Ветэранам вайны ўручаюць юбілейныя медалі

11 июня 010

Колькі б гадоў не мінула з Дня Перамогі, але ў памяці жыве подзвіг нашых байцоў і камандзіраў, народных мсціўцаў у барацьбе з фашызмам, усё больш узрастае павага да тых, хто прайшоў дарогамі вайны і заваяваў перамогу і жыццё пад мірным небам.

У гэтыя дні прадстаўнікі мясцовай улады, раённай ветэранскай арганізацыі, ваенны камісар раёна, работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама едуць  да ветэранаў, каб выказаць шчырыя словы ўдзячнасці і ўручыць ім узнагароды — юбілейныя медалі “70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Фёдара Пятровіча Бядрыцкага з г. п. Карэлічы добра ведаюць у нашым раёне. За плячыма 93-гадовага ветэрана вайны вялікае і змястоўнае пражытае жыццё. Ён і ў мірны час застаўся сапраўдным змагаром за лепшае жыццё, які не толькі сумленна працаваў у Карэліцкай  эпідэміялагічнай службе раёна, але шмат увагі ўдзяляў ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Яго прамовы на рознага роду ўрачыстасцях заўсёды прымушалі задумацца. І гэта зразумела: палымянае і даходлівае слова патрэбна нашай душы, асабліва падрастаючаму пакаленню.

На гэты раз мы завіталі да Фёдара Пятровіча дамоў. Зараз ён акружаны ўвагай і клопатам дачкі Галіны. Ветэрану былі выказаны найлепшыя словы прызнання.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак сказаў:

— Сумленны і шчыры, са шчодрай і багатай душой, вы — адзін з тых, хто прайшоў дарогамі вайны, і ведаеце, што такое вайна. Аб ёй можаце расказаць маладому пакаленню. Я заўсёды з задавальненнем з вамі гутару.

Віктар Леанідавіч пажадаў ветэрану даўгалецця. Ён сваімі адносінамі да жыцця зможа і ў далейшым выклікаць у моладзі пачуццё адказнасці, высакароднасці, патрыятызму. Трэба, каб нашчадкі помнілі, што такое вайна.

Уручаючы ветэрану юбілейны медаль, кіраўнік раённай “вертыкалі” запрасіў Фёдара Пятровіча на свята, якое будзе адзначацца з нагоды 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ветэран вайны выказаў падзяку мясцовай уладзе за ўвагу і клопат.

           *     *     *

З Пятром Данілавічам Яхантам сустрэліся ў тэрапеўтычным аддзяленні раённай бальніцы. 90-гадовы ветэран вайны вырашыў падмацаваць сваё здароўе.

Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Р. Ю. Абрамчык, уручаючы юбілейны медаль “70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, адзначыў, што яму  выпала ганаровая місія. Прадстаўнікі мясцовай улады імкнуцца не забыць ніводнага ветэрана вайны і прыязджаюць да іх, каб выказаць словы ўдзячнасці за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Руслан Юр’евіч пажадаў  Пятру Данілавічу Яханту здароўя і сіл, каб яшчэ доўга мог радавацца новаму дню.

Пётр Данілавіч быў расчулены такой увагай і на гэта коратка сказаў: “Каб не было вайны”. У сваю чаргу ветэран вайны выказаў словы ўдзячнасці в. а. загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Л. М. Малінковіч і лечачаму ўрачу В. М. Чыжык за высокі прафесіяналізм і чулыя адносіны.

Галіна СМАЛЯНКА. 

Фота Станіслава ЛУКІ.

11 июня 003

11 июня 005

11 июня 034

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.