Адбыўся раённы злёт перадавікоў народнай гаспадаркі

пятница 067

Люты на зыходзе, і па традыцыі ў гэты перыяд падсумоўваюцца вынікі зробленага за мінулы год, вызначаюцца напрамкі і перспектывы далейшай работы, далейшага развіцця і, вядома, ушаноўваюцца лепшыя ў розных галінах вытворчай дзейнасці. Менавіта гэтаму быў прысвечаны раённы злёт перадавікоў народнай гаспадаркі, які адбыўся ў раённым Цэнтры культуры  і народнай творчасці пад назвай “Гонар і пашана па працы”.

Адкрыццё ўрачыстага мерапрыемства старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак пачаў са слоў удзячнасці кіраўнікам-ветэранам, тым, хто закладваў падмурак сённяшнім здабыткам працаўнікоў раёна. Сярод іх былыя: кіраўнік калгаса “Ленінскі шлях” І. М. Паўловіч, начальнік райсельгасхарчу А. А. Багушэвіч, начальнік РВЭС М. М. Троска, начальнік ДРБУ-158 У. К. Бабанскі, упраўляючая ААТ “Белаграпрамбанк” А. І. Макар, дырэктар Мірскага спіртзавода Г. Д. Янкоўскі, старшыня СВК “Маяк-Заполле” С. В. Лычкоўскі, кіраўнік Варанчанскага спіртавога завода В. У. Кітун, старшыня СВК “Маяк-Заполле” І. М. Шыш, намеснік начальніка райсельгасхарчу В. Д. Мітлашкоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Л. І. Нагорная, начальнік раённага аддзела народнай адукацыі В. В. Шэўка.

— Здабыткі мінулага года, — працягваў Віктар Леанідавіч, — былі невыпадковыя, а сталі вынікам сістэмнай, мэтанакіраванай, добрасумленнай працы работнікаў народнагаспадарчага комплексу раёна.

Усе прагнозныя паказчыкі ў аграпрамысловым комплексе выкананы. Атрымана 120 тысяч тон зерня (у вазе пасля дапрацоўкі) пры сярэдняй ураджайнасці 53,7 ц/га, 205 тыс. т цукровых буракоў пры ўраджайнасці 515 ц/га, 2100 т ільновалакна пры ўраджайнасці 12,7 ц/га, 5528 кг малака ад каровы, а валавы надой склаў 68 тыс. т, рэалізавана на перапрацоўку больш як 65 тыс. т, намалочана 5430 т рапсу пры сярэдняй ураджайнасці 32,7 ц/га.

Пра такія паказчыкі мы некалі марылі. Сёння яны сталі явай і з кожным годам павялічваюцца. У гэтым вялікая заслуга кіраўнікоў перадавых гаспадарак І. М. Шыша (СВК “Маяк-Заполле”), У. А. Галавача (калгас “Свіцязянка-2003”), М. А. Гавіны (СВК “Лукі-Агра”), Д. Д. Янкоўскага (СВК “Жухавічы”), упраўляючых вытворчых участкаў І. П. Гавакі і В. А. Трафімчыка з СВК “Маяк-Заполле”, Ю. Г. Фурса з калгаса “Свіцязянка-2003”, В. М. Грамыкі з СВК “Жухавічы” і многіх іншых аграрнікаў, якія ад укладзеных у зямлю сродкаў і працы змаглі атрымаць максімальную аддачу.

Няпроста сёння працаваць у жывёлагадоўлі, але тыя 702 грамы сярэднясутачных прываг атрыманы дзякуючы створанай трывалай кармавой базе. У раёне рэканструявана 11 жывёлагадоўчых аб’ектаў. Будуецца сучасны свінагадоўчы комплекс у СВК імя Чарняхоўскага коштам 180 мільярдаў рублёў. Увод аб’екта ў чэрвені бягучага года.

За два гады ў раёне асвоена на рэканструкцыі аб’ектаў жывёлагадоўлі ўласнымі сіламі больш як 159 мільярдаў рублёў.

У выніку мадэрнізацыі на фермы прыйшлі робаты, удасканальваюцца тэхналогіі кармлення і ўтрымання жывёлы, павялічваецца пагалоўе кароў, паляпшаюцца ўмовы працы і быту жывёлаводаў.

