У замку Кміты — новы сезон даследаванняў

Археалагічныя раскопкі каля замка Кміты праводзяць Наталля Пачобут і Леанід Калядзінскі

Археалагічныя раскопкі па вывучэнню гарадзішча XVI-XVII стагоддзяў пад назваю “Замак Кміты”, якое змяшчаецца каля вёскі Беразавец Карэліцкага раёна, працягнуліся ў гэтым годзе. У ліпені 2013 года загадкавы помнік прыцягнуў увагу спецыялістаў. Сёлета раскопкі пачаліся 3 ліпеня, і на сённяшні дзень ужо маюцца цікавыя матэрыялы.

Чым жа так прывабіла маляўнічая мясціна дапытлівых археолагаў? Па-першае, гарадзішча высілася на дзясятак метраў над балоцістым поплавам ракі Сэрвач, што, несумненна, прыцягнула ўвагу. Па-другое, на гэтым месцы ніколі не праводзіліся археалагічныя раскопкі. Дадала інтрыгі мясцовая жыхарка Марыя Сянюта. Яна паведаміла, што, згодна з паданнем, на гарадзішчы некалькі стагоддзяў назад размяшчаўся замак князя Кміты, а пасля Вялікай Айчыннай вайны скарбашукальнікі знаходзілі тут пячную кафлю, сярэбраныя лыжкі, манеты. 

Помнік археалогіі знаходзіцца ў 10 км на поўдзень ад г. п. Карэлічы і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Пляцоўка гарадзішча размешчана ў рэчышчы ракі Сэрвач і мае форму прамавугольніка з закругленымі вугламі, памеры ягога прыблізна 95х45 м. Вяршыня яго мае плошчу каля 0,2 га. Месцамі захаваліся абарончыя збудаванні – вал і роў.

Газета “Полымя” пагутарыла з удзельнікам экспедыцыі, старшым навуковым супрацоўнікам НАН Беларусі Леанідам Уладзіміравічам Калядзінскім.

— Якія каштоўныя рэчы пашчасціла знайсці экспедыцыі летась? 

— У мінулым годзе раскопкі праводзіліся на самом гарадзішчы. Знойдзены матэрыялы XVI стагоддзя, сярод якіх сустрэта пячная кафля, 5 сярэбраных манет, прылады працы, цікавыя фрагменты аконнага шкла рамбічнай і дыскападобнай формы, рэчы хатняга побыту – нажы, цвікі, ключ. Таксама даследчыкі выявілі ўзбраенне, у прыватнасці, рушніцу (вогнепальную зброю), наканечнік стралы. Былі  знойдзены ўпрыгожванні: фрагменты бронзавых пярсцёнкаў і бронзавыя накладкі, фурнітура на рэмень. Цікавасць уяўляў касцяны выраб, упрыгожаны цыркульным арнаментам, які можна аднесці да прылады, звязанай з такой гульнёй, як шашкі.

— Што можаце сказаць пра знаходкі новага сезона?

— Сёлета раскопкі вырашана правесці на селішчы, якое ахоплівае гарадзішча з поўдня. Даследаванні толькі пачаліся, але ўжо можна сказаць, што ўскрыты рэшткі жытла XV стагоддзя. У прыватнасці, знойдзены развал печы-каменкі. Падчас расчысткі печы вынайшлі пячную міскападобную кафлю XV стагоддзя. Сярод самых каштоўных знаходак гэтага сезона можна вылучыць сярэбраную манету. Яна належала вялікаму князю літоўскаму Ягайлу, які стаў каралём польскім Уладзіславам. Датуецца такая манета першай паловай XV стагоддзя, а гэта значыць, што і выяўленыя падчас раскопак знаходкі побач з такой манетай можна аднесці да гэтага часу. Сустрэты таксама фрагменты нажэй, цвікі, 2 ключы. За гадзіну да прыходу карэспандэнтаў было знойдзена скрыжаванне мяча і замок круглай формы шведскага тыпу, які адносіцца да XVI стагоддзя. Велізарную цікавасць уяўляе захаванасць у культурным пласце селішча рэшткаў драўлянай забудовы XV стагоддзя (палі, слупы дыяметрам 16-18 см) і рэшткаў драўлянага насціла, чаго не сустрэта пакуль ні на адным помніку такога кшталту. Абумоўлена гэта тым, што паселішча размяшчалася ў балоцістай пойме ракі Сэрвач, на тарфяніку, які і забяспечыў захаванне старажытнай драўлянай забудовы.

— Хто прымае ўдзел у археалагічнай экспедыцыі ў гэтым годзе?

— Узначальвае раскопкі  Наталля Аляксандраўна Пачобут, вядучы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Работу праводзяць сумесна Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якую прадстаўляе Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі, старшы навуковы супрацоўнік, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Таксама ў раскопках прымалі ўдзел студэнты гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і будаўнічага ліцэя г. п. Карэлічы, вучні СШ № 2 г. п. Карэлічы. Вялікую падзяку хочацца выказаць жыхарам вёскі Беразавец, у прыватнасці, Міхаілу Міхайлавічу Сянюта і Уладзіміру Уладзіміравічу Хартановічу.

— Якімі сродкамі фінансуецца дадзенае даследаванне?

— Работы праводзяцца пры фінансавай падтрымцы Фонду фундаментальных даследаванняў. Дапамогу ў арганізацыі і правядзенні работ летась і сёлета аказвае раённы выканаўчы камітэт.

— Раскопкі будуць працягвацца?

— Несумненна, будуць. Акрамя раскопачных работ, мяркуецца правесці геамагнітную і электрамагнітную разведку пляцоўкі гарадзішча і селішча. Знойдзеныя матэрыялы паступяць у Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і Карэліцкі краязнаўчы музей.

   Насычаная размова з удзельнікам экспедыцыі і каштоўныя знаходкі на месцы раскопак даюць усе падставы меркаваць, што ў будучым замак Кміты можа стаць турыстычным аб’ектам не толькі рэгіянальнай, але і рэспубліканскай значнасці. Па-першае, гарадзішча мае спрыяльнае спалучэнне гісторыка-культурных і ландшафтных якасцяў. Па-другое, помнік гісторыі размешчаны ў дзясятку кіламетраў ад знакамітага Мірскага замка і ў трох кіламетрах ад трасы Навагрудак – Мір. Трэцяя прычына грунтуецца на тым, што замак з’яўляецца ўнікальным помнікам замкавага будаўніцтва. Блізкія да яго па тыпу паселішчы маюцца на тэрыторыі суседняй Літвы.

Для ажыццяўлення вышэйсказанага трэба прыкласці нямала намаганняў і, канечне, матэрыяльных сродкаў. Аднак справа, безумоўна, варта гэтага. Неабходны архіўныя пошукі звестак пра фальварак, замак і яго ўладальнікаў. Добра было б стварыць комплексную экспедыцыю з прыцягненнем спецыялістаў з археалагічных цэнтраў Літвы і Польшчы.

Сама ідэя стварэння турыстычнага аб’екта на месцы гарадзішча каля вёскі Беразавец разглядаецца ў перспектыве. А пакуль застаецца толькі радавацца, што наша карэліцкая зямля багата на каштоўныя помнікі даўніны, да якіх сёння ўжо можна смела адносіць і замак Кміты. 

Вераніка УЛАСЕВІЧ,

студэнтка II курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота Антаніны Хатэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.