыхтаваных да друку матэрыялаў, бо менавіта галоўны рэдактар першым вычытвае іх і робіць гэта паўторна перад адпраўкай у друкарню. Да сваіх асабістых публікацый (яны падпісаны псеўданімам Іван Верасок), напісаных паводле значных грамадска-палітычных падзей у раёне ставіцца з найвялікшай адказнасцю і патрабавальнасцю. Звычайна яны носяць аналітычны характар, вызначаюцца лаканізмам, грунтоўнасцю, прадуманасцю, вось таму і выклікаюць у людзей глыбокі інтарэс. Акрамя гэтага, галоўнаму рэдактару штодзённа прыходзіцца вырашаць мноства шматлікіх арганізацыйных пытанняў: дэталёва прадумваць, перш чым вынесці на абмеркаванне з членамі калектыву, бягучыя і перспектыўныя планы работы рэдакцыі; праводзіць планёркі, на якіх да дробязей аналізуецца выйшаўшы нумар газеты, што дазваляе выяўляць  недахопы, намячаць шляхі ўдасканалення дзейнасці рэдакцыйнага калектыву; правільна арыентаваць супрацоўнікаў на збор новай інфармацыі, матэрыялаў па праблемах сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця раёна. Часта тэмы падказваюць пісьмы, звароты ў рэдакцыю чытачоў, а да іх у Івана Аляксандравіча — асаблівая ўвага. Многа ўвагі надае ён рабоце з пачынаючымі аўтарамі, тымі, хто марыць аб прафесіі журналіста, для іх першай спробы пяра на старонках “Полымя” — заўсёды “зялёнае святло”. Ён умее парадай, падтрымкай надзяліць маладых аўтараў надзеяй, верай у свае сілы. Прыемна зазначыць што, дзякуючы такой палітыцы галоўнага рэдактара, колькасць паступаючых на журфак ад нашага раёна штогод расце.

Член саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь, І. А. Шлык мае багацейшы вопыт работы ў газеце (прайшоў усе ступені журналісцкага майстэрства: ад карэктара да галоўнага рэдактара), член раённага выканаўчага камітэта, добра дасведчаны аб планах, задачах, мерапрыемствах, над выкананнем якіх працуе райвыканкам і яго службы, ён падрабязна інфармуе аб гэтым супрацоўнікаў рэдакцыі і вызначае правільны накірунак іх працы.

За строгімі ж рамкамі пасады крыецца душа адукаванага і дабрэйшага чалавека. Ён — цікавы субяседнік, які ўмее слухаць. Калегі цэняць яго чалавечнасць ва ўзаемаадносінах, пастаянную, шчырую заклапочанасць аб здароўі кожнага з іх. Патрабавальнасць у яго характары спалучаецца з дабрынёй і жаданнем падтрымаць, дапамагчы кожнаму супрацоўніку газеты ў нейкія складаныя для яго моманты. А гэта ў сваю чаргу накладвае свой станоўчы адбітак на спрыяльную творчую атмасферу рэдакцыйнага калектыву, які сапраўды з’яўляецца дружнай   сям’ёй аднадумцаў.

Іна Іосіфаўна Лейка працуе ў рэдакцыі з 2005 года, два апошнія гады — на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара. Можна сказаць, у галіне журналістыкі — малады спецыяліст. Але гэта не перашкаджае ёй цудоўна спраўляцца са сваімі абавязкамі (апроч гэтага вядзе яшчэ работу з кадрамі, з’яўляецца намеснікам старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”), даказаць, што яна — не выпадковы чалавек у складзе рэдакцыйнай сям’і. Знешняя жаночая абаяльнасць надзіва адпавядае яе ўнутранай крыштальнай чысціні, сардэчнасці, зайздроснай зацікаўленасці да ўсяго, што адбываецца ў жыцці роднага краю. Любімы жанр Іны Іосіфаўны, па яе прызнанні, — фотарэпартаж. Сціпласць і ў той жа час паўната раскрыцця тэмы — адметны почырк яе матэрыялаў; у іх удаецца аўтару знайсці такія штрыхі, якія дазваляюць засяродзіць увагу і цікавасць чытачоў. За кожным жа фотаздымкам адчуваецца творчая, неардынарная, у нечым рамантычная душа, якая дапамагае раскрыць унутраны свет герояў артыкулаў. Нечаканы ракурс фотасюжэта, удала падабраны фон, адмовы ад звыклых партрэтных стандартаў нібы прыбліжаюць нас да ўнутранага свету тых, аб кім расказвае журналіст, дорыць своеасаблівы пазітыўны настрой.