Кіраўнік “раённай вертыкалі” сказаў нямала добрых слоў галоўным спецыялістам сельскай гаспадаркі, інжынернай, агранамічнай, ветэрынарнай службам, калектыву ільнозавода, ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”, якое аказала сваім партнёрам паслуг на 44 мільярды рублёў, адзначыў важкі ўклад у агульную справу будаўнічых арганізацый розных форм уласнасці, банкаў.

Гонарам раёна з’яўляецца УКП БАН (кіраўнік В. П. Сідо). Гэта лепшае прадпрыемства ў вобласці і добра вядомае ў рэспубліцы.

На імідж раёна працуе УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” (галоўны ўрач А. П. Майсак), якая летась заняла першае месца ў вобласці. Пераможцай абласнога спаборніцтва за мінулы год стала сістэма культуры раёна, у якую шмат сіл і творчай энергіі ўклала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н. А. Маісеенка.

На вышыні знаходзіцца і сістэма адукацыі, у якой працуе шмат высокакваліфікаваных кіраўнікоў і настаўнікаў-прадметнікаў.

В. Л. Шайбак падзякаваў удзельнікам урачыстага мерапрыемства за адданасць раёну, адказныя адносіны за даручаную справу, узаемаразуменне і ўзаемапавагу, пажадаў усім здароўя, аптымізму, шчасця і новых працоўных здабыткаў.

Затым старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак, старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў і начальнік райсельгасхарчу С. В. Барычэўскі выканалі ганаровую місію — уручылі заслужаныя ўзнагароды пераможцам раённага спаборніцтва і перадавікам вытворчасці.

У святочным мерапрыемстве прымалі ўдзел дэлегацыі Нясвіжскага, Стаўбцоўскага, Навагрудскага раёнаў і горада Баранавічы, якіх сустрэлі хлебам-соллю.

Выступаючы са словамі віншавання, кіраўнік дэлегацыі Навагрудскага раёна, старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў С. В. Мішарын адзначыў, што сённяшняе свята — гэта свята менавіта чалавека працы, той працы, якая забяспечвае матэрыяльную стабільнасць, дабрабыт усіх жыхароў Карэліцкага раёна. Гэта самае галоўнае ў нашым жыцці.

Навагрудчане шчыра ўдзячныя працаўнікам Карэліцкага раёна за той уклад, які яны ўносяць і ў эканоміку нашага раёна, таму што 65 тысяч тон малака, якія пастаўляюцца на прадпрыемства горада, забяспечваюць рабочыя месцы, дапамагаюць папаўняць і развіваць бюджэтную сферу нашага раёна.

Карэліччане працалюбівыя людзі, актыўныя і ініцыятыўныя. Аб гэтым сведчаць вынікі, дасягнутыя ў 2014 годзе. Нам ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад. Ваш вопыт мы прымяняем у сябе і пакрысе падцягваемся да вас.

Складаныя задачы стаяць перад намі на бягучы год, але ёсць упэўненасць, што мы з імі справімся.

Прамоўца пажадаў удзельнікам урачыстасці міру, спакою, здароўя, шчасця і радасці.

Ад імя працаўнікоў Стаўбцоўскага раёна ўдзельнікаў злёту вітаў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтву А. М. Цывака.

Да яго віншаванняў далучыліся кіраўнік дэлегацыі Нясвіжскага раёна, першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. М. Драгавец і кіраўнік спраў Баранавіцкага гарвыканкама М. М. Хітрык.

У фае раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці былі арганізаваны выставы-продажы з дэгустацыяй прадукцыі Навагрудскай малочнай кампаніі і Слонімскага мясакамбіната.

На другім паверсе дзейнічалі выставы вырабаў майстроў народнай творчасці.

Культурная праграма была падрыхтавана калектывамі мастацкай самадзейнасці раёна.

Слова

ветэранам

і  гасцям

М. М. Троска,

былы начальнік раённага

вузла электрычнай сувязі:

— Запрашэнне на гэта свята лічу прызнаннем маіх заслуг перад раёнам, якому аддаў 37 гадоў свайго жыцця. З маім удзелам у раёне была пабудавана першая ў рэспубліцы аўтаматычная тэлефонная  станцыя, з тых пор сувязісты зрабілі велізарны крок наперад, і я ганаруся тым, што ад прымітыўных сродкаў сувязі мы дайшлі да электронай і мабільнай сувязі, маем доступ у Інтэрнэт і г. д.

