Адбыўся раённы злёт выпускнікоў

выпускной бал 722

На плошчы 17 Верасня ў райцэнтры адбыўся раённы злёт выпускнікоў  

Быць

карыснымі Радзіме

У сваім прывітальным слове старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак зазначыў, што сёлета 120 выпускнікоў школ раёна паспяхова здалі экзамены, і гэты выпуск азнаменаваны важнай падзеяй — 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прагучала пажаданне: каб з імі назаўсёды засталося пачуццё патрыятызму, і яны не забывалі школу і настаўнікаў.

Першы невялікі адрэзак жыццёвага шляху, а гэта дзяцінства і школьныя гады, застаўся ў мінулым. Наперадзе — выбар прафесіі. Прамоўца выказаў спадзяванне, што ўвесь назапашаны патэнцыял выпускнікі павінны рэалізаваць, кожны выбера сваю дарогу і будзе карысным Радзіме. Пажадаў удачы, стабільнасці, упэўненасці на экзаменах.

Віктар Леанідавіч выказаў словы падзякі настаўнікам, якія дапамагалі юнакам і дзяўчатам засвоіць азы навукі, і ўсім, хто падтрымліваў іх на гэтым шляху. Асаблівыя словы ўдзячнасці — ветэранам вайны, якія заваявалі мір на зямлі.

“У добры шлях, выпускнікі!”— сказаў напрыканцы прамовы кіраўнік раённай “вертыкалі”.

Юнацтва — стан душы

Звяртаючыся да выпускнікоў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І. В. Асташэвіч, зазначыла:

— Хутка вы будзеце далёка ад роднага дома. І ўсё ж такі школа застанецца ў вашай памяці надоўга. Застануцца ўрокі, святы, Дні самакіравання, КВЗы, конкурсы, канферэнцыі, спартыўныя і інтэлектуальныя перамогі, сяброўства, разуменне і першае каханне. Хтосьці другі будзе сядзець за вашай партай, перажываць найперш, чым выйсці на сцэну, спяваць вашы любімыя песні… Але ваш другі бацькоўскі дом заўсёды будзе рады сустрэчы з вамі, па-ранейшаму будзе радавацца вашым поспехам, засмучацца няўдачам таму, што вы — дзеці — самае дарагое і каштоўнае, што ёсць у жыцці.

Ірына Валер’еўна павіншавала бацькоў выпускнікоў і пажадала здароўя і дабрабыту, міру і душэўнага спакою, каб толькі ўдача і шчасце спадарожнічалі ім. Выказала словы падзякі настаўнікам, якія адкрывалі ідэалы дабра і святла, вучылі думаць і быць стойкімі. Яны далі адукацыю — самы каштоўны капітал, які гарантуе далейшае развіццё і поспех як выпускнікоў, так і ўсёй краіны. “Няхай у вашым педагагічным жыцці свецяць толькі агеньчыкі ўдачы, натхнення, радасці! Здароўя і асабістага шчасця, і няхай вашы вучні заўсёды памятаюць вас!” — сказала прамоўца.

І. В. Асташэвіч павіншавала выпускнікоў з вялікай падзеяй у жыцці, пажадала дабра, шчасця, удачы і папутнага ветру. Па яе меркаванні, юнацтва — лепшы час жыцця: усё наперадзе — каханне, вучоба ў ВНУ, кар’ера, поспех. Гэта вясенні час чалавека, у якім сеецца насенне на будучыя гады жыцця, самы чысты і самы цудоўны час, гэта яшчэ і стан душы, і яна пажадала захаваць яго на ўсё жыццё. А таксама паспяховага тэсціравання, здароўя, жыццялюбства і веры, каб усё добрае і цудоўнае асвятляла жыццё наперадзе.

“Залаты фонд” школ раёна

На раённым злёце выпускнікоў былі ўручаны залатыя медалі сямі выпускнікам школ раёна, коратка паведана пра кожнага з іх, ушанаваны іх бацькі. Вось ён, сапраўды “залаты фонд” школ нашага раёна:  два з ДУА “Гімназія № 1 г. п. Карэлічы”, чатыры з ДУА “Сярэдняя школа г. п. Мір” і адзін з ДУА “Лукская сярэдняя школа”.

Марына Баршчова (бацькі Таццяна Уладзіміраўна і Мікалай Уладзіміравіч) — пастаянны прызёр трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры з 2010 па 2014 гады, таленавітая і неардынарная асоба, для яе характэрны творчы падыход у любой справе, вучоба і ўдзел у мерапрыемствах як гімназічнага, так і раённага ўзроўняў, кола яе інтарэсаў шырокае і разнастайнае: музыка, літаратура, танцы, вакальнае выкананне.

Сяргей Палуян (бацькі Алена Пятроўна і Віктар Анатольевіч) — юнак фенаменальных здольнасцей, высокага інтэлекту, усебаковай эрудыцыі, які мае самы высокі ўзровень ведаў па ўсіх вучэбных прадметах. Валявы і мужны, валодаючы моцным характарам і жыццёвай мэтанакіраванасцю, сабраны, тактычны, інтэлігентны.

