Гаспадаркі раёна прыступілі да масавай уборкі зерневых і зернебабовых культур

луки_жниво 019

Жніво — самы адказны і напружаны перыяд у жыцці хлебаробаў. Сёлета яно прыйшло раней звычайнага, аднак нікога не застала знянацку: гаспадаркі раёна прыступілі да масавай уборкі зерневых і зернебабовых культур.

Працаўнікі СВК “Лукі-Агра” рыхтаваліся да жніва грунтоўна. Толькі на набыццё запчастак было выдаткавана звыш 600 млн рублёў. Разумелі: губляць дарагія хвіліны нікому не дазволена, таму рамонт уборачнай тэхнікі правялі своечасова і якасна.

Напярэдадні адбылося пашыранае пасяджэнне праўлення, і прайшло яно прынцыпова. Была зроблена, як гавораць, “работа над памылкамі” леташняй уборачнай кампаніі, пастаўлены акцэнты на галоўным. Стварылі камісію па кантролю за якасцю жніва, зацвердзілі штаб па аператыўнаму кіраўніцтву, вызначылі спецыялістаў для дзяжурства ў начны час. І ўсё гэта не для прыгожага слова, а для справы, для карысці.

У мінулую пятніцу быў дадзены старт уборцы зерневых культур. На ячменныя палеткі выйшлі тры “Джон Дзіры”, тры “КЗС” і “Лексіён”. У першы няпоўны дзень убралі 58 га ячменю сорта “Дзівосны”, на наступны – 87 га, ураджайнасць склала 66,2 цэнтнера.

— Усяго трэба ўбраць сёлета 2049 га зерневых і зернебабовых культур, у тым ліку 1126 – азімых і 923 га – яравых культур, — удакладняе намеснік старшыні СВК па раслінаводству Анатоль Анікій і дадае: убраць хутка і якасна, каб у аптымальныя тэрміны закласці фундамент новага ўраджаю.

З году ў год шліфуюць сваё майстэрства камбайнеры Аляксандр Зуська, Віктар Шымка, Сяргей Максімовіч, Міхаіл Яцкевіч, Уладзімір Тананка, Юрый Лазарчук, Андрэй Штэйн. Дарэчы, апошні працуе разам з жонкай Таццянай. Яна мае прамое дачыненне да хлебаробскай справы: закончыла аграрны ўніверсітэт, назначана на пасаду памочніка ўпраўляючага вытворчага ўчастка. Сёлета на жніве завіхаюцца  тры сямейныя экіпажы.

У агульным уборачным рытме працавітасцю вызначаюцца вадзіцелі  гаспадаркі.  У іх зараз адзіны маршрут: палетак – КЗС. І кожны зацікаўлены ў выніках сваёй працы: як можна больш перавезці зерня. Лідэрства трымаюць Сяргей Валько, Ігар Шыран, Сяргей Анікій,Вячаслаў Богуш,  Аляксандр Самец, Мікалай Тананка. Запрасілі на дапамогу і вадзіцеляў-пенсіянераў Аляксея Крапіўніцкага і Анатолія Самца, вопыту і прафесіяналізму якіх можна толькі пазайздросціць. Больш таго, іншы раз яны словам і справай дапамагаюць маладым.

У гаспадарцы пяты год эксплуатуецца зернеачышчальна-сушыльны комплекс КЗСВ-30, збояў у яго рабоце няма і цяпер. І гэта невыпадкова. Рыхтавалі да сезону і зараз яго абслугоўваюць граматныя спецыялісты: Аляксандр Сак (сын і дачка таксама задзейнічаны на ўборцы), Ігар Ракач, Юрый Трыбуць, Ігар Серык. Работа арганізавана ў дзве змены, тут заўсёды чысціня і парадак. А калі ўзнікне неабходнасць, будуць запушчаны яшчэ два КЗС М-819.  Работа гэтых аб’ектаў пад пільным наглядам вядучага інжынера Дзмітрыя Жыўня, брыгада якога ў любы час сутак гатова аказаць дапамогу, ухіліць няспраўнасць.

— У кожнай справе, а на жніве асабліва, узрастае роля чалавечага фактара, — гаворыць старшыня кааператыва Мікалай Гавіна. – Сёлетняя ўборка дваццаць дзявятая па ліку ў маім жыцці. І кожны раз прыходзіш да высновы, наколькі само жніво дысцыплінуе, мабілізуе і натхняе людзей на добры вынік. Душой адчуваецца іх свядомае разуменне важнасці гэтай пачэснай і адказнай работы. У гэтым і праяўляецца простая чалавечая мудрасць – вырошчваць і ўбіраць Хлеб.

У СВК дэталёва прадумалі стымуляванне працы ўдзельнікаў жніва. Распрацаваны і даведзены да іх ведама ўмовы спаборніцтва і заахвочвання. Асноўная аплата праводзіцца за намалочаную тону зерня. Устаноўлены таксама павышэнні: за тэрміны службы камбайнаў, своечасовае правядзенне ўборкі, звышнарматыўны намалот, за якасную работу без страт. Прадугледжаны прэміраванне і натуральная аплата працы. Так, за намалочаную тону зерня экіпаж заахвочваецца прэміяй у суме 1 млн 500 тыс рублёў, за дзве тоны – 3 млн рублёў. Вадзіцелі на адвозцы зерня ад камбайнаў прэміруюцца ў залежнасці ад яго перавезенай колькасці.

Вядома, аснову асноў складае якасць работ, строгае захаванне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны, тэхнікі бяспекі.

Па-за ўвагай не засталіся пытанні сацыяльна-бытавога забеспячэння ўдзельнікаў уборачнага канвеера. У поле дастаўляюцца гарачыя абеды і падвячоркі. А пасля напружанага дня жадаючых чакае ладная лазня. Бо што можа быць лепш, чым духмяны венік і гарачая пара для зняцця стомленасці, набыцця новых сіл.

Жніво з кожным днём набірае размах, называе імёны лепшых з лепшых. Верыцца, што ў гэты юбілейны год луччане атрымаюць важкі каравай.

Міхаіл ПАРФЁНКА, намеснік старшыні СВК “Лукі-Агра” па ідэалагічнай рабоце.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.