Прайшоў раённы конкурс сярод маладых спецыялістаў

молод спец 21 116

“Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя”. Пад такой назвай у Карэліцкім раённым Доме культуры праведзены раённы конкурс сярод маладых спецыялістаў Карэліччыны. Заснавальнік конкурсу — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Мэты конкурсу

Конкурс сярод маладых спецыялістаў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя” праводзіўся з мэтамі садзеяння прафесійнай і сацыяльнай адаптацыі маладых спецыялістаў, развіцця іх творчай актыўнасці, расшырэння  дыяпазону зносін паміж маладымі спецыялістамі ў раёне і рэалізацыі творчага патэнцыялу маладых людзей.

І сапраўды, маладыя спецыялісты — будучае нашай краіны. Ім шырока адкрыты шляхі прафесійнага станаўлення, сама-ўдасканалення, здзяйснення ідэй, самарэалізацыі ў прафесіі і грамадстве. Ім ствараць, выхоўваць, тварыць. І ісці наперад.

Творчыя і актыўныя

Хто ж яны, маладыя спецыялісты?

Выпускнікі, якія працуюць па размеркаванні на працягу тэрміну абавязковай работы па размеркаванні.

Выпускнікі, якія накіраваны на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага), на працягу тэрміну абавязковай работы.

Выпускнікі, якія працуюць па пераразмеркаванні, на працягу тэрміну абавязковай работы па пераразмеркаванні.

У раённым конкурсе маладых спецыялістаў прынялі ўдзел фельчар хуткай дапамогі УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Канстанцін Міхайлавіч Карп, ветфельчар СВК “Свіцязянка-2003” Алеся Ігараўна Фокіна, інспектар дарожна-патрульнай службы АДАІ РАУС Аляксандр Анатольевіч Палуян, бухгалтар аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Анастасія Васільеўна Падаляніна, юрысконсульт ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” Юлія Віктараўна Толмач і настаўнік тэарэтычных дысцыплін ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” Дар’я Юр’еўна Барэйка.

Словы-пажаданні

З прывітальным словам да ўдзельнікаў конкурсу звярнуўся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Р. Ю Абрамчык. Руслан Юр’евіч, даўшы высокую адзнаку прафесійнай падрыхтоўцы маладых спецыялістаў у навучальных установах краіны, гаварыў аб іх імкненні добрасумленна працаваць і творча праяўляць сябе.

Прамоўца са станоўчага боку адзначыў напісаныя маладымі спецыялістамі эсэ пры падрыхтоўцы да конкурсу і выказаў удзячнасць за іх творчую пазіцыю.

“У вас унікальная магчымасць заявіць пра сябе”, — сказаў намеснік старшыні райвыканкама і пажадаў удзельнікам конкурсу ўдачы.

Было ў чым сябе паказаць

Конкурсная праграма ўключала некалькі заданняў. Першае, якое атрымалі маладыя спецыялісты, было напісаннне эсэ на тэму “Сваёй прафесіяй ганаруся!”. Усе канкурсанты з ім справіліся, эсэ былі прачытаны і выстаўлены адпаведныя балы.

Конкурс пачаў свой адлік з візітнай карткі ўдзельнікаў “Да вяршынь майстэрства” — яны прадстаўлялі сваю прафесійную дзейнасць. Крытэрыі ацэнкі былі наступныя: арыгінальнасць прадстаўлення, змест, артыстызм, выкарыстанне тэхнічных і музычных сродкаў, выкарыстанне касцюмаў, рэквізіта і іншых сродкаў тэатралізацыі.

Наступны іспыт — віктарына “Працоўны кодэкс у дэталях”. Удзельнікі конкурсу адказвалі на дзесяць пытанняў на веданне базавых паняццяў працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

У творчым конкурсе “Творчасць — адлюстраванне асобы” падрыхтавалі выступленне, якое дэманстравала шматграннасць асобы маладога спецыяліста. Тут ацэньваліся артыстычнасць, змястоўнасць выступлення, выкарыстанне касцюмаў, тэхнічнае суправаджэнне.

Дар’я Барэйка і Алеся Фокіна прадэманстравалі свае цудоўныя музычныя здольнасці, Аляксандр Палуян нечакана ўразіў журы кулінарнымі адкрыццямі, Юлія Толмач раскрыла сакрэты прафесіі юрыста, Анастасія Падаляніна дала карысныя парады па “эксплуатацыі” бухгалтара ў калектыве, Канстанцін Карп яшчэ раз пацвердзіў ісціну, што “добры настрой — залог здароўя”.

Падведзены вынікі

Як адзначыў старшыня журы Р. Ю. Абрамчык, пры падвядзенні вынікаў члены журы  справіліся хутка — прыйшлі аднагалосна да адной высновы.

Дыпломамі ўзнагароджаны: за першае месца — Анастасія Падаляніна, за другое — Алеся Фокіна, за трэцяе — Аляксандр Палуян.

Дыплом “За вернасць прафесіі” атрымала Юлія Толмач, прыз журы “За прафесійнае майстэрства” — Дар’я Барэйка і прыз сімпатыі гледачоў — Канстанцін Карп.

*    *    *

Правядзенне раённага конкурсу “Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя” стала сапраўдным святам. Дапамагалі зрабіць яго больш урачыстым работнікі культуры — вядучая Інга Лазарэвіч, рэжысёр раённага Дома культуры Міхаіл Башко, выканаўцы нумароў мастацкай самадзейнасці Алеся Швабовіч, Наталля Шпакоўская, Аляксандр Каляда, Людміла Кудрыцкая і іншыя ўдзельнікі канцэртнай праграмы.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.