С. В. Канановіч з г. п. Мір узнагароджана Ордэнам Маці

мир 019

Сям’я Святланы Васільеўны і Андрэя Канстанцінавіча Канановіч — вялікая і дружная. У ёй дзеці выхоўваюцца ў любові і ласцы, атрымліваюць урокі дабрыні і спагады. У кожным бацькі імкнуцца бачыць асобу і робяць усё магчымае, каб выраслі сумленнымі людзьмі. “Самае галоўнае — любіць дзяцей і прымаць іх такімі, якія яны ёсць”, — мяркуюць яны.

Старэйшая Аліна вучыцца ў Слуцкім дзяржаўным каледжы перапрацоўчай прамысловасці. У будучым марыць прадоўжыць навучанне і быць інжынерам-тэхнолагам. Спакойная па характары і старанная ў вучобе, яна і зараз прадаўжае заставацца такой жа, добра вучыцца і не мае заўваг па паводзінах. Ганна — смелая і дзелавая, мае лідарскія здольнасці: можа арганізаваць дзяцей на справу, і малодшыя слухаюцца яе. Маргарыта — сціплая і спакойная, любіць маляваць і чытаць. У Давіда складаны характар, але сам па сабе хлопчык цікавы, да яго патрэбен індывідуальны падыход. Данііл — добры і вясёлы, любіць займацца справай, і яго неабходна чымсьці захапляць.

У сям’і Канановічаў перакананы, што шмат увагі патрэбна ўдзяляць дзецям і развіваць іх інтарэсы. Старэйшыя і малодшыя часта бываюць разам: з бацькам катаюцца на веласіпедзе і лепяць, з маці пішуць і малююць — займаюцца цікавымі справамі.

Ганна і Маргарыта наведваюць першы клас Мірскай сярэдняй школы. У першай палове дня, калі яны ў школе, маці займаецца з хлопчыкамі, а ў другой — з  дзяўчынкамі-школьніцамі. Вечарам усе разам чытаюць цікавыя кнігі, і на прыкладзе герояў прачытаных аповедаў дзеці вучацца, як сябраваць і як паводзіць сябе ў розных складаных сітуацыях.

“Дзеці — кветкі жыцця” — гэты выраз вядомы Святлане Васільеўне і Андрэю Канстанцінавічу. Мараць, каб гэтыя кветкі цвілі не толькі ў іх агаро-дзе, а ўсе бацькі сваю любоў імкнуліся аддаць сваім дзецям. Па іх меркаванні, чалавек павінен несці адказнасць за свае ўчынкі і быць прыкладам для тых, каму падарыў жыццё.

Святлана Васільеўна мясцовая: яе маленькая радзіма — г. п. Мір. Андрэя Канстанцінавіча лёс закінуў на Карэліччыну выпадкова, але не шкадуе аб гэтым, бо прыжыўся тут.  Размяшчэнне старажытнага пасёлка радуе: непадалёку знаходзяцца Стоўбцы, Нясвіж, Мінск. Ды і занятак знайшоўся: ён — муляр Мірскага ўчастка ААТ “Белрэстаўрацыя”.

Сам  з вёскі Краі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. На Брэстчыне жыве брат Іван са сваёй сям’ёй, у якой выхоўваецца пяцёра дзяцей, а яго абранніца таксама з мнагадзетнай сям’і, у якой расло аж дзесяць малых.

— Усё залежыць ад чалавека,— гаварыў у час сустрэчы Андрэй Канстанцінавіч. — Некаторыя мяркуюць: навошта клапаціцца пра іншых і прысвячаць ім жыццё. Для другога ж гэта ў радасць. Так і дзеці, яны — надзея ў маладосці і апора ў старасці. Хочацца, каб выраслі дастойнымі людзьмі. Мы робім усё для таго, каб не пашкадаваць на схіле гадоў, і яны знайшлі сябе ў жыцці.

 *      *       *

Да ўзнагароджання Ордэнам Маці Святлана Васільеўна Канановіч аднеслася з разуменнем і спакойна адрэагавала на высокую ўзнагароду.

— Не дзеля яе старалася, — зазначыла маці пецярых дзяцей. — Галоўнае — дзеці, дзеля іх жыву, усе думкі аб іх сённяшнім і заўтрашнім дні.

Сям’ю Канановіч наведаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Р. Ю. Абрамчык і ўручыў узнагароду. Прадстаўнікі Мірскага сельскага Савета прыйшлі павіншаваць з гэтай нагоды не з пустымі рукамі — прынеслі каштоўны падарунак мнагадзетнай сям’і.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.