Вышла новая книга И.И. Вербицкого

13

У чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі

адбылася прэзентацыя зборніка прозы і паэзіі мясцовага

паэта Івана Вярбіцкага “Імкненне”

У свет выйшла чарговая, дванадцатая, кніга І. І. Вярбіцкага пад назвай “Імкненне”. Сваё прызнанне яна павінна знайсці ў чытачоў рознага ўзросту і густу: як малодшага, так і старэйшага, аматараў паэзіі і прозы. Аб’ядноўвае творы адна тэма — тэма патрыятызму, любові да Радзімы.

Вядучая мерапрыемства, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі В. І. Кошур напачатку ўрачыстасці прадэкламавала верш “Я шчаслівы” з новага зборніка паэта:

Я нашу нямала планаў,

   Мараў светлых і надзей,

   Краю роднаму адданы,

   Ён да новых мэт вядзе.

Гэтыя радкі вызначаюць жыццёвае крэда паэта, пэўным чынам тлумачаць і назву новага зборніка “Імкненне”. Іван Іванавіч Вярбіцкі на працягу ўсяго жыцця імкнецца да новай мэты, пераадольвае жыццёвыя цяжкасці, пакарае новыя вяршыні… Так было і ў гады галоднага даваеннага маленства, і калі пайшоў у асвету: вучыўся прагна, не зважаючы на нястачу.

Я быў нямала пастушком

   Ды шмат чытаў на полі,

   Пад навальніцаю, дажджом

   Меў радасці даволі.

(“Справаздача”).

Абраўшы шлях настаўніка, цвёрда ведаў: лёгка не будзе, але вучыць сялянскіх дзяцей лічыў сваім прызваннем. Адначасова пісаў вершы, цэнтральнай тэмай якіх была і застаецца Радзіма — вялікая і малая.

Я цешуся, што край жыве, расце,

Ідзе да новага здзяйснення,

Ніхто шляхоў не замяце,

З радзімай крочу я з натхненнем.

(“Роздум”).

Новая кніга “Імкненне” змяшчае шмат пейзажнай лірыкі. Вершы “Чарэшанька”, “Крынічка”, “Незабудкі”, “Летні вечар”, “Пачатак восені”, “Вясенняя навальніца” прасякнуты пачуццём яднання з прыродай, тонкім лірызмам і чуласцю да ўсяго жывога.

Сонца нізілася вольна —

Не было нідзе аблок,

Цені доўжыліся здольна,

Спаць хаваўся вецярок.  

Сціпла неба ружавела,

Сталі зоры наяву,

Асядалі росы смела

На зялёную траву.

   (“Летні вечар”).

Працуе аўтар і ў такім жанры як байка. Яго “Лісіца-хітрыца”, “Рэзалюцыя” выкрываюць такія заганы як п’янства і нахабства.

Такое і ў нас бывае,

Дзіця матуля пакідае,

Штодня гуляе,

Вінцо з сябрамі папівае.

Яны сяброўцы спачуваюць,

На ўладаў крычма наракаюць.

                     (“Лісіца-хітрыца”).

Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі выйшлі ў свет верш “Дзень Перамогі”, а таксама апавяданне “Пастушок” (У другі дзень вайны). Герой апавядання — васьмігадовы сялянскі хлопчык Пецька, які не толькі выратоўвае жыццё цяжка параненаму чырвонаармейцу, але і становіцца сынам палка.

Несумненна, дзіцячую аўдыторыю прывабяць “Казка пра Казу-Дзеразу, Козліка-Скакунка і Ваўка-Валацугу” і “Аксаміт і Белашыйка”.

На творчай сустрэчы прысутнічала мясцовая паэтка Аляксандра Панасенка, якая павіншавала І. Вярбіцкага з выхадам у свет чарговай кнігі, пажадала далейшага творчага плёну і падарыла яму сваю кнігу. Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Л. К. Арцюх выказала І. І. Вярбіцкаму ўдзячнасць за пастаяннае супрацоўніцтва з раённай бібліятэкай, працу на карысць роднага раёна.

Сам жа віноўнік урачыстасці пажадаў моладзі, якая прысутнічала на прэзентацыі, шанаваць сваю Радзіму, любіць яе не з-за мяжы, а менавіта тут будаваць новае, шчаслівае жыццё.

Я чую, хтосьці паўтарае:

“Мой родны кут”, але парой

Аб ім спакойна забывае,

Як здань блукае за мяжой.

І толькі як напомніць старасць —

Чужы не лашчыць далягляд —

Гугнявіць: “Я жыцця ахвяра,

Мой родны кут, прымі назад”.

Я паўтараю сэрцам шчыра:

Чужых прасцягаў не таптаў,

З радзімай дарагой у міры,

І з ёю дзень любы вітаў.

(“Яго словы”).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.