У РДК прайшоў раённы конкурс «Дзве зоркі-2»

Две заезды 191

Конкурс праводзіўся з мэтай стварэння ўмоў для рэалізацыі здольнасцей і творчага патэнцыялу насельніцтва, павышэння выканальніцкага майстэрства, пошуку і выяўлення сучасных форм арганізацыі вольнага часу насельніцтва, рознабаковага развіцця асобы.
Пры ацэнцы выступленняў улічваліся мастацкае афармленне нумару і арыгінальнасць выступлення, узровень выканальніцкага майстэрства, цэласнасць нумару, эстэтыка і культура выканання, артыстызм.
Зорныя дуэты. Іх дзесяць!
Зорныя дуэты складаліся з добра вядомых прадстаўнікоў галіны культуры і кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Да таго ж, яны шмат і шчыра працавалі і дабіліся пэўных вынікаў.
Надзвычай уразілі вядучыя, якія першымі выйшлі на сцэну. Яны — дзве зоркі, і іх смела можна «прыплюсаваць» да дзевяці асноўных зорных дуэтаў. Гэта намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню, маёр унутранай службы Аляксандр Кісель і дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры» Інга Лазарэвіч.
На працягу ўсёй шоу-праграмы гэтыя зоркі сваімі промнямі асвятлялі творчы шлях удзельнікам конкурсу, а іх словы былі падтрымкай у няпростых сітуацыях. Прысутным у зале яны дапамагалі ўзняць настрой і знаёмілі з зорнымі дуэтамі, выступленне якіх выклікала вялікую цікавасць.
«Праз танец я жыву…»
Першым на сцэну выйшаў зорны дуэт у складзе намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольгі Куляка і былога дырэктара Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Іосіфа Улана з песняй «Разговор со счастьем». Дарэчы, яны былі ўдзельнікамі мінулай шоу-праграмы «Дзве зоркі».
Цікавасць да гэтай зорнай пары не прапала і пасля правядзення конкурсу. Вольга Куляка ахвотна падзялілася сваімі думкамі.
— Быць першымі — заўсёды адказна і нялёгка, — адзначыла яна. — Ставіцца задача: «запаліць» гледачоў у зале, і мы стараліся гэта рабіць. У гэты раз песня мела больш глыбокі змест і заклікала жыць надзеяй — і шчасце прыйдзе. Вось радкі: «Тот, кто ждет, все снесет, как бы жизнь ни била».
Суразмоўца прызналася, што вельмі любіць танцаваць, «танец — гэта перадача гледачу сваіх адчуванняў», «праз танец чалавек жыве». Паведала аб тым, што прызавое месца — гэта прыемна, але галоўнае — удзел у конкурсе, які дае энергетычны зарад і рух наперад.
Кожны таленавіты па-свойму
І сапраўды, выступленне кожнага зорнага дуэта заварожвала па-свойму. А ўсведамленне таго, што ўдзельнікі конкурсу жывуць і працуюць на Карэліччыне, выклікала яшчэ большую павагу і цікавасць да іх. У знак падтрымкі і ўдзячнасці гучалі апладысменты гледачоў, а з выхадам на сцэну новай зорнай пары яны станавіліся больш гучнымі, і шоу-праграма набірала ўсё большы размах.
Мне як аўтару гэтых радкоў хочацца назваць усе зорныя дуэты: вядучы метадыст РМЦ НТ Наталля Шпакоўская і старшыня прафсаюзнага камітэта РУП ЖКГ Аляксандр Дземідовіч (песня «Помоги мне»), рэжысёр Карэліцкага раённага Дома культуры Міхаіл Башко і намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК імя Чарняхоўскага Алена Макар (песня «Самолетик»), рэдактар раённага радыё Іна Санчук і дырэктар ДУА «Жухавіцкая школа мастацтваў» Дзмітрый Малышчык (песня «Проводы любви»), урач-фізіятэрапеўт Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Шашко і хормайстар Карэліцкага раённага Дома культуры Ірына Караняка (песня «Комарово»), дырэктар Малюшыцкага ЦСДК Максім Кудзін і начальнік Карэліцкага раённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Іна Харошка (песня «Ту-ту-ту»), дырэктар ДУА «Карэліцкі прафесійна-будаўнічы ліцэй» Сяргей Тур і хормайстар Карэліцкага раённага Дома культуры Алеся Швабовіч (песня «Глухонемая любовь»), начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В. К. Рыбак і медыцынская сястра дзіцячага аддзялення Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Кацярына Міснікевіч (песня «Чумачечая весна»), дырэктар КСУП «Племзавод Карэлічы» Сяргей Брынкевіч і ўдзельніца эстраднага калектыву «Art Sneh» Наталля Саўко (песня «Жиган-лимон»).
Лідар у жыцці і зорка на сцэне
Усе канкурсанты стараліся ў час падрыхтоўкі да шоу-праграмы і імкнуліся спаўна выкладвацца на сцэне. Але на тое і конкурс, каб у ім былі вызначаны пераможцы. Першае месца было аддадзена зорнаму дуэту ў складзе Іны Харошка і Максіма Кудзіна, другое — Алесі Швабовіч і Сяргею Туру, трэцяе — Наталлі Саўко і Сяргею Брынкевічу.
Дыпломам РА РГА «Белая Русь» «За яркае ўвасабленне вобраза» і каштоўным падарункам узнагароджаны Іна Санчук і Дзмітрый Малышчык.
Прыз глядацкіх сімпатый атрымалі Аляксандр Шашко і Ірына Караняка.
Сустрэча з пераможцай шоу-праграмы «Дзве зоркі-2» Інай Харошка аказалася даволі цёплай і пакінула добрае ўражанне. Яна — лідар у жыцці і зорка на сцэне.
— Я была на сцэне такой, якая ў жыцці, — сказала суразмоўца. — Мой партнёр Максім Кудзін аказаўся творчым і надзейным, таму нумар удаўся. Словы ўдзячнасці адрасую галоўнаму рэжысёру шоу Сняжане Зубовіч за творчыя ідэі, стварэнне іміджу і дапамогу ў пастаноўцы нумара. Неабыякавымі да майго ўдзелу ў конкурсе аказаліся родныя, сваякі, сябры, калегі, а гэта, вядома, падтрымлівала. Прыемна здзівіла і тое, што сапернікі хваляваліся адзін за аднаго і дапамагалі рыхтавацца да выступленняў.
Шоу-праграма «Дзве зоркі-2» — сапраўдны падарунак да новага года. У мяне ёсць творчая іскрынка, але патрэбны быў выхад у свет, і ён адбыўся. Шмат атрымала добрых водгукаў ад знаёмых аб тым, што наш дуэт сыграў цудоўна, і гэта акрыляе. З задавальненнем адгукнуся на новыя творчыя прапановы, бо ўдзел у шоу-праграме ўнёс шмат пазітыву ў маё паўсядзённае жыццё.
Прызнанне і пажаданне
У прамове старшыні райвыканкама В. Л. Шайбака прагучала ўдзячнасць за арганізацыю творчага вечара і тыя хвіліны, што ўдзельнікі падарылі гледачам. Нагадаў аб тым, якія значныя падзеі будзем адзначаць сёлета — 70-годдзе Вялікай Перамогі і 75-годдзе з дня ўтварэння раёна — і якія работы будуць праводзіцца па абуладкаванні шэрагу аб’ектаў.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што ўдзельнікі мерапрыемства таленавітыя на сваіх рабочых месцах, але яны паказалі свой талент і на сцэне — зарадзілі сваёй энергіяй на новыя поспехі. Павіншаваўшы з Новым годам, пажадаў усяго самага светлага ў жыцці: шчасця, радасці, душэўнасці і суперажывання. І каб новы год быў знамянальным на добрыя падзеі.
Аб тым, што свята атрымалася, гаварыў у сваім выступленні і старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў. Нямала ўкладзена ўдзельнікамі ў яго правядзенне працы і перажыванняў. «Розныя па характары і з розных галін дзейнасці раёна, удзельнікі былі яркімі на сцэне. Гэта не конкурс, а сапраўднае шоу», — зазначыў прамоўца.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. А. Маісеенка падзякавала ўдзельнікам конкурсу за тое, што дасягнулі добрых вынікаў — былі яркімі і артыстычнымі. Выказала надзею, што будуць сустракацца і надалей.