Спалучэнне вопыту, мудрасці, аўтарытэту галоўнага рэдактара і маладой няўрымслівасці яго намесніка спрыяюць працавітасці і натхненню творчага тандэму, члены якога аднолькава разумеюць: іх праца — гэта сур’ёзны экзамен перад людзьмі, ён будзе працягвацца ўсё журналісцкае жыццё, таму што штотыднёвыя выпускі газеты, перш-наперш, — людская ацэнка надрукаванага.

І дзякуй Богу, што лёс прывёў аднойчы былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры ў журналістыку. Падтрымка калегаў, асабістая настойлівасць, імкненне спасцігнуць азы нялёгкай прафесіі дапамаглі пераадолець страх і няўпэўненасць, знайсці сябе. Застаецца пажадаць Іне Іосіфаўне і надалей шчаслівых журналісцкіх будняў.

Член саюза журналістаў СССР (зараз член саюза журналістаў Рэспублікі Беларусьт) прыйшоў у журналістыку 45 гадоў назад фотакарэспандэнтам Мастоўскай раённай газеты “Зара над Нёманам”. У 1981 годзе пасля заканчэння газетнага факультэта Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПБ быў накіраваны ў Карэліцкую раённую газету “Полымя” і прызначаны намеснікам галоўнага рэдактара. І хаця ўжо на пенсіі, але прадаўжае плённа працаваць, узначальваючы адзін з самых важных аддзелаў — загадчык аддзела навін, эканомікі і культуры. Апантаная любоў да сваёй прафесіі дазваляе захоўваць яму творчы патэнцыял, спраўляцца з нялёгкай функцыяй быць журналістам-універсалам “на выдатна”. Працаваць у раённай газеце няпроста: патрэбна аднолькава валодаць усімі жанрамі журналістыкі. А для гэтага, акрамя таленту, неабходна з’яўляцца глыбока дасведчаным чалавекам, разбірацца ў розных галінах народнай гаспадаркі, валодаць і тонкасцямі публіцыста і інфарматара, быць майстрам аглядальніка, нарыса, інтэрв’ю; калі патрэбна выступіць у ролі фотакарэспандэнта. Станіслаў Антонавіч Лука — сапраўдны аматар любімай справы. Яго прозвішча на старонках газеты — свайго роду брэнд яе якасці і змястоўнасці. Раёнку не ўяўляеш сабе без публікацый гэтага таленавітага аўтара. Дзякуючы яму, мы ведаем, якімі дасягненнямі жывуць сельская гаспадарка і прамысловасць раёна; яго нарысы аб людзях працы, аповеды аб гераічным мінулым роднага краю напоўнены глыбокай пранікнёнасцю ў лёсы людскія, вялікай павагай да чалавека. За кожным радком адчуваецца неабыякавае сэрца журналіста, для якога няма лёгкіх тэмаў, у кожную з іх ён укладвае часцінку свайго здароўя і жыцця. Яго газетны радок, ёмкі і даступны чытачу, з гадамі не губляе сваёй свежасці і вастрыні. Знешне стрыманы, немнагаслоўны, а на самой справе — незвычайна чулы, таварысцкі, надзейны чалавек, які ўмее зразумець, падтрымаць, дапамагчы зразумець і вырашыць правільна самую складаную жыццёвую сітуацыю.

