Прайшло ХІІ свята мастацтваў “Мірскі замак — гонар Беларусі і ЮНЕСКА”

1 июня 825

“Мірскі замак — гонар Беларусі і ЮНЕСКА” — пад такім дэвізам, пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абласнога выканаўчага камітэта, Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта прайшло ХІІ свята мастацтваў заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаурэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаурэата Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга.
Ужо дванаццаты год запар ва ўнутраным дворыку Мірскага замка праходзіў пленэр духавых інструментаў, у залах яго гучала рэха беларускіх замкаў, у Мірскім гарадскім Доме культуры была прадстаўлена “Залатая рунь беларускай музыкі”, прысвечаная 85-годдзю Яўгена Глебава, а ў Мірскім Мікалаеўскім касцёле — “Беларускі духоўны нотазбор”.
Гала-канцэрт “Для вас, паважаныя сябры, — лепшае” адбыўся ў раён-ным Доме культуры ў Ка- рэлічах.
Аматары старадаўняй і сучаснай музыкі з задавальненнем слухалі творы ў выкананні ансамбля трубачоў заслужанага калектыву пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара Мікалая Волкава, кларнетыстаў — пад кіраўніцтвам Георгія Казадоя, струннага квартэта (кіраўнік Таццяна Вайлапава), струннага аркестра пад кіраўніцтвам Кацярыны Рэйхердт, вакальнага ансамбля пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Міхайлавай.
Сапраўднае свята падарылі заслужаны калектыў і салісты аркестра — лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў жыхарам райцэнтра Юрый Вашчук, Таццяна Глазунова, Галіна Грамовіч, Валерыя Грыбусава, Алеся Дзержавец, Дзмітрый Качароўскі, Руслан Мусвідас, Прыма-Вера, Аляксандр Салаўёў, Яна Старцава, Яўген Цымбаліст, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Тамэла і вакальная група ў складзе Аляксандра Дзюміна, Святланы Бударынай, Таццяны Полазавай, Андрэя Пятрова пад кіраўніцтвам дырыжора, народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.
Дапамагала разабрацца ў тонкасцях старадаўняй, сучаснай і духоўнай музыкі, музычнай спадчыны Яўгена Глебава доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава.
У Мірскім сельвыканкаме адбылася прэс-канферэнцыя Міхаіла Фінберга з удзелам мясцовых СМІ і кіраўніцтва раёна.
У час яе маэстра Фінберг гаварыў: “Мы вельмі рады, што ў чарговы раз прыехалі ў ваш цудоўны горад. Мы адчуваем перамены, якія адбываюцца ў ім, мы адчуваем наколькі ўзрастае цікавасць да праводзімых тут мерапрыемстваў. А я хацеў бы зазначыць, што ўсе разам мы павінны сёння выказаць словы ўдзячнасці нашай дзяржаве, нашаму кіраўніцтву за тое, што мы маем магчымасць ладзіць такія фестывалі. Асобна я хацеў бы падзякаваць кіраўніцтву Гродзенскай вобласці, якое сур’ёзна падыходзіць да правядзення такіх мерапрыемстваў і робіць усё магчымае, а часам і немагчымае, каб гэтыя мерапрыемствы, гэтыя фестывалі ў нас усё-такі праводзіліся.
Сёння адбудуцца чатыры канцэрты. Адзін з іх, невялікі, толькі што адбыўся ў Мірскім замку. Мы не маем магчымасці перагружаць у ім праграму, бо сюды прыязджае шмат турыстаў і ходзіць многа людзей. Таму быў дадзены міні-канцэрт, але з улікам прафесійных каментарыяў нашай вядучай Вольгі Дадзіёмавай, высокаадукаванага чалавека, я лічу, што гэты канцэрт заслугоўвае ўвагі.