У свае семдзесят пяць адчуваю сябе бадзёра і задаволены, што жыў і працаваў не дарэмна.

У. К. Бабанскі,

былы начальнік ДРБУ-158:

— Я равеснік раёна, у лістападзе буду адзначаць 75-годдзе, а ўсё жыццё аддаў будаўніцтву. Працаваў у ПМК начальнікам вытворчага аддзела, вучыўся ў інстытуце, быў назначаны на пасаду галоўнага інжынера МБА, працаваў начальнікам ДРБУ-158 і ганаруся, што арганізацыя была лепшай у раёне і вобласці. У нас прафесія дарожніка сямейная, і маю справу працягвае сын Юрый.

А. А. Багушэвіч,

кандыдат сельскагаспадарчых навук, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі

Рэспублікі Беларусь:

— Сённяшняе свята — гэта настальгія па тых справах, якія мы ажыццяўлялі ў раёне. Наша пакаленне будавала яго. Нават гэты Дом культуры, куды мы накіроўвалі з калгаса імя Жалезняковіча па дваццаць чалавек штодзённа.

Успамінаць можна доўга і пра многае. Гэта і маё свята, увасобленае ў матэрыяльных аб’ектах і справах. Гэта яшчэ і магчымасць добрых сустрэч са сваімі таварышамі.

Жадаю раёну квітнець і развівацца, а людзям жыць заможна, шчасліва і прыгожа.

С. В. Лычкоўскі,

былы старшыня

СВК “Маяк-Заполле”:

— У гэты святочны дзень ад імя ветэранаў хачу пажадаць маладому пакаленню мірнай стваральнай працы дзеля дзяржавы, свайго сямейнага дабрабыту, дзеля сваіх нашчадкаў, але найперш дзеля дзяржавы. Гэта гаспадарка, гэта людзі і клопат аб іх, гэта абавязак кожнага кіраўніка. Незалежна ад узросту кожны кіраўнік павінен будаваць, а іншае выканаюць спецыялісты. Будаваць павінен толькі старшыня, лідар — гэта самае галоўнае.

Пабудаванае ў мае гады глядзіцца нядрэнна і будзе яшчэ доўга служыць людзям.

Так можа сказаць і Іван Міхайлавіч Паўловіч, наш аўтарытэт, у якога вучыліся ўсе спецыялісты раёна і вобласці. Добра развіваюцца СВК “Жухавічы” і “Лукі-Агра”, якія ўзначальваюць Д. Д. Янкоўскі і М. А. Гавіна. Захаваў і прымножыў здабыткі гаспадаркі мой пераемнік І. М. Шыш, дзякуй яму за гэта.

М. М. Хітрык,

кіраўнік спраў

Баранавіцкага гарвыканкама:

— Па-першае, вялікі дзякуй В. Л. Шайбаку за запрашэнне, які даў магчымасць наведаць вашу цудоўную зямлю, азнаёміцца з вашымі дасягненнямі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўнічай галіне, а таксама з вырашэннем набалелых праблем.

Хочацца бліжэй пазнаёміцца з суседзямі і пажадаць удачы.

А. М. Драгавец,

першы намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу:

— Хачу павіншаваць суседзяў з цудоўным святам, калі падводзяцца вынікі. Мы ганарымся запрашэннем прысутнічаць на вашым сходзе і, карыстаючыся магчымасцю, перадаём прывітанне ад вашага земляка Івана Іванавіча Крупко, які ўзначальвае наш раён. Самыя лепшыя пажаданні дабрабыту, здароўя ўсім і ўсяго самага лепшага на цудоўнай карэліцкай зямлі.

Уражвае чысціня, дагледжанасць райцэнтра. Гэта вельмі прыемна.

Прыемна і тое, што раён падрыхтаваны да веснавых палявых работ.

Адным словам, у нас самыя прыемныя ўражанні і самыя добрыя пажаданні. Дай Бог усім вам здароўя!

Станіслаў ЛУКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

пятница 049

пятница 136

пятница 155

пятница 139

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.