Калі заходжу ў рэдакцыю, заўсёды саграваю душу святлом сардэчнасці і цеплыні, якія выпраменьваюць вочы Галіны Мікалаеўны Смалянка, і з нецярпеннем чакаю яе новых публікацый аб людзях вёскі творчага праекта “Аднавяскоўцы”, аб шчаслівых сем’ях, аб лёсах людзей Карэліччыны, разважанняў аб духоўных каштоўнасцях, бо яны кранаюць, западаюць у сэрца. За кожным з іх адчуваецца шчымліва-пяшчотная любоў да роднай зямлі, да чалавека працы, якія, дзякуючы дасканаласці пяра журналісткі, струменяць крынічкай невычэрпнай дабрыні, прымушаюць задумацца над адвечнымі пытаннямі “Як мы жывём? Што нясём у якасці скарбу сваім нашчадкам?” — і выклікаюць жаданне стаць лепшымі, у нечым змяніць свае адносіны да акружаючага асяроддзя. Кожная публікацыя — своеасаблівы жыццёвы ўзор яе істоты — трапяткой, ранімай, неабыякавай, спачувальнай. Нездарма ж, адпрацаваўшы ў журналістыцы чвэрць веку, яна не змяняе свайму перакананню, што праца журналіста — гэта стан душы. Марыць, каб кагорту тых, хто выбірае прафесію журналіста, папоўнілі юнакі раёна.

Як загадчыца аддзела пісем не пакідае без увагі ніводнага допісу (а гэта прыкладна каля 800 пісьмаў, каля сотні — афіцыйнага накірунку), стараецца апублікаваць іх у друку, дае грунтоўныя аналізы паступаючай карэспандэнцыі на старонках газеты.

Кожнае слова яе публікацый пранікнута такой цеплынёй, такой шчырай любоўю да людзей, ад якіх святлее на душы, нараджаецца вера, што ўсё ж такі свет выратуе дабрыня.

У жніўні мінулага года пасля заканчэння факультэта журналістыкі Гродзенскага ўніверсітэта ў рэдакцыйную сям’ю ўлілася малады, падаючы надзею спецыяліст, Людміла Валер’еўна Нікалайчук. Няпроста было ёй, учарашняй студэнтцы, прызвычаіцца да нялёгкіх абавязкаў адказнага сакратара і фотакарэспандэнта па сумяшчальніцтву. Але, дзякуючы разуменню і дапамозе кіраўніка, намесніка рэдактара, калегаў па працы яна з поспехам авалодвае сакрэтамі прафесіі. Стыль яе публікацый пазнавальны, з кожным новым матэрыялам шліфуецца журналісцкі почырк і якасць фотаздымкаў, у якія яна ўкладвае сваю няўрымслівую душу. Ведаю: усе самыя лепшыя журналісцкія знаходкі Людмілы Валер’еўны наперадзе, і яе імя зойме адпаведнае месца ў прафесійным самавызначэнні, а наша газета стане спрыяльнай стартавай крынічкай натхнення і ўзлёту.

Іна Міхайлаўна Санчук, рэдактар раённага радыё, сёння ўжо смела можна сказаць, што змену працоўнай дзейнасці (працавала дагэтуль у дзіцячым садку) не лічыць жыццёвай памылкай. Менавіта ў ролі карэспандэнта яна змагла раскрыць свой літаратурны патэнцыял, што называецца, знайшла сябе. Сонечнасць асабістага светаўсведамлення прыносіць Іна Міхайлаўна ў рыхтуемыя радыёперадачы, да выпуску якіх ставіцца з максімальнай доляй адказнасці, з прыроджанай жаночай дасціпнасцю. Кожны раз, выходзячы ў эфір, хвалюецца, нібы робіць гэта ўпершыню. Хвалюемся, радуемся, перажываем разам з героямі яе перадач і мы, удзячныя слухачы, а таксама з задавальненнем чытаем артыкулы, карэспандэнцыі і інфармацыі, якія паспявае пісаць І. М. Санчук для любімай раёнкі. Акрамя таго, гэтая прывабная жанчына радуе жыхароў Карэліччыны талентам спявачкі. Песня радніць яе з людзьмі, дапамагае ў працы, узбагачае неабходным для журналіста духоўным багаццем.

