В Кореличском районе жатва выходит на финишную прямую

12

Традыцыйна СВК “Маяк-Заполле” дэманструе высокую ўраджайнасць па раёне. Сёлета яна складае 69,8 цэнтнераў з гектара, саступаючы толькі СВК “Жухавічы”. Аграрыі “Маяка” сакрэт поспеху не хаваюць: галоўнае — правільныя і любячыя адносіны да зямлі, якая аддзячыць багатым ураджаем.
— Уборачная кампанія гэтага года стала як ніколі гарачай, — расказвае ўпраўляючы ўчасткам № 1 СВК “Маяк-Заполле” Іван Гавака. — Прычым гарачай і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Аграрыі ўсёй краіны працуюць у экстрэмальных умовах надвор’я. У сувязі з гэтым прыняты шэраг мер для таго, каб пазбегнуць бяды, у першую чаргу ад пажараў. Па некалькі разоў у дзень праводзіцца чыстка зернеўборачных камбайнаў ад пылу і рэшткаў саломы, якія ў выпадку пажару спрыяюць хуткаму распаўсюджванню агню. Памочнікі камбайнераў больш пільна сочаць за работай вузлоў і механізмаў, рухавіка, магчымых ачагоў узгарання. На ноч запраўляюцца вадой усе ёмістасці. Мы лічым, што поўная баявая гатоўнасць нікому не пашкодзіць. Акрамя таго, уся тэхніка абсталявана вогнетушыцелямі, на кожным полі, дзе працуюць камбайны, дзяжураць пажарныя машыны. Асабліва хачу адзначыць вадзіцеля такой машыны М. М. Каляду, які ў выпадку неабходнасці аказвае дапамогу камбайнерам у рамонце тэхнікі.
Камбайнавыя экіпажы, вадзіцелі на адвозцы зерня і звенні зернесушыльных комплексаў нягледзячы на анамальную спёку працуюць бесперапынна. У гаспадарцы ўбрана 2181 гектараў зерневых, намалочана 15220 тон новага ўраджаю.
На ўборцы вызначаецца камбайнавы экіпаж у складзе Юрыя Напоркі і яго памочніка Аляксея Ракача, якія працуюць на старэнькім “Лексіёне-580”. Юрый, аспірант Беларускага аграрнага тэхналагічнага ўніверсітэта і ўраджэнец аграгарадка Краснае, перабраў кожную дэталь гэтага камбайна і вось ужо чацвёрты сезон у час летніх вакацый на ім працуе. І не толькі працуе, але і трымае другое месца па “Маяку” сярод “Лексіёнаў”. Гэты камбайнавы экіпаж убраў 271 га, намалаціў 2008 т.
Першае месца па гаспадарцы ўпэўнена трымаюць камбайнеры С. М. Сцепанчук і У. У. Далідовіч. На сваім “КЗС-1218” яны ўбралі 222 га, намалацілі 1713 тоны.
Асаблівы гонар гаспадаркі — камбайнеры са стажам. Гэта В. А. Аляшкевіч, які працуе за штурвалам камбайна больш 20 гадоў, і В. А. Фалько, які аддаў сваёй справе 30 гадоў.
Уборка саломы ідзе ўслед за камбайнамі. Усяго ў гаспадарцы яна ўбрана з плошчы 2085 га. На чатырох прэспадборшчыках шчыруюць А. В. Напорка, Д. Л. Амелька, А. І. Рабко і М. Г. Мазур. Складвае салому ў скірды С. Л. Гамановіч, падвозіць — Р. Ш. Гадзельшын.
Актыўна ў гаспадарцы ідзе падрыхтоўка глебы пад сяўбу азімых культур. Усяго заарана 570 га. Асабліва старанна працуюць механізатары А. М. Жук і В. Л. Напорка.
Уборачная кампанія-2014 выходзіць на фінішную прамую, і ўжо сёння яскрава бачна, што колас “Маяка” будзе важкім.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.