Алена Календа (бацькі Таццяна Георгіеўна і Віктар Міхайлавіч) — пераможца раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, прызёр раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове, удзельніца трэцяга абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, узнагароджана Ганаровай граматай, пераможца інтэрнэт-алімпіяды па гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Віялета Глазкова (мама Ганна Леанідаўна) — прызёр раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, матэматыцы, хіміі і беларускай мове, пераможца раённай алімпіяды па правілах дарожнага руху, прызёр Рэспубліканскага конкурсу творчых работ вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дыплом ІІ ступені.

Ілья Шаплыка (бацькі Таццяна Ільінічна і Міхаіл Сцяпанавіч) — прызёр раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, пераможца раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і англійскай мове, удзельнік трэцяга абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, узнагароджаны Ганаровай граматай, прызёр раённай алімпіяды па правілах дарожнага руху, рэдактар школьнага англамоўнага блога, прымаў удзел у рэспубліканскім конкурсе “Інтэрнэт             і адукацыя”. За стварэнне блога занесены ў “Залу славы” міжнароднага адукацыйнага партала еРаls.

Лізавета Атцэцкая (бацькі Наталля Леанідаўна і Сяргей Іванавіч) —прызёр раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, удзельніца навукова-практычнай канферэнцыі “Крыштальная Альфа”.

Лізавета Куцко (бацькі Марына Вячаславаўна і Юрый Георгіевіч) — прызёр і пераможца раённых алімпіяд па рускай мове і грамадазнаўству, высокі інтэлектуал, актыўны ўдзельнік і прызёр творчых, спартыўных конкурсаў і спаборніцтваў, член школьнага клуба “Віцязь”.

Узнагароды — талЕНАВІТым і старанным

Вучні школ раёна таленавітыя і старанныя — аб чым у чарговы раз было відавочна на ўрачыстасці. Ім былі ўручаны ўзнагароды. Стыпендыю імя Ігната Дамейкі атрымалі Ілья Шаплыка (ДУА “Сярэдняя школа г. п. Мір”) і Марына Баршчова (ДУА “Гімназія № 1 г. п. Карэлічы”), стыпендыю Фонду Міру — Юлія Пастухова (ДУА “Сярэдняя школа г. п. Мір”) і Лізавета Сялюта (ДУА “Гімназія № 1 г. п. Карэлічы”), стыпендыі Гродзенскага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” — Ганна Скрыган (ДУА “Аюцавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — базавая школа”) і Антон Палуян (ДУА “Гімназія № 1 г. п. Карэлічы”), прэмію Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” — Ігар Муха (ДУА “Гімназія № 1 г. п. Карэлічы”), Андрэй Каралько (ДУА “Цырынскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа”), Лізавета Куцко (ДУА “Лукская сярэдняя школа”), Вольга Кулак (ДУА “Райцаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа”).

І ў спорце першыя!

І сапраўды, высокіх дасягненняў дабіліся нашы карэліцкія школьнікі ў спорце. Узнагароджана зборная каманда Карэліцкага раёна па хакею, якая заняла першае месца на абласных спаборніцтвах на прызы клуба “Залатая шайба”. У яе саставе: Ягор Бразоўскі, Яўген Карчэўскі, Мікалай Жадзейка, Аляксандр Ляшчынскі, Мікіта Манкевіч, Аляксей Аляшкевіч, Яўген Трыбуць, Ягор Шэўка, Арцём Зарубайка, Карым Нурыллоеў, Алег Куцко, Максім Шымко, Андрэй Карзан, Аляксей Казлоўскі, Дзяніс Башко, Віктар Міхалкевіч,  Ілья Турлюк.

Таксама адзначана жаночая валейбольная каманда, якая заняла першае месца ў вобласці, і каманда ДУА “Лукская сярэдняя школа” на абласным этапе ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” — першае месца ў вобласці.

Свята

атрымалася

Нягледзячы на капрызы надвор’я, свята атрымалася. На ўрачыстасць былі запрошаны ганаровыя госці, якія ўручалі ўзнагароды лепшым вучням, а таксама выказвалі выпускнікам словы-наказ на дарогу. А гэта — старшыня раённага Савета дэпутатаў  А. В. Шкадаў, намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык, дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 411 філіяла № 413 “ААТ ААБ “Беларусбанк” у г. п. Карэлічы Н. Б. Альшэўская, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. В. Куляка, благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла, протаіерэй Мікалай Орса.

Свае віншаванні адрасавалі выпускнікам школьнікі.

Шмат было хвалюючых момантаў, якія зачароўвалі і краналі да глыбіні душы. Танцы і песні не маглі пакінуць нікога раўнадушнымі з прысутных. І, вядома, выпускнікі, такія  прыгожыя і шчаслівыя, яны былі галоўнымі героямі ўрачыстасці. Для іх усё ў гэты дзень. Галоўнае — шмат пажаданняў, якія былі сказаны. І няхай яны збудуцца! Як і іх запаветныя мары, сімвалы якіх —  рознакаляровыя шары — узняліся высока ў неба…

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Людмілы НІКАЛАЙЧУК.

выпускной бал 120

выпускной бал 295

выпускной бал 414

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.