Карэліччына адсвяткавала Дзень Незалежнасці

3 июля 565

“Мая краіна — мой гонар!”Пад такой назвай праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У гэты святочны дзень у райцэнтры на плошчы 17-га Верасня сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, моладзь, школьнікі, госці.

10 гадзін. Вядучыя мерапрыемства віншуюць сабраўшыхся з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і пачынаюць свой аповед, што свята для ўсіх нас — гэта напамін аб тым, што мы — адзіны народ, з адзіным лёсам, традыцыямі, жыццём, гісторыяй, і ад нашай грамадскай адказнасці залежыць будучыня краіны. Запрашаюць прысутных прасачыць галоўныя моманты гісторыі Беларусі з часоў Вялікага Княства Літоўскага, Вялікай Сацыялістычнай рэвалюцыі і Вялікай Айчыннай вайны ў ходзе арганізаванага на плошчы тэатралізаванага прадстаўлення. І ажылі старонкі гісторыі.

Затым святочная калона пад гукі духавога аркестра накіравалася да мемарыяльнага комплексу “Зорка”, дзе адбыўся мітынг, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак.

— Паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! Жыхары раёна! Шаноўныя сябры і госці Карэліцкага краю! — гаварыў Віктар Леанідавіч. — Ад усёй душы віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 3 ліпеня — вялікая гістарычная дата для ўсяго нашага народа. У гэты дзень мы адзначаем 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў!

Незалежнасць сучаснай Беларусі — гэта вынік гераічнай Перамогі. Гэта свята — сімвал нацыянальнага яднання і агульнай адказнасці за будучыню нашай краіны.

70 гадоў аддзяляюць нас ад падзеі, якая ўвайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён”. Яе паспяховае правядзенне дазволіла не толькі прагнаць фашыстаў з беларускай зямлі, але і стварыць умовы для поўнага вызвалення еўрапейскіх краін.

На шляху да вызвалення было мноства бітваў, выпрабаванняў, слёз і страт.

Звярынай ідэалогіі нацызму савецкі народ проціпаставіў ідэалогію гуманізму і інтэрнацыяналізму. На абарону Айчыны сталі больш як 100 нацый і народнасцей Савецкага Саюза.

Савецкая Беларусь унесла неацэнны ўклад у разгром фашысцкай Германіі. Яна стала рэспублікай-партызанкай. У строй народных мсціўцаў сталі больш як паўмільёна чалавек. Восемдзясят восем з іх удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.

Сёння мы абавязаны ўспомніць тых, хто набліжаў Перамогу і вызваленне нашага раёна. Карэліцкая зямля ператварылася ў партызанскі край.

Падпольныя камсамольска-маладзёжныя групы ў Пагарэлцы, Сіняўскай Слабадзе, Лядках, Беражна перараслі ў магутныя атрады і партызанскія брыгады.

Не скарыліся захопнікам больш як пяць тысяч мірных жыхароў. На вялікі жаль, да гэтага часу не ўстаноўлены ўсе прозвішчы ахвяр вайны.

У той час, калі быў вызвалены Мінск, на тэрыторыі Карэліцкага раёна яшчэ ішлі жорсткія баі.

Гераічнай старонкай у летапіс ваеннай славы ўпісаны подзвіг воінаў, якія 8 ліпеня вызвалілі Карэлічы і Мір. Вялікая і цана за вызваленне. З палёў бітвы не вярнуліся больш дзвюх тысяч нашых землякоў, гераічна загінулі 132 партызаны і падпольшчыкі. 13 вёсак раёна паўтарылі лёс Хатыні. Больш як дзве тысячы мірных жыхароў былі вывезены ў Германію.

Для нас з вамі гэта не проста гісторыя, а чалавечы боль, памяць пра мінулае.

Нізкі паклон вам, дарагія ветэраны, за наш сённяшні мірны дзень! Вы перамаглі! Адстаялі краіну, паднялі яе з руін і попелу, пабудавалі магутную эканоміку, пакінулі ў спадчыну багатую культуру.

Вашы дасягненні — падмурак, на якім будуецца сённяшняя суверэнная дзяржава. Дастойным прадаўжальнікам слаўных традыцый мінулага з’яўляецца маладое пакаленне — нашчадкі Пераможцаў.