Канкурсантам шоу-праграмы былі ўручаны ўзнагароды.
Слова пра калег
З Аксанай Скок, інспектарам групы прапаганды і навучання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сустрэліся пасля правядзення шоу-праграмы «Дзве зоркі-2». Вось што яна сказала: «Хочацца выказаць словы вялікай удзячнасці арганізатарам і ўдзельнікам за падаранае свята для душы. За час шоу атрымала мноства станоўчых эмоцый і наяве пазнаёмілася з таленавітымі людзьмі раёна. Адчуванне пачуцця гонару за артыстычныя здольнасці свайго кіраўніка Віталія Канстанцінавіча Рыбака і яго намесніка Аляксандра Леанідавіча Кісяля».
Я вырашыла пагутарыць і са сваёй калегай Інай Санчук. Праўда, сваімі меркаваннямі не толькі яна падзялілася, але і Дзмітрый Малышчык. На тое ж зорны дуэт!
Дзмітрый: Шоу-праграма нават для творчага чалавека — гэта песенны конкурс выканаўцаў. Дэманструючы сваё майстэрства ў дуэце, нясеш адказнасць за свайго партнёра. Самае складанае — падабраць рэпертуар. Песня «Проводы любви» была выбрана не выпадкова — яна падыходзіць нам па характары. Чалавекам авалодваюць успаміны — кожнаму ёсць што ўзгадаць…
Іна: Гэта песня не новая. Людзі пажылога ўзросту ўспомнілі сваю маладосць, а гэта для іх так важна.
Дзмітрый: Рэпертуар павінен быць разнастайным, каб закрануць кожнага гледача. І гэта атрымалася.
Іна: Дзякую за тое, што запрасілі прыняць удзел у конкурсе галоўнаму рэжысёру Сняжане Зубовіч, гукарэжысёру Аляксандру Калядзе і ўсім гледачам за падтрымку.
Дзмітрый: Конкурс — гэта праверка прафесійных якасцей для сябе асабіста. Спадзяёмся на далейшае творчае супрацоўніцтва.
Іна: І ўсё-такі наша песня — аб паўсядзённым жыцці і аб тым, што адбываецца з намі. Мы рады, што прынеслі людзям радасць і ўзнялі настрой. Дзеля гэтага і стараліся.
Без іх шоу магло не адбыцца
Арганізатар шоу-праграмы «Дзве зоркі-2» — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Удзельнікі конкурсу ўдзячны галоўнаму рэжысёру-пастаноўшчыку, мастацкаму кіраўніку шоу-праграмы, дырэктару ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» Сняжане Зубовіч.
Прамую відэатрансляцыю з удзельнікамі шоу вялі Снягурачка — галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Абрамчык і аператар — спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Яўген Жэбрак.
У правядзенні шоу-праграмы прынялі ўдзел танцавальны калектыў Мірскага ГДК (кіраўнік Дзмітрый Пуйша), творчы калектыў Карэліцкага РДК, танцавальны калектыў ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» (кіраўнік, памочнік рэжысёра Людміла Кудрыцкая), гукарэжысёр, светлатэхнік, музычны кіраўнік шоу-праграмы Аляксандр Каляда. Дзякуючы іх старанням і майстэрству свята адбылося — стала сапраўдным шоу.
Гавораць, калі зоркі запальваюць, значыць гэта каму-небудзь трэба. Сапраўды, няхай яркае святло нашых зорак надоўга сагравае сэрцы і напаўняе іх Верай, Надзеяй і Любоўю.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны ЛЕЙКА.

Две заезды 004

Две заезды 020

Две заезды 033

Две заезды 051

Две заезды 059

Две заезды 075

Две заезды 114

Две заезды 163

Две заезды 228

Две заезды 229

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.