У.П. Кушаль не старэе душой

ветеран крынки 018

Свой баявы шлях ён пачаў маладым юнаком. Тады, у далёкім 1944 годзе, Уладзіміру Кушалю споўніўся 21 год.

На пытанне: “Ці страшна было маладому хлопцу на вайне?” адказвае: “Асабіста для мяне было страшна, калі ішоў першы бой. Я быў малады, нявопытны. За плячыма толькі школа маладых камандзіраў”.

Служыў Уладзімір Пятровіч на 2-ім Украінскім фронце ў 6-й кавалерыйскай брыгадзе 8-й гвардзейскай дывізіі. Ваенныя спецыяльнасці: стралок і сабельнік. Ваяваў на тэрыторыі Аўстрыі, Венгрыі, Чэхаславакіі.

 Успамінаць падзеі тых жудасных ваенных гадоў Уладзіміру Пятровічу цяжка нават цяпер. На вачах выступаюць слёзы, а голас пачынае выдаваць ноткі хвалявання і болю.

— Недалёка ад г. Вены я быў паранены, — прадаўжае размову Уладзімір Пятровіч, — таму Перамогу давялося сустракаць у шпіталі. А пасля лячэння ў верасні 1945 г. быў накіраваны на далейшую службу ў рады ўнутраных войск 53-га палка. Затым быў стралком 3-га авіяпалка. У арміі давялося служыць з 26 ліпеня 1944 г. па 15 ліпеня 1949 г. Дэмабілізаваны быў з горада Котбуса ў Германіі.

Уладзімір Пятровіч — чалавек вельмі сціплы. І пра свае подзвігі, а тым больш пра ўзнагароды гаварыць не любіць. Ён мае ордэн Вялікай Айчыннай вайны II-ой ступені.

За актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення быў узнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта. А гэтымі майскімі днямі запрошаны на ўрачысты прыём ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

 Зараз Уладзіміру Пятровічу 91 год. Але, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ён яшчэ ездзіць на веласіпедзе і кожную нядзелю на маршрутным аўтобусе прыязджае ў лазню райцэнтра. Любіць пагасціць у сваіх дзяцей у горадзе Баранавічы. Мае шасцёра ўнукаў і чатыры праўнукі. Ветэран адзначыў, што пакуль будзе мець магчымасць рухацца, то са сваёй хаты нікуды не паедзе.

Іна САНЧУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.