І чым далей адыходзяць у мінулае Вялікая Айчынная, Першая і Другая сусветныя войны, тым мацней разуменне таго, як важна не забываць урокі гісторыі, не дапусціць адраджэння нацызму, берагчы і ўмацоўваць мір.

Па добрай традыцыі сёння разам з намі раздзяляюць радасць самага галоўнага і светлага свята нашы сябры — прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі Краснагорскага раёна Маскоўскай вобласці. Дзякуй, што вы з намі! Гэта надае энергіі, упэўненасці ў нашым адзінстве ўсім нам, асабліва нашым ветэранам. Сёння ўпершыню за доўгія гады сустрэч і супрацоўніцтва няма з намі ўкраінскіх сяброў з Манькоўскага раёна. Молімся за іх і за тое, каб мір і згода ўсталяваліся            ў суседняй, братняй нам Украіне.

Дзень рэспублікі — гэта свята ўсіх, хто ганарыцца сваёй краінай, паважае яе гісторыю, хто сваёй працай і талентам уносіць штодзённы ўклад у росквіт дзяржавы.

З пачуццём вялікай удзячнасці хачу звярнуцца да вас, працаўнікі Карэліцкага краю, за значны, важкі ўклад у развіццё народнагаспадарчага комплексу раёна. Да тых, хто добрасумленна працуе на нашай благадатнай зямлі, вырошчвае хлеб, атрымлівае высокія ўраджаі, да тых, хто прымнажае нацыянальнае багацце, самааддана працуе на ніве адукацыі і культуры, да тых, хто клапоціцца аб здароўі нашых людзей, стаіць на варце парадку і законнасці.

Усім — вялікі чалавечы дзякуй!

Мы ганарымся тым, што ў нас разумная і творчая моладзь, якая ўмее перамагаць у самых прэстыжных конкурсах і алімпіядах, спартыўных турнірах і спаборніцтвах. Узнагароды і перамогі нашых вучняў —  у высокім майстэрстве і таленце нашых педагогаў.

Паважаныя ветэраны!

Шчыра рады, што ў гэты юбілейны год вызвалення вы разам з намі ў страі, што вашы вочы свецяцца ад прыемных сустрэч і радасных эмоцый. Моцнага вам здароўя, увагі, цеплыні і клопату ад родных і блізкіх вам людзей.

З Днём Незалежнасці вас, дарагія жыхары Карэліцкага раёна!

Здароўя на доўгія гады, дабрабыту і шчасця ў кожным доме, невычарпальнай энергіі і дабра, стабільнасці і поспехаў дзеля сваіх дзяцей і нашага народа.

Ад імя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны выступіў на мітынгу ўдзель-нік партызанскага руху Уладзімір  Данілавіч Буй, які зрабіў кароткі экскурс у гісторыю баявых дзеянняў Чырвонай Арміі і народных мсціўцаў, сардэчна павіншаваў калег па зброі, жыхароў Карэліч, гасцей з 70-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Днём Незалежнасці, пажадаў усім моцнага здароўя, поспехаў у працоўнай дзейнасці і дабрабыту.

Ветэран даў наказ моладзі як зрэнку вока берагчы заваёвы, за якія змагаліся, ахвяруючы сваім жыццём, дзяды і прадзеды. Любіць сваю Радзіму так, як любілі яе яны.

— Вы — наша змена, — гаварыў У. Д. Буй, — і вам тварыць у ХХІ-м стагоддзі.

Са словамі ў адказ выступіла спецыяліст РК ГА “БРСМ” Вольга Міснікевіч.

— 3-га ліпеня, — гаварыла яна, — гэта радасная і светлая дата для кожнага беларуса. Гэта сімвал мужнасці, самаахвяравання і адданасці Радзіме. Гэта сімвал надзеі і аптымізму для наступных пакаленняў. У гэтым свяце ўвасоблены мары нашага народа аб светлай, суверэннай і моцнай Айчыне.

Вялікая ўдзячнасць людзям старэйшага пакалення, дзякуючы якім мы маем права жыць пад мірным небам.

З нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паважаныя ветэраны, прыміце ад імя моладзі пажаданні моцнага здароўя, выдатнага настрою, натхнення і поспехаў ва ўсіх справах.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і трохразовым салютам.

Затым месца дзеяння святочнага мерапрыемства перанеслася на плошчу 17-га Верасня райцэнтра. Да яго ўдзельнікаў звяртаецца кіраўнік раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбак, які сказаў: “Паважаныя ветэраны, працаўнікі народнагаспадарчага комплексу раёна, госці, дарагія суседзі, браты саюзнай нам дзяржавы, прадстаўнікі Краснагорскага раёна Маскоўскай вобласці! Я віншую вас з гэтым цудоўным святам, якое дало маладому пакаленню і нам, старэйшым людзям сінявокай Беларусі, займацца творчай, стваральнай працай для таго, каб наша цудоўная кветка ўпрыгожвала нацыянальны вянок Беларусі.

Са словамі ўдзячнасці я звяртаюся да людзей, якія сядзяць у першым радзе сярод удзельнікаў свята. На вялікі жаль, іх засталося ў раёне толькі 54 чалавекі. Я хачу папрасіць у іх прабачэння за тое, што, магчыма, мы недастаткова аказвалі ўвагі ветэранам. Але асабіста я заўсёды настройваю мясцовую уладу, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, падрастаючае пакаленне на тое, каб яны заўсёды памяталі пра сваіх герояў, змагароў за Свабоду і Незалежнасць нашай Радзімы.

Вялікі дзякуй вам, дарагія ветэраны! Дай Бог вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, а яшчэ, каб мы не адну вясну і не адзін юбілей святкавалі разам з вамі.

Вялікія словы ўдзячнасці выказваю кіраўнікам народнагаспадарчага комплексу, якія паспяхова працуюць на Карэліцкай зямлі. Здароўя вам, вашым сем’ям і родным”.

Далей адбылося ўзнагароджванне перадавікоў вытворчасці, асоб, занесеных у Кнігу Славы Карэліцкага раёна.

Ад гасцей слова трымаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Краснагорскага муніцыпальнага раёна Аляксандр Валер’евіч Бутэнка, які сказаў:

— Дарагія жыхары Карэліцкага раёна, паважаныя ветэраны. У першую чаргу я хачу павіншаваць вас з цудоўным святам — Днём Незалежнасці, перадаць вам вялікае прывітанне ад усіх жыхароў Краснагорскага муніцыпальнага раёна і кіраўніка Краснагорскага раёна Барыса Расказава.

Сёння мы адзначаем дзве вялікія падзеі — Дзень Незалежнасці і 70-годдзе вызвалення рэспублікі ад фашысцкага ярма, якое спрабавала зрабіць рабамі нашы народы.

Я хачу сказаць словы ўдзячнасці нашым ветэранам. Вялікі дзякуй за тое, што сёння ёсць чыстае неба, мір. І тое, што вы зрабілі — гэта вялікая справа. Нізкі за гэта паклон.

Па даручэнні главы Краснагорскага раёна А. В. Бутэнка зачытаў прывітальны адрас жыхарам Карэліцкага раёна і яго кіраўніцтву, у якім сказана: “Паважаны Віктар Леанідавіч, жыхары Карэліцкага раёна! Цёпла і сардэчна віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і з 70-годдзем вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У гэты няпросты для братніх славянскіх народаў час мы асабліва цэнім сувязі паміж нашымі муніцыпальнымі ўтварэннямі, якія былі ўстаноўлены яшчэ да падпісання афіцыйнага Дагавора аб парадненні гарадоў Краснагорск і Карэлічы ў 1996 годзе. На працягу ўсяго гэтага часу кожны год адбываюцца абмены афіцыйнымі дэлегацыямі, прымеркаванымі да дня ўтварэння Краснагорскага муніцыпальнага раёна і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама абмен спартыўнымі дэлегацыямі і дэлегацыямі ветэранаў.

Аднак найбольшы поспех пабрацімскіх сувязей паміж нашымі гарадамі маюць маладзёжныя праекты, звязаныя з арганізацыяй летняга дзіцячага адпачынку, а таксама праекты па арганізацыі фестываляў творчай моладзі “Новы свет” у Краснагорску і “Дружба без граніц” у Карэлічах.