Прыкладна праз гадзіну пачнецца канцэрт у Мірскім Доме культуры. Магчыма вы прызвычаіліся да яго, але гэта вельмі добрая ўстанова культуры з выдатнай акустыкай, чысценькі, дагледжаны. Там працуюць дастойныя людзі і яны настроены на фестываль, жывуць ім і, канешне, гэты фестываль асветніцкі. Ён дае вельмі многа ведаў. Для тых, хто хоча іх атрымаць, іх атрымлівае, хто не хоча, таго не прымусіш, ды мы і не ставім такую мэту. На гэтым канцэрце выступяць ужо ўсе калектывы, якія мы прывезлі з сабою, лепшыя, дастойныя калектывы.
Асобна скажу пра канцэрт у Карэлічах. Першая частка яго прысвячаецца 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзе мы павіншуем удзельнікаў тых гераічных падзей і падзякуем за мужнасць і гераізм. Дарэчы, яна пройдзе на беларускай мове, чаго не зрабіў яшчэ ніхто ў нашай краіне.
Гэты канцэрт заслугоўвае ўвагі гледача і дае магчымасць успомніць родных, якія змагаліся за Радзіму, яшчэ раз падзякаваць ім за мужнасць і самаахвярнасць у імя Перамогі, у імя жыцця сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Варта зазначыць, што канцэртныя праграмы падрыхтаваны сумеснымі намаганнямі Міністэрства культуры, Гродзенскага аблвыканкама, Карэліцкага райвыканкама, Мірскага сельвыканкама і “Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі”. Яны былі ўзгоднены, падрыхтаваны, а калі гэтыя канцэрты закончацца — мы будзем думаць, што будзем рабіць на наступны год, бо самае цяжкае, гэта захаваць фестываль. Напрыклад, у Нясвіжы гэта будзе ўжо дваццаты фестываль, у Навагрудку — пяты, непадалёку, у Любані — другі. А ўсяго наш калектыў на сённяшні дзень падрыхтаваў 189 фестываляў у маленькіх гісторыка-культурных мясцінах Рэспублікі Беларусь. І калі зазірнуць у іх мінулае, то кожная праграма, гэта вялікая гісторыя, якой мы жылі, але не ведалі. Я вучыўся па падручніку, згодна з якім гісторыя музыкі Беларусі пачыналася з 1917 года. А да гэтага быццам бы нічога і не было.
Каб вярнуць музычную творчасць з небыцця, мы першымі ў краіне арганізавалі канцэрты ў Мірскім касцёле, такога не было і няма нідзе ў краіне. Я сам не разлічваў на такі поспех нашых канцэртаў, у вернікаў. Але гэта вельмі адказная праца ў падборы рэпертуару, якасным яго выкананні, і трэцяе, каб выканаўцы гэтай музыкі ў нешта верылі. Паслухайце нашых выканаўцаў і вы зразумееце, што мы недарэмна сюды прыехалі, а вернікі будуць адносіцца да нас яшчэ больш прыязна. Наша задача — захаваць усё гэта, зробленае і здабытае.
Аднак, хачу зазначыць, што ўвага сродкаў масавай інфармацыі скарацілася, на жаль, да такіх мерапрыемстваў каласальна. Інфармацыя мізэрная. Мабыць таму, што мала ведаў у гэтай галіне, або не хочуць пісаць.
Я нікога не крытыкую, але так адбываецца ўсюды, дзе мы бываем. 18 гарадоў. Ніводзін з гэтых фестываляў не зняты тэлебачаннем. Але ж мы не вечныя. І я за гэта вельмі перажываю. Па-другое, прыемна іншае, гэта нельга не заўважыць, мы непрыкметна пачалі прадаваць білеты на канцэрты і білет купіць немагчыма. Гэта каштуе дарагога. Не таму, што мы з людзей бярэм грошы, а таму, што людзі змаглі ацаніць нешта і зразумелі, што “фанера” ёсць “фанера”, а жывы гук, адпрацаваны канцэрт, прафесіянальны канцэрт — гэта зусім іншы від мастацтва. Але ў гэтай справе трэба быць асцярожнымі, каб не перабраць, і важна ведаць, куды гэтыя грошы накіраваць. Гэта вельмі далікатная дзейнасць. Я задаволены, што бюджэтны фестываль пакрысе будзе браць з яго менш сродкаў. Менавіта аб гэтым прасіла нас кіраўніцтва рэспублікі.