Ад тэхнічных рэдактараў газеты залежыць многае: і знешне яе выгляд, і літаратурная граматнасць, і ўдалае разуменне (у адпаведнасці з актуальнасцю) матэрыялаў, адным словам, тэкставая прывабнасць і эстэтычная прыгажосць. І, трэба сказаць, што ў гэтым плане газета знаходзіцца ў надзейных руках чатырох прыгожых жанчын. У кожнай з іх свае прафесійныя абавязкі, але ўсіх аб’ядноўвае адно: неацэннае жаданне, імкненне, уменне выконваць даручаную справу з найвышэйшай адказнасцю. І для Лідзіі Мікалаеўны Лука, і для Марыны Леанідаўны Лашч, і для Аксаны Анатольеўны Чачотка, і для Ларысы Уладзіміраўны Дзянькевіч кожны выпуск раёнкі — як роднае дзіцятка, выпеставанае іх уважлівасцю, уседлівасцю, скурпулёзнасцю, аздобленых высокім прафесіяналізмам.

Лідзія Мікалаеўна Лука ў друкарскай справе даўно. Пасля сямі гадоў працы ў Дзятлаўскай друкарні, пераехала ў Карэлічы, дзе ў мясцовай друкарні значылася лепшым наборшчыкам машыннага набору на лінатыпе. З 1989 года і па сённяшні час — тэхнічны рэдактар газеты “Полымя”. Яе клопат — вёрстка газеты, а гэта значыць, кожнай публікацыі ў залежнасці ад яе актуальнасці, важнасці і аператыўнасці патрэбна вызначыць адпаведнае месца пад кіраўніцтвам адказнага сакратара на старонках газеты. Загалоўкі, ілюстратыўны матэрыял — усё пад увагай Лідзіі Мікалаеўны. Дасканалае валоданне камп’ютарнай вёрсткай і наборам дапамагаюць таму, каб газета заўсёды адпавядала неабходным патрабаванням, густу чытачоў.

У душы спадзяецца Л. М. Лука, што з гадамі вырасце цікавасць да яе прафесіі з боку моладзі, і маладыя кадры папоўняць рады тэхнічных рэдактараў.

Тэхнічны рэдактар Аксана Анатольеўна Чачотка першай знаёміцца з аўтарскімі матэрыяламі, якія паступаюць у набор. Яна не толькі набірае матэрыялы, але і вярстае тэлебачанне, рэкламныя і іншыя старонкі, уважліва сочыць, каб матэрыялы  цалкам адпавядалі арыгіналу. Гэтая справа патрабуе максімальнай уважлівасці і ўседлівасці, як і літаратурна-стылістычнаму рэдактару Марыне Леанідаўне Лашч. Пасля вёрсткі свежыя адбіткі паласы трапляюць да яе на стол, і яе задача заключаецца ў тым, каб не засталося без увагі ніводнай недарэчнасці і памылак. Вызначальная асаблівасць працы Марыны Леанідаўны — максімальная ўважлівасць, літаратурная граматнасць.

Не менш складаная работа і ў тэхнічнага рэдактара Ларысы Уладзіміраўны Дзянькевіч. Ва ўмовах рыначных адносін перад рэдакцыяй паўстае праблема самаакупнасці, павышэння даходаў. Адным са шляхоў дасягнення гэтага — аказанне насельніцтву платных паслуг. Поле дзейнасці Ларысы Уладзіміраўны — рэклама, падзякі, віншаванні, спачуванні. Тут галоўнае — уменне працаваць з людзьмі, бо прыходзяць яны да яе з розным настроем — і з радасцю, і са смуткам. Кагосьці трэба супакоіць, падтрымаць словам, камусьці даць параду, дапамагчы ў выбары тэкста віншавання ці падзякі, яе афармлення. Затым пачынаецца тэхнічны працэс: набор, падрыхтоўка матэрыялаў да друку. І спраўляецца Л. У. Дзянькевіч са сваімі абавязкамі цудоўна!

Усе гэтыя мілыя жанчыны не ўяўляюць свайго жыцця без газеты, перажываюць, калі ёсць нейкія хібы ў надрукаваных нумарах выдання. За рабочым сталом заўсёды засяроджаныя: кожнага, хто заходзіць да іх у кабінет, сустракаюць абаяльнай усмешкай, дораць сардэчную добразычлівасць.

Сваімі поспехамі і дасягненнямі рэдакцыйны калектыў абавязаны яшчэ двум яго членам: галоўнаму бухгалтару Алене Уладзіміраўне Адзярэйка і вадзіцелю Вячаславу Эдуардавічу Сцяпко. Менш года працуюць яны ў “Полымя”, але адразу ж сталі ў рэдакцыйнай сям’і сваімі, роднымі людзьмі, а ў творчым калектыве — інакш нельга. Тут высока цэніцца замяшчальнасць адзін аднаго, адказнасць і выручка ў любой сітуацыі. Алена Уладзіміраўна не адразу дала згоду на прапанову заняць месца галоўнага бухгалтара рэдакцыі. Разумела, што адказнасць вялікая.

Ад галоўнага бухгалтара залежыць многае: своечасовая выплата зарплаты супрацоўнікам, забеспячэнне іх аргтэхнікай, паперай, пісьмовымі прыладамі, улік фінансаў, здача шматлікіх справаздач у адведзеныя тэрміны. Карпатлівая работа патрабуе не толькі ўседлівасці, але і дакладнасці, пунктуальнасці, эканамічнай граматнасці, добрасумленнага выканання сваіх службовых абавязкаў. Гэтымі якасцямі, у дадатак і цудоўным характарам, Бог надзяліў Алену Уладзіміраўну спаўна, што дапамагае ёй ладзіць камфортныя ўзаемаадносіны ў калектыве.

Тое ж можна сказаць і аб Вячаславу Эдуардавічу Сцяпко. У любое надвор’е па першым патрабаванні яго “жыгулёнак” гатоў да выезду , каб даставіць журналістаў у патрэбны населены пункт раёна альбо ў камандзіроўку у абласны горад. Бездакорны, дысцыплінаваны, ураўнаважаны, умее чакаць, ведае машыну, як свае пяць пальцаў. Ён — надзейны тыл рэдакцыі, таму што ніколі ні ў чым не падвядзе.

Вось такая яна, сям’я аднадумцаў рэдакцыі газеты “Полымя”, руплівая, дружная, працавітая, у якую яшчэ ўваходзіць вялікая колькасць пазаштатных карэспандэнтаў. Застаецца выказаць шчырую ўдзячнасць ад нас, чытачоў, усім яе членам за гэта і за тое, што з’яўляючыся своеасаблівым летапісцам развіцця і дасягненняў народнай гаспадаркі Карэліцкага раёна, яго гісторыі, яны заўсёды адстойваюць прынцыпы дзяржаўнасці, духоўнай праўдзівасці і патрыятызму. З юбілеем вас, родныя! Новых творчых поспехаў, натхнення, рэалізацыі творчых задумак, здароўя, шчасця, невычэрпнага энтузіязму, вялікага тыражу і прызнання чытачоў!

Удзячнасць вы, паверце,

                             заслужылі

За працавітасць, сэрцаў

                               Дабрыню,

За тое, што вы людзям

                                 падарылі

Сваю Адданасць і Любоў сваю!

Галіна КАЛТУНОВА.

Фота Людмілы НІКАЛАЙЧУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.