Мы высока цэнім выдатную арганізацыю і высокі ўзровень правядзення сумесных мерапрыемстваў, гасціннасць жыхароў беларускага пабраціма.

Ад імя адміністрацыі Краснагорскага муніцыпальнага раёна і Савета дэпутатаў мы віншуем усіх жыхароў Карэліччыны і жадаем здароўя, міру і дабрабыту”.

А. В. Бутэнка ўручыўВ. Л. Шайбаку падарунак — гадзіннік з Краснагорскай сімволікай і пажадаў, каб ён адлічваў толькі мірны час.

Прывітанне ад імя і па даручэнні краснагорскіх ветэранаў перадаў дэпутат Краснагорскага Савета дэпутатаў Краснагорскага муніцыпальнага раёна Д. І. Радчанка. Дзмітрый Іванавіч гаварыў: “Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! Паважаныя жыхары Карэліцкага раёна! Прыміце шчырыя віншаванні ад ветэранаў Краснагорскага раёна з 70-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Днём Незалежнасці рэспублікі.

Ваш народ першы прыняў удар гітлераўскай армады і змог даць дастойны адпор захопнікам, і даказаў, што ў Беларусі жывуць патрыёты. Ніякія катаванні і мукі, ніякія зверствы і здзекі фашысцкіх заваёўнікаў не зламалі волю народа. Увесь ён, ад малога да старога, змагаўся за Незалежнасць у партызанскіх атрадах і на франтах.

Цаною бяспрыкладнага подзвіга і неймаверных ахвяр была атрымана гэта Перамога, якая стала сімвалам гераізму народа, яго стойкасці і мужнасці.

У кожнага пакалення ёсць свая гістарычная місія. Доблесныя франтавікі, партызаны і падпольшчыкі, самаадданыя працаўнікі тылу не толькі прынеслі мір і свабоду, але і заклалі той фундамент, на якім вырасла і расквітнела незалежная дзяржава — Рэспубліка Беларусь.

70-годдзе вызвалення Беларусі — наша агульнае свята. У Краснагорскім раёне жыве зараз 31 удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якія разам з беларускім народам прымалі ўдзел у баях за яе вызваленне. Слава аб цяжкіх дарогах вызваліцеляў не сатрэцца ў вяках, і такой жа вечнай будзе наша ўдзячнасць усім жывым і загінулым героям.

Беларусы  і расіяне аб’яднаны памяццю баявой славы бацькоў і дзядоў, верай у непарушнасць братняга саюза. Няхай ніколі не парываецца дружба народаў Расіі і Беларусі, Карэліцкага і Краснагорскага раёнаў.

Паважаныя ветэраны! Дарагія сябры! Жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў, шчасця і далейшага росквіту, доўгіх гадоў мірнага жыцця пад чыстым небам.

Са словамі віншавання з нагоды свята да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама,  старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Р. Ю. Абрамчык, які асабліва адзначыў заслугі хора ветэранаў і ўручыў яго мастацкаму кіраўніку І. У. Лазарэвіч Ганаровую грамату і падарунак для гэтага самадзейнага калектыву.

Узнагароды работнікам аграпрамысловага комплексу раёна ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С. В. Барычэўскі.

Віншаванні і грашовыя прэміі з рук кіраўніка раённай “вертыкалі” В. Л. Шайбака прымалі прызёры рэспубліканскай гульні “Зарніца” і валейбольная каманда ДУА “Цырынскі  НВК дзіцячы сад-сярэдняя школа”, якая перамагла ў абласной спартакіядзе “Каласок”.

Святочную канцэртную праграму паказалі мастацкія калектывы Карэліччыны, а на стадыёне “Юнацтва” адбыліся спартыўныя мерапрыемствы.

У вячэрняй праграме свята на плошчы 17 Верасня адбыўся канцэрт “Красуй, Беларусь!”, а таксама патрыятычная акцыя “Спяваем гімн разам”.

Святочныя мерапрыемствы, падчас якіх працавалі гандлёвыя рады, дзіцячая пляцоўка, завяршыліся феерверкам і маладзёжнай дыскатэкай.

Станіслаў ЛУКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

3 июля 034

3 июля 170

3 июля 397

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.