Хачу дадаць, што нашы музыканты, гэта лаўрэаты шматлікіх конкурсаў, самых высокіх прэмій. У аркестры трыццаць два лаўрэаты Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аркестр першым у рэспубліцы атрымаў ганаровае званне “Заслужаны”, першым з рук Прэзідэнта атрымаў званне “Нацыянальны”, больш такога за апошнія гады не ўдастоены ніводзін аркестр. Аркестр з’яўляецца акадэмічным, лаўрэатам Ленінскага камсамола і г. д. У ім працуюць народныя, заслужаныя артысты, дактары і кандыдаты навук.
Я ганаруся гэтым, а яшчэ тым, што наш шлях пралёг у сельскую мясцовасць, і роўна дзевятнаццаць гадоў ад фестывалю ў Нясвіжы нарадзіліся ўсе астатнія.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Міхаіл Фінберг паведаміў: “Аркестр дбае аб маладым папаўненні, і кожны год у калектыў прыходзяць 6-7 выпускнікоў Акадэміі музыкі. Толькі што наш малады выканаўца Юрый Вашчук (Тэо) стаў фіналістам конкурсу на “Еўрабачанні”, папярэдні ўдзельнік конкурсу, Калдун, таксама наш, і яшчэ былі чатыры, а першым ўдзельнікам “Еўрабачання” быў я, прабачце за нясціпласць. Я быў з Кіркоравым і Пугачовай. Кіркораў заняў 17-е месца, Пугачова была суправаджаючай. Але гэта асобная тэма.
Нашаму піяністу 18 гадоў, а ёсць музыканты, якім споўнілася 40 гадоў, але гэта другі склад аркестра, адзін я ўжо змяніў. А каб працаваць у гэтым калектыве, кожны музыкант кожны год іграе конкурснае праслухоўванне. Чым далей ад кансерваторыі, тым больш і лепш праходзіць заточка ведаў”.
На прэс-канферэнцыі слова трымаў намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык, які зазначыў: “Мірскі фестываль, — гэта фестываль года на працягу дванаццаці гадоў. Мерапрыемства, якое мы чакаем і да якога рыхтуемся, няпростае. І толькі дзякуючы традыцыі і напрацоўкам, якія ёсць, мы праводзім яго дастаткова арганізацыйна лёгка. Няпроста, праўда, было трапіць з канцэртнай праграмай у сцены касцёла, сумясціць канцэртную дзейнасць і экскурсіі ў Мірскім замку. Але ёсць упэўненасць у тым, што фестываль будзе прадаўжацца.
Шчыры дзякуй вам, Міхаіл Якаўлевіч, вашаму калектыву за тое, што вашымі намаганнямі ў гэтым накірунку рухаецца і Міністэрства культуры, аблвыканкам. У гэтым, у першую чаргу, ваша заслуга. І дзякуючы гэтаму мы маем магчымасць слухаць кожны год творы з глыбіні вякоў, знаёміцца з творчасцю знакамітага калектыву, лепшых музыкантаў. І, паверце, выхаваўчы эфект гэта мерапрыемства мае. Мы сёння ведаем, што такое жывое выкананне, што такое праца сапраўдных мастакоў, якія іграюць у калектыве і прывіваюць любоў да жывой музыкі, не толькі класічнай, але і эстраднай. Мы бачылі Юрыя Вашчука на сцэне “Еўрабачання”, які нічым не адрозніваўся ад таго выканаўцы, якога мы бачылі ў Карэлічах на фестывалі, а гэта значыць, што ён сапраўды вырас у вашым калектыве.
Я думаю, што трынаццатаму фестывалю “Мірскі замак” — быць! Быць яму і ў 2015, і ў далейшых гадах.
Хачу пажадаць калектыву аркестра ўвагі і ўдзячнасці гледачоў, падтрымкі ўлады ва ўсіх гарадах, дзе адбываюцца фестывалі, новых праграм, а нашым гледачам атрымліваць задавальненне ад іх і асалоду”.
Станіслаў ЛУКА.
Фота аўтара.
1 июня 803

1 июня 815

1 июня